Дасягненнi вышэйшага софту

Наша камп’ютарная эліта ў апошнія гады прыкметна маладзее

Наша камп’ютарная эліта ў апошнія гады прыкметна маладзее.

З камп’ютарамі і смартфонамі сёння лёгка спраўляюцца нават пажылыя. Што ўжо казаць пра людзей сярэдняга ўзросту і моладзь. Аднак існуе меркаванне, што нашае насельніцтва ўсяго толькі карыстальнікі, але ніяк не стваральнікі праграмнага прадукту. Ці так гэта? Ці праўда, што беларускага софту не існуе і нам зусім няма чым ганарыцца?

З гульнявымі і камунікатыўнымі праграмамі для Андроіда, у ліку якіх даволі вядомыя «Viber» , знакамітыя «Танчыкі» і «Вясёлая ферма», дарэчы, перакладзеная больш чым на 20 моў свету, не знаёмы хіба што лянівы. А гэта ж, калі паглядзець глыбей, не што іншае, як прадукт «мэйд ін Беларусь». Як патрыятычна адзначаюць самі аўтары, вынік якаснай беларускай адукацыі, заснаванай на сусветных інавацыйных падыходах.

Іншая справа, што можа скласціся ўражанне быццам беларусы моцныя толькі ў «лёгкім жанры». А гэта далёка не так. З-пад клавішы нашых майстроў выходзяць праграмы самай рознай накіраванасці, у тым ліку інфармацыйнай і сацыяльнай. Дзякуючы беларускаму софту мы, часцяком абсалютна не задумваючыся над аўтарствам, лягчэй арыентуемся ў горадзе, даведваемся пра расклад транспарту, нават маем магчымасць заўсёды мець пад рукой тэксты Канстытуцыі і Крымінальнага кодэкса.

Зрэшты, а што мы здзіўляемся? Калі да айчыннай падрыхтоўкі спецыялістаў і ёсць некаторыя нараканні, то ўжо дакладна не да праграмістаў, якія штогод прывозяць дадому ўзнагароды з усіх міжнародных конкурсаў. У тым ліку чэмпіянатаў па праграмаванні. Гаворачы пра гэтыя значныя перамогі, міністр адукацыі Сяргей Маскевіч адзначаў, што гэта міжнароднае прызнанне беларускай школы праграмавання. Такога ж меркавання прытрымліваюцца і за мяжой. І згодна з сусветным рэйтынгам карпарацыі «TopCoder» беларускія камп’ютаршчыкі ўваходзяць у пяцёрку лепшых.

Што цікава, наша камп’ютарная эліта ў апошнія гады прыкметна маладзее. І, дарэчы, менавіта юныя праграмісты актыўна асвойваюць сацыяльную і адукацыйную сферы, прычым з яркім беларускім ухілам. Так, з нядаўняга часу на базе Android- смартфонаў можна азнаёміцца з відэаінструкцыямі да лабараторных работ па фізіцы для 6-га класа, аўтарамі якіх сталі рабяты з Пліскай школы Смалявіцкага раёна. На гэтым планы школьнікаў на чале з іх настаўнікам не заканчваюцца. Калектыў хоча стварыць старонку ў інтэрнэт-энцыклапедыі, прысвечаную раёну і школе. Яшчэ адной цікавай распрацоўкай павінен стаць мабільны дадатак, прысвечаны беларускаму фальклору.

100 тысяч слоў Руска-беларускага слоўніка, каля 50 тысяч слоў Беларуска-рускага слоўніка, а таксама каля 100 тысяч слоў Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы ўтрымлівае вынаходка іншага юнага аўтара — гімназіста Аляксандра Смоліка. Чым не рэальны крок да папулярызацыі беларускай мовы?! Дарэчы, менавіта імкненне дапамагчы ўсім жадаючым у яе вывучэнні стала для маладога чалавека галоўнай рухаючай сілай. Не менш прыемна, што на рахунку гімназіста — некалькі праграм сацыяльнай накіраванасці: дадатак «Анёл» для групы валанцёраў, якія дапамагаюць у пошуку людзей, а таксама AvtoDroid.by для барацьбы з парушальнікамі правілаў паркоўкі ў Мінску.

Не ўзнікае ніякіх сумненняў, што беларуская IT-галіна валодае вялікім патэнцыялам. Гэта тычыцца як здольных маладых людзей, генерыруючых цікавыя ідэі, так i айчыннай школы праграмавання ў цэлым. Праўда, сёння, на вялікі жаль, канстатуюць спецыялісты, амаль у 90 працэнтах выпадкаў мы свой праграмны прадукт перадаём на абслугоўванне або прадаём, такім чынам, аддаючы значны працэнт прыбыткаў замежным партнёрам. Не толькі ствараць, але і ажыццяўляць сэрвіс і падтрымку, прыцягваючы неабходныя арганізацыйныя, фінансавыя і чалавечыя рэсурсы, — галоўнае заданне на заўтра.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter