Дацягнуцца да нябёсаў Дзе можна палятаць у Беларусі сёння

Фотаздымак, узрост якога перавышае 100 гадоў, прывабіў мяне як даследчыка перш за ўсё неадпаведнасцю дат. У розных крыніцах гэтае фота адносяць і да 1898, і да 1899 года. У адной досыць фундаментальнай працы (не будзем указваць аўтара, каб не пакрыўдзіць) фотаздымак апісаны прыкладна так: «Ідзе падрыхтоўка Мангальф’ера да палёту на паветраным шары ў Губернатарскім садзе ў Менску ў жніўні 1899 года». Між тым агульнавядома, што першы ў свеце палёт свабоднага цеплавога аэрастата браты Мангальф’ер прадэманстравалі ў горадзе Анонэ (Францыя) 5 чэрвеня 1783 года. Магчыма, узнікла блытаніна: другая назва паветранага шара ў той час — мангальф’ер. Мінскія газеты канца XIX стагоддзя захавалі сведчанні зусім іншага палёту паветранага шара, які стартаваў з велатрэка таго ж Губернатарскага сада 26 верасня 1891 года... Хто ведае, ці не гэтая падзея адлюстравана на фота?

Ён сказаў: «Бывайце!»,
але абяцаў вярнуцца...
Цікава, што ў той час мінчане называлі велатрэк, які стаў першым у Мінску вялікім спартыўным будынкам, крыху інакш — цыкладром. Гэта было адно з найбольш папулярных месцаў для адпачынку мінчукоў канца XIX стагоддзя. На цыкладроме былі пляцоўкі для лаўн-тэніса, кракета і кегельбана, гімнастычнае абсталяванне і месца для дзіцячых гульняў. У святочныя дні на цыкладроме прадавалі безалкагольныя напоі, іграла музыка, лэдзі і джэнтльмены маглі ўзяць напракат веласіпед. А ў верасні 1891-га ў Губернатарскім садзе наогул адбылося незвычайнае відовішча, паглядзець на якое сабралася вельмі шмат людзей. Палёт аэранаўта Драўніцкага на паветраным шары, а потым спуск на парашуце апісвала газета «Минский листок». Паводле газетнага артыкула, шар напаўняўся нагрэтым дымам з пастаўленай пад ім печкі, у якой гарэла салома. Паступова шар пачаў набываць правільную форму і нарэшце горда закалыхаўся. Шар быў даволі прыгожы, зроблены з незвычайнага палатна. Карэспандэнт «Минского листка» адзначае, што на шары нямала лат, якія сведчаць пра пашкоджанні падчас мінулых палётаў. Далей падзеі развіваліся вельмі хутка і нечакана: «Когда парашют прикрепили к шару, г-н Дравницкий крикнул: «Прощайте!» и... помчался. Шар поднялся очень быстро и на значительную высоту. Понесло его на северо-запад. Не прошло и минуты, как он начал морщиться, наклоняться набок, из него повалил дым. Внезапно парашют оторвался от шара вместе с г-ном Дравницким, который очутился в воздушном океане без руля и без ветрил. Первый момент падения был особенно быстрый, затем парашют раскрылся, и падение стало затягиваться». Парашут з экстрэмалам, як сказалі б зараз, зачапіўся за дах аднаго з дамоў на Хрышчэнскай вуліцы (зараз вуліца Інтэрнацыянальная). Паветраны шар упаў у раку. Гледачы адразу ж пакінулі сад і накіраваліся да прыкладнага месца прызямлення парашутыста.
Імя героя
Якое імя насіў першы на Беларусі заваёўнік нябесных сфер? На працягу доўгага часу ніхто не ведаў нават ініцыялаў Драўніцкага. І толькі ў пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя дзякуючы даследаванням Г.Чарненка высветлілася, што паветраплавальнікаў Драўніцкіх было двое! Браты Станіслаў і Юзаф нарадзіліся ў Польшчы, аднак шмат падарожнічалі па Расійскай імперыі. Першы свой спуск адзін з братоў Драўніцкіх зрабіў у Берліне (але не на людзях), потым тры разы ў Варшаве, у Вільні і нарэшце ў Мінску. Паводле даследаванняў дырэктара Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі імя Якуба Коласа Наталлі Бярозкiнай, жыццё Станіслава Драўніцкага было нядоўгім. Летам 1895 года ў Віцебску падчас палёту на паветраным шары ён сарваўся і разбіўся.
Пасля гібелі брата Юзаф Драўніцкі яшчэ доўгі час працягваў паспяхова займацца скачкамі з «парасонам». У 1910 годзе ён зрабіў больш за 400 скачкоў, на той час гэта быў сусветны рэкорд! Юзаф таксама працаваў над распрацоўкай канструкцыі авіяцыйнага парашута, які павінен быў выратаваць не толькі авіятара, але і ўвесь самалёт. У 1917 годзе Юзаф Драўніцкі цяжка захварэў і памёр.
Паляцелі?
Улетку блакітнае і чыстае неба кліча ўсё новых і новых прыхільнікаў палётаў і ўяўнай перамогі чалавека над сілай прыцягнення. Ці ёсць у Беларусі паветраныя шары сёння, якія віды паветраных асалод даступныя нават чалавеку, ніяк не звязанаму з авіяцыяй? Каб высветліць гэта, карэспандэнт «НГ» абзваніла некалькі аэраклубаў, якія сёння ёсць у многіх гарадах нашай краіны. Адносна стабільна працуюць у сферы паветранага спорту два аэродромы, размешчаныя недалёка ад сталіцы: гэта Баравая і Хожава (Маладзечна). Аэраклубы ёсць у Гродне (дропзона «Дачнік»), Віцебску (аэрадром «Кукавячына»), Магілёве (Новае Пашкава), Бабруйску, Брэсце, Гомелі. Прыхільнікі паветранага экстрыму ёсць таксама ў Баранавічах, Оршы і Лідзе.
Калі вы марыце скокнуць з парашутам, гэта можна зрабіць двума спосабамі. Першы — скокнуць самастойна з круглым дэсантным парашутам пасля адпаведнага інструктажу. Другі — паляцець у тандэме з вопытным інструктарам з парашутам-крылом. Абодва спосабы лічацца досыць бяспечнымі і надзейнымі, але ёсць пэўныя адрозненні. У першым выпадку свабоднае падзенне займае ўсяго некалькі імгненняў. Калі ж выбраць «тандэм», ляцець свабодна можна да сарака секунд. Як паведаміў кіраўнік штаба Цэнтральнага аэраклуба ДТСААФ (пасёлак Баравая, за МКАД, Лагойская траса) Аляксандр Бурка, дэсант на асноўным парашуце Д-5 або Д-6 з вышыні 900 метраў каштуе 73 000 рублёў (35 у.а.), скачок у тандэме з інструктарам з вышыні 3000 метраў — 250 тысяч рублёў (115 у.а.). Магчымы паветраныя відэаздымкі вашага гераічнага ўчынку і перамогі над сабой. Па словах Аляксандра Дзмітрыевіча, скачкі з парашутам карыстаюцца вялікім попытам у моладзі, асабліва сярод 16—20-гадовых маладых людзей. Ёсць і выключэнні: спрабуюць сябе ў якасці парашутыстаў і больш сталыя людзі, якім даўно за сорак. За адзін дзень у Баравой пры спрыяльным надвор’і могуць скокнуць 30—35 чалавек. Жадаючых так многа, што нават прыходзіцца запісваць у чаргу.
У Віцебску самастойны скачок будзе каштаваць 50 тысяч рублёў. Як паведаміў кіраўнік Аршанскага аэраклуба, у гэтым горадзе скачок з парашутам будзе каштаваць не менш за 25 долараў ЗША. Гэта тлумачыцца высокай платай за арэнду самалёта — 1200—1300 тысяч рублёў за гадзіну палёту. За гэты час могуць скокнуць дзве групы парашутыстаў па шэсць—дзесяць чалавек. На жаль, хоць жадаючых і многа, аэраклуб — усяго толькі грамадскае аб’яднанне, і рэсурсаў на палёты не заўсёды хапае. У Гродна скокнуць з парашутам сёння каштуе 62 тысячы рублёў.
Акрамя палётаў з парашутам беларусам даступныя і многія іншыя нябесныя радасці. Так, у Баравой можна пакатацца на верталёце Мі-2 (за 20 хвілін кожны з пяці пасажыраў павінен заплаціць 69 тысяч рублёў), на самалёце АН-2 (за тыя ж 20 хвілін кампанія з дзесяці чалавек плаціць 364 тысячы). Гэтыя «экскурсіі ў неба» карыстаюцца вялікім попытам у маладых і іх гасцей на вяселлі. Калі маеце добрае здароўе, можаце пакатацца на ЯК-52 (190 тысяч рублёў за 15 хвілін). Пілот прадэманструе вам петлі, паўпетлі і «бочку», можа дазволіць і крыху «паруляваць». У Віцебску таксама можна пакатацца на верталёце (6 хвілін — 20 800 рублёў).
Ці маюцца ў нашай краіне ўласна паветраныя шары? Вядома, ёсць, хоць і не так шмат, як, напрыклад, у Расіі ці Украіне. Усяго іх тры ці чатыры. Два аэрастаты знаходзяцца ў Гродне і належаць мясцоваму аэраклубу. Як расказаў Андрэй Царык, сын заснавальніка і кіраўніка Гродзенскага аэраклуба, прыгожы сіні з белым аэрастат быў куплены ў 2003 годзе, другі шар — рознакаляровы — у 1993-м, і абодва спраўна падымаюцца ў неба. Пракаціцца на шары над вячэрнім Гродна (на заходзе сонца вецер амаль сціхае) удваіх каштуе 160 долараў ЗША, аднаму (зразумела, з пілотам) — 125 долараў. Па словах Андрэя, яшчэ два паветраныя шары ёсць у Мінску, аднак адзін не дзейнічае. Нам удалося знайсці пілота другога шара Георгія Урбановіча, які паведаміў, што пакуль што камерцыйных палётаў у Мінску не праводзіцца, толькі дэманстрацыйныя палёты падчас святаў. Паветраныя шары вельмі запатрабаваны падчас шматлікіх святаў, асабліва ўлетку. Мала іх таму, што для пакупкі патрэбны спонсары — аэрастат каштуе не менш як 15—20 тысяч долараў ЗША. Аднак Георгій Урбановіч абнадзеіў, што хутка ў Мінску з’явіцца яшчэ адзін паветраны шар.
Мара паляцець вабіць многіх, некаторыя, як Станіслаў Драўніцкі, не пашкадавалі аддаць за яе жыццё. Сёння парашуты нашмат больш надзейныя. Можа, варта ажыццявіць мару менавіта гэтым летам?

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter