У Кировского райпо горячее время заготовки

Дастаткова толькі заяўкі

Шчодры ўраджай спее не толькі на палях, але і ў садах, лясах, падворках. Нарыхтоўчая кампанія ў актыўнай фазе. Некаторыя прадаюць лішкі за прылаўкам, а іншым зручней назбіраць і адразу атрымаць грошы за гародніну і садавіну ў нарыхтоўшчыкаў. У Кіраўскага райспажыўтаварыства гарачы час. Па словах начальніка аддзела па нарыхтоўках Вольгі Паляўцовай, за 7 месяцаў закуплена прадукцыі на суму 2220 тысяч рублёў, у тым ліку ад насельніцтва — на 1672. Тэмп росту аб’ёмаў нарыхтовак да папярэдняга года склаў 104,3 працэнта, ад насельніцтва — 120.



Добры спосаб заробку — адправіцца ў лес па дзікаросы, што сёлета ўрадзілі багата. Чарніц назапасілі 52 тоны, большая частка ў замарожаным выглядзе экспартавана ў Літву. Добры год выдаўся на грыбы. Больш за 2 тоны прынялі лісічак. Лясныя падарункі яшчэ чакаюцца. Паступаюць брусніцы, наперадзе — журавіны, ды і грыбны сезон яшчэ далёкі да завяршэння.

У планах нарыхтоўшчыкаў закуп восеньскай прадукцыі з прысядзібных участкаў. Першыя 270 тон агародніны і 89 тон бульбы ўжо закупілі. Яблыкі таксама паступаюць, хаця іх неўраджай. Закупачная цана ў параўнанні з мінулагодняй узрасла амаль у 3,5 раза і склала 17 капеек. Асабліва выйграюць сельгасарганізацыі з садамі. У ААТ «Рассвет імя К. П. Арлоўскага» на асобных дрэвах ад пладоў галіны гнуцца да зямлі. 

Вольга Паляўцова адзначыла, што незалежна ад ураджайнасці ў тым ці іншым годзе план на закуп не меншы, чым годам раней. І канкурэнты могуць крыху «падставіць падножку», бо рынак ёсць рынак. Вось тут самы час уключаць маркетынгавыя хады. Даводзіцца шукаць вый­сце, нарыхтоўваць прадукцыю па-за межамі раёна. Знаходзяцца пастаўшчыкі для Кіраўска ў Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай абласцях. Не першы сезон закупаюцца на Брэстчыне: агародніну — у Столінскім раёне, клубніцы — у Лунінецкім.


Значная частка прадукцыі адпраўляецца ў гандлёвыя кропкі райспажыўтаварыства і хутка знаходзіць пакупнікоў. Ей забяспечваюцца ўстановы адукацыі раёна. Замарожаныя ягады і грыбы паступяць у рэстараны і кафэ. 

Ніводную заяўку не абыходзіць увагай раз’язны нарыхтоўшчык Пётр Храмянкоў. Вялікія аб’ёмы работ на стацыянарных прыёма-нарыхтоўчых пунктах выконваюць Віталь Яфрэмаў, Любоў Гацырыдзэ, Таццяна Пруднікава, Уладзімір Вушанкоў і Ігар Казлоў. Накіроўваюць прадукцыю на склады кладаўшчыкі Наталля Кірэева і Валянціна Русецкая. Усё, што закупляецца, абавязкова спатрэбіцца!

Аляксандр ХАХЛОЎ

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter