По воспоминаниям Валентины Казяба школьники начали поисковый проект

«Даставай, старшыня, калчаданны агарак»

Героем Сацыялістычнай Працы Валянціна Іванаўна Казяба з Паставіч стала за кок-сагыз у 1951 годзе, яна першая ў Старадарожскім раёне, каго адзначылі вышэйшай узнагародай савецкай краіны.

Валянціна Іванаўна КАЗЯБА ў сваёй хаце.

У 91 год у Валянціны Казяба выдатнае пачуццё гумару, добрая памяць і эрудыцыя. Валянціна Іванаўна прачытала ўсяго Івана Навуменку і Васіля Быкава, не прамінала навукова-папулярных часопісаў, адкуль і пра асаблівасці вырошчвання незнаёмай вяскоўцам сярэднеазіяцкай культуры даведалася. Яна адцягвае пераезд на зіму да дачкі ў горад — сама з дапамогай сацработніка спраўляецца ежу прыгатаваць, посуд памыць, печ выпаліць. Можа і прыпеўкі праспяваць.

Хата ў Героя Са­цы­яліс­тычнай Працы не­вя­лікая і сціплая. Не верыцца, што ў двух пакойчыках вырасла трое дзяцей. Усё турбавала мужа будавацца, а ён аднекваўся: “Колькі нам трэба, нядоўга тут жыць.” У вяскоўцаў былі іншыя каштоўнасці — каб паважалі і не сорамна было перад людзьмі, каб выгадаваць сумленных і працавітых дзяцей.

Вайну памятае, як уча­раш­ні дзень. На­ра­дзі­ла­ся Ва­лян­ціна Казяба, у дзявоцтве Дарошка, у вёсцы Паставічы, дзе і пражыла ўвесь век. У сям’і гадавалася пяць дачок. Вайна пачалася для яе ў шэсць раніцы 27 чэрвеня, калі дзяцей разбудзіў бацька: “Уставайце — новая ўлада прыйшла”. У вакне 14-гадовая дзяўчынка ўбачыла салдат з закасанымі рукавамі і аўтаматамі наперавес. На другі дзень у іх школе размясцілася камендатура, а мужчын пагналі на работу. Бацьку загадалі збіраць і вазіць малако на прыемны пункт маслазавода ў Новыя Дарогі. Пра тое, як у немцаў пад носам укралі бітон з вяршкамі, прызнаецца мая суразмоўца, ні з кім не дзялілася: “Вам раскажу”.

У першы год партызаны нічым сябе не праяўлялі, а ў 1942-м ужо давалі аб сабе знаць: слуп дзе падпіляць, чырвоны сцяг павесяць, мост узарвуць. Нехта з атрада выйшаў на дырэктара маслазавода, той — на Івана Дарошку і папрасіў любым чынам даставіць у лес масла. Бацька тайна прывёз дадому вяршкі з-пад сепаратара, за ноч Валя з маці збілі масла, закінулі галушкі назад у бітон. Патрэбна было яго неяк перадаць партызанам, а ў вёсцы Новыя Дарогі стаяў нямецкі пост, дзе Дарошку заўсёды спынялі: то малака папросяць, то закурыць. Ехаць с такім грузам небяспечна. Валю ж, якая раз-пораз падмяняла бацьку, не чапалі, бо аднойчы тая нарабіла крыку, што даложыць каменданту пра ўсе “выбрыкі” паставых. Вось і выправілі дзяўчо на прыемны пункт. Загадзя з хлопцам з іншай вёскі дагаварыліся, што той забярэ масла. Паклала на бітон пугу — гэта быў знак, якую ёмістасць трэба перагрузіць, а сама давай немцам зубы загаворваць, маўляў, у бацькі панос, дай, пан, таблетку. Потым пачала цыганіць другую. Завязала лекі ў ражок хусткі, з гумарам расказвае мая гераіня:

Валянціна Іванаўна КАЗЯБА выгадавала дзяцей без дэкрэтнага адпачынку, можна сказаць, прама ў полі.

— Пакуль мы там вазіліся, хлопец пазначаны бітон узваліў на воз і пагнаў з усёй моцы каня. “Кляйне рускі кіндэр фуліган”, — услед паківаў галавой вартавы. Я кажу: “Так, фуліган”. А сама ходу.

Слухаю Валянціну Іванаўну разам з яе дачкой Галінай:

— Колькі чую маміны ўспаміны, заўсёды цікава.

Мне ж здаецца, што ў Валянціны Іванаўны на­збі­ра­ец­ца эпізодаў на цэлы вострасюжэтны фільм — захапляльны і трагічны адначасова. Між тым з-за сціпласці яна не далучае сябе да партызанаў. Кажа, што толькі крышачку ім дапамагла.

Адна з тых падзей знайшла працяг у нашы дні. Падчас выхаду з акружэння рэшткі часці Чырвонай Арміі вялі баі каля Паставіч. Аднойчы на ўскрайку жытнёвага поля Валя знайшла забітага чырвонаармейца. З гімнасцеркі выцягнула дакументы і запомніла прозвішча — Тамурка Іван Аляксандравіч, 1922 года нараджэння, украінец, лейтэнант. Ваенны білет засунала назад у кішэню. Сем чалавек тады закапалі ў канцы вёскі. Пахаваць гэтага салдата не змаглі — перашкодзілі немцы. Потым цела знікла. Да сённяшняга дня Валянціну Іванаўну непакоіць думка: “Ці ведаюць родныя загінуўшага, дзе знайшоў ён вечны спачын?” Падзялілася сваімі перажываннямі са школьнікамі, і тыя вырашылі пачаць пошук. Сёння многія звесткі змешчаны на сайце “Памяць народа” і іншых інтэрнэт-рэсурсах, можна знайсці герояў вайны: адкуль прызываліся, дзе пахаваныя. Ці засталася радня, можна даведацца ў ваенкамаце. Так яе ўспамін выліўся ў цэлы школьны праект, магчыма, і адшукаюцца сляды лейтэнанта з Украіны.

З вайны бацька прыйшоў інвалідам. Перабіла спіну, калі наводзіў переправу цераз Буг: зляцеўшая зверху свая склала яго ўдвая. Дадому прыйшло ад яго пісьмо: “Жана, мая дарагая. Не буду на вас крыўдзіцца. Калі адмовіцеся ад мяне, то забяруць у дом інвалідаў”. Маці Матрона Архіпаўна была непісьменнай, і Валя пад яе дыктоўку ў той жа дзень напісала адказ, каб хутчэй вяртаўся дадому. Які ёсць. Са шпіталю тату прывезла жанчына, якую далі для суправаджэння. Валя распісалася ў паперы, што перададзены пацыент з рук на рукі, і дружная сям’я Дарошкаў пачала змагацца за бацькава здароўе.

Валянціна КАЗЯБА з сяброўкамі, 50-я гады.

Дзед зрабіў спецыяльныя казлы, каб Івану было зручна пілаваць дровы. Дачка стаўляла карыта, каб даставаць да ручкі пілы, і кожны дзень яны разразалі адно бервяно. Такая вось фізкультура. Праз год бацька мог сам троху прысядаць, праз тры — пачаў рухацца, нават спрактыкаваўся капаць бульбу. Мама ўпраўлялася, а ён пілаваў дровы.

У школу Валянціна больш не пайшла, бо трэба было вучыць малодшых. Так і вазіла малако — цяпер у калгасе імя Сталіна. У торбе — дрот і кусок вяроўкі. Пасля вайны якая калгасная маёмасць? Адарвецца гуж, прывязвала, выпадзе загваздка, заганяла палку. Конь трапіўся ёй высокі, непаваротлівы, не слухаўся возніка і спыняўся. Тады кемлівая дзяўчына на доўгі дубец чапляла пучок травы, вешала праз дугу перад яго мордай, і Адольф (клічку далі з-за нязгэбнасці канякі) ішоў наўздагон прыманцы.

Добра памятае старшыню Кузьму Ісаевіча Завесіна: “Сапраўдны гаспадар”. З ім на калгасных палях і асвойвалі тэхналогію вырошчвання кок-сагызу метадам спроб і памылак. “Тэхналогія”, канешне, моцна сказана. Як хочаш, а ўраджай збірай, бо краіне патрэбна была сыравіна для вырабу рызіны. Спачатку пасеялі лентамі, як моркву, на ўзаранай балаціне — без апрацоўкі і ўгнаенняў. Нават па пяць цэнтнераў не сабралі з гектара. Карэньчыкі, а менавіта ў іх утрымліваецца каўчук, выраслі тонкія, нібы павуцінне. На наступны год — гнездавым спосабам. Той жа вынік. Прачытала ў нейкай брашуры, што неабходна ўносіць медзь пры пасеве, успамінае Валянціна Іванаўна:

У 70-80-я гады.
— Даставай, кажу, старшыня, калчаданны агарак. Кузьма Ісаевіч і сам пра тое чуў, ды дзе ўзяць? Адкуль Завесін раздабыў агаркі, не ведаю, але на трэці год у глебу іх насыпалі. Зрабілі маркерам адмеціны і сеялі па кругу. Да 30 каліваў адразу ўзыходзіла. А восенню вачам не паверылі — карэнні тоўстыя, ці не як у дзьмухаўца. Рвалі іх, запіхвалі ў мяшкі, а ноччу дома ўсёй сям’ёй адразалі вяршкі, назаўтра здавалі. Лісток у расліны бліскучы, эластычны, але тугі. Малачко з карэньчыка застывае і становіцца, як гума. Паглядзеў тата на такую цяганіну і прыдумаў шуфлем зразаць тугое лісце. Падрыхтуе мне ўчастак, а я следам за чуб карэнні рву і адразу на вагі. Сок не паспяваў выцякаць, ураджай быў больш важкім. Так усіх маіх жанчын са звяна навучыў кок-сагыз убіраць. Восень, вядома, не толькі пара збору ўраджаю, але і вяселляў. Да Валянціны сватаўся хлопец па мянушчы Тэўчык. У Паставічах шмат аднафамільцаў, і каб адрозніваць Непачаловічаў, Бухалаў, Шчэрбаў ды Лапанікаў, кожнаму давалі другое імя. Па прозвішчу ніхто не ведае, а вось па мянушцы адразу пакажуць, дзе хто жыве. Ёсць у вёсцы Крупадзер, Сталін, Камуніст, Бальшавік і нават Троцкі з Калініным. Алена Іванаўна Бухал — Кадрыліха, Іван Мікалаевіч Непачаловіч — Бондар, Івана Казябу чамусьці звалі Тэўчыкам. Ён і закахаўся ў спрытную звеннявую, збіраўся сватоў засылаць, а яна нечакана адмовіла. Валянціна Іванаўна ад душы смяецца:

— Пакуль кок-сагыз не выкапаем, замуж не пайду, сказала свайму жаніху. Як скончым уборку, прысылай сватоў, справім вяселле. Чакаў!

Пасля роспісу старшыня прынес радасць бацьку: “Дарошка, віншую, тваёй Валі далі Героя”. Яна хоць і вяла свой улік, аднак не ведала, што атрымала самы высокі ўраджай у краіне — 50 цэнтнераў з гектара. Бацька радаваўся больш за іншых, а дачка, на дзіва, асаблівых эмоцый не праяўляла: “Усе рабілі, усе героі”. Іншых калгаснікаў тады ўзнагародзілі медалямі. Зладзілі ўрачысты вечар, прыехала начальства з Бабруйска, цэнтра вобласці, да якой адносіліся тады Паставічы. Увесь калгас сабраўся.

Праз які год попыт на кок-сагыз прапаў — СССР атрымаў больш дасканалую тэхналогію вытворчасці сінтэтычнага каўчуку і паспяхова асвоіў яе. Калгас “Дружба” пачаў вырошчваць гародніну, і Казяба зноў паказала сябе. Яе слухаліся, бо паважалі добрую, нястомную ў працы, гумарную і адкрытую сваю звеннявую, якая ганаровае званне пацвердзіла не адзін раз.

З па-чалавечаму вельмі прывабнай гераіняй мы развіталіся ў Старых Дарогах, куды яна ўсё ж паехала з дачкой. Аднак зачыняючы дзверы на замок, запыталася, ці закрыла Галя юшку ад коміна. Бо ведала, што назаўтра вернецца ў родную хату.

klimovich@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter