Унучка Кандрата Крапівы Алена распавядае эксклюзіўныя факты біяграфіі знакамітага сатырыка

«Даследчыкі забыліся пра Ганну…»

Яго байкі перажылі свой час. І нават у сталым узросце ён не пераставаў пісаць. Апошнюю сваю п’есу «На вастрыі» Кандрат КРАПІВА напісаў аж у 86 гадоў. Увогуле, творы народнага пісьменніка Беларусі перакладзены на многія мовы свету. 

У гонар Героя Сацыялістычнай Працы, лаўрэата двух Сталінскіх і Дзяржаўных прэмій СССР і БССР названы Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі, уздзенская сярэдняя школа № 2, вуліцы ў Мінску і Уздзе… Але галоўнае, што яго байкі цытуюць і сёння.

«Вобраз выдатнага знакамітага творцы з цягам часу схематызуецца, «бранзавее». Таму вельмі важна расказаць пра яго чалавечыя якасці», — упэўнена Алена АТРАХОВІЧ, унучка Кандрата Крапівы.

— Алена Ігараўна, намалюйце, калі ласка, вобраз знакамітага дзеда. З якога ўзросту вы яго памятаеце?

— Хоць Кандрат Кандратавіч нарадзіўся ў пазамінулым стагоддзі, я яго добра ведала. Шмат давялося з ім кантактаваць, бо калі ён пайшоў з жыцця, мне было ўжо за трыццаць. І ўвесь час мы жылі побач. Сустракаліся практычна кожны дзень. 

Дзіцячыя ўспаміны такія: дзед — высокі, станісты. Такая ў яго мужная прыгажосць. Ростам — амаль метр дзевяноста. З афіцэрскай выпраўкай, бо шмат гадоў служыў у войску. У час Першай сусветнай вайны ваяваў на Румынскім фронце. Пасля, пры савецкай уладзе, шмат гадоў служыў у арміі. Удзельнічаў у паходзе за вызваленне Заходняй Беларусі, у Фінскай вайне, а затым у Айчыннай. Ён сябе так і называў: «Я — салдат». Меў на ўвазе, што служба ў арміі загартавала яго характар. 

Успамінаецца кабінет дзеда з велізарным пісьмовым сталом, пішучай машынкай. І хоць Кандрат Кандратавіч не вельмі любіў, каб туды заходзілі, але мне дазваляў. Бо я была дзяўчынка паслухмяная, дысцыплінаваная, і дзед ведаў, што не вазьму таго, што не трэба. І ўвесь час у сваім кабінеце нешта пісаў ад рукі ці друкаваў на пішучай машынцы. Дарэчы, Кандрат Кандратавіч не любіў, каб  вокны занавешвалі. Яму падабалася, калі кабінет быў светлы.

— Ці складзена ў сям’і генеалагічнае дрэва? 

— Якраз мы з дачкой Варварай гэтым займаемся. Я ведаю радавод дзеда Кандрата да шостага калена. Кандрат Кандратавіч быў з сялянскай сям’і. Яго дзед і прадзед — прыгонныя, і бацька нарадзіўся пры прыгонным праве — у 1860 годзе.

І ў пачатку XIX стагоддзя ў вёсцы Нізок Уздзенскага раёна, адкуль мой дзед, была толькі адна сядзіба, дзе жылі Атраховічы. Як мне казалі навукоўцы, прозвішча гэта рэдкае. Сустракалася толькі ў Уздзенскім раёне. Гаспадаром на сядзібе быў Антось Атраховіч — майму дзеду Кандрату ён даводзіўся прадзедам. Мы вылічылі, што Антось нарадзіўся ў 1810 годзе. Ён выхоўваў толькі аднаго сына Міхала, бо яго жонка рана памерла. Антось выхоўваў таксама сірат — пляменнікаў і пляменніц. Сям’я была вялікая. Ну а ў Міхала нарадзіўся Кандрат — бацька Кандрата Крапівы. Маці майго дзеда — Пелагея Данілаўна Нікановіч. Яна родам была з вёскі Старыя Маргі, што недалёка ад Нізка. У Алены Канстанцінаўны Махнач, жонкі Кандрата Крапівы, крыху больш мудрагелістая біяграфія. Дарэчы, яе вобраз дзядуля апісаў у рамане «Мядзведзічы». Там галоўная гераіня — бабуля ў маладосці. 


Дзед Кандрат, 80-я гады.

Калі пасля імперыялістычнай вайны дзед дэмабілізаваўся з арміі і вярнуўся ў Нізок, убачыў прыгажуню. І стаў пытацца: «Можа, гэта падрасло нейкае дзяўчо, пакуль мяне не было?» Высветлілася, што гэта Алена з сям’і пагарэльцаў з вёскі Замосце. Вельмі спадабалася дзяўчына дзеду, яны сталі сустракацца. Але ж у Алены не было пасагу, бо ўсё згарэла. І бацька майго дзеда быў вельмі супраць такой жаніцьбы. Кандрат Кандратавіч настаяў, прывёў Алену ў хату. А яна ўзяла з сабой толькі маленькага парсючка і падушку... 


Між іншым, у Нізку ёсць паданне, якое жыхары перадаюць з вуснаў у вусны. Маўляў, маці Алены Канстанцінаўны са старажытнага дваранскага роду Пракопцавых. Яе таксама звалі Аленай. Кажуць, яна была вельмі капрызная. Ніводзін жаніх ёй не падабаўся. І бацька Алены раззлаваўся і выдаў яе за сялянскага хлопца. А сюды яны прыязджалі на лета, тут у іх была дача ці невялічкі маёнтак. 

І вось гэта Алена Пракопцава і нарадзіла дачку — маю бабулю Алену і сына Віктара. 

— Раскажыце падрабязней, калі ласка, аб сям’і свайго дзеда. Як іх лёсамі распарадзілася жыццё? 

— Ёсць адзін эксклюзіўны факт з біяграфіі Кандрата Кандратавіча, які не даследаваны. Дзед быў дзявятым дзіцём у бацькоў. Але малыя не выжывалі, паміралі. І калі дзед нарадзіўся, з вялікай сям’і заставаліся ў жывых толькі яго дзве сястры. Адна з іх хутка памерла, а другая, Ганна, была старэйшай за Кандрата Кандратавіча недзе гадоў на восем. Яна выжыла. Гэта адзіная яго родная сястра, даследчыкі пра яе забыліся. Ганна была сціплая сялянская жанчынка. Пражыла доўгае жыццё. І ўнукі, і праўнукі ў яе ёсць. Пішуць, што ў Кандрата Крапівы адзіная родная сястра Стэфанія. Гэта памылка. Стэфанія была зводнай сястрой. Яна была многа маладзей за Кандрата Кандратавіча. Такім чынам, родная старэйшая сястра — Ганна Кандратаўна. Гэты эксклюзіўны факт павінен унесці яснасць у біяграфію Кандрата Крапівы.

Дарэчы, бацька дзеда быў жанаты тройчы. Атрымалася так, што маці Кандрата Крапівы — Пелагея — памерла вельмі рана. І, па сутнасці, Ганна і гадавала свайго брата Кандратку. Яна яго так называла, калі ён ужо нават быў акадэмікам (смяецца). Жыла ў Нізку. Пасля дзеці забралі яе ў Мінск, калі стала старэнькая. Жанчына яна была вельмі цікавая. Ведала шмат абрадавых беларускіх песень. Нават на вяселлі маіх бацькоў так цудоўна іх спявала…

— А колькі дзяцей было ў Кандрата Крапівы?

— Чацвёра. Першае яго дзіця — сын — памёр яшчэ маленькім. Другі сын — Барыс. Бацька мне пра яго шмат расказваў, я сустракалася з людзьмі, якія яго добра ведалі. Барыс быў вельмі прыгожы хлопец. Ён загінуў у час вайны пад Сталінградам. Засталіся яго лісты з фронта. Кандрат Кандратавіч беражліва іх захоўваў у сваіх дакументах, а пасля аддаў у Акадэмію навук у бібліятэку. Дома дзед не вельмі любіў іх чытаць, магчыма, яму было балюча. Пасля я іх у архіве прачытала. Без слёз не абышлося.

Як мне распавядалі, дзядзька Барыс быў вельмі станоўчы, служыў прыкладам для малодшых. Вучыўся выдатна. Быў вельмі таленавіты і добра маляваў. Ён не паспеў атрымаць прафесію, бо яшчэ перад вайной яго прызвалі ў войска.

Бабуля ўвесь час яго ўспамінала, калі мы былі маленькія. І калі я не слухалася, казала: «Вось Барыс табе растлумачыў бы!» 

Трэці сын Кандрата Кандратавіча — мой бацька Ігар. Ён быў архітэктарам. 

У дзеда нарадзілася і дачка Людміла. Гэта была доўгачаканая дачушка. Калі яна з’явілася на свет, увесь пад’езд хадзіў віншаваць дзеда і бабулю. Прыгожая  Людміла вучылася на артыстку ў Мінскім тэатральна-мастацкім інстытуце. Мела ад прыроды добра пастаўлены голас. Іграла на фартэпіяна і пела рамансы. Але зноў-такі няшчасце: яна цяжка захварэла. І не вельмі доўга пражыла… 

Увогуле, усе дзеці Кандрата Кандратавіча былі адораны творчымі здольнасцямі.

— А колькі ўнукаў у Кандрата Крапівы?

— Двое. Я і мой брат Мікола. У мяне нарадзілася Варвара, у якой ёсць сын Глеб. Сярод прапраўнукаў Кандрата Кандратавіча гэта адзіны хлопчык. У брата Міколы — дзве дачкі, Насця і Ганна. І ў Міколы ёсць унучка — Ганна-Марыя.

— Як ваш дзед толькі перажыў смерці сваіх дзяцей...

— Гэта было вельмі драматычна. У яго ў жыцці было шмат цяжкіх момантаў.  На некалькіх чалавек хапіла б. Напрыклад, калі яго маці памерла, ён быў  маленькі. Але памятаў яе, вельмі пяшчотна ўспамінаў усё жыццё. Відаць, яна была вельмі добрая жанчына. А бацька ў яго быў жорсткі. 

Як расказваў дзед, першая мачыха была някепская жанчына. Але вельмі кволая здароўем. Нарадзіла Стэфанію і памерла. А другая мачыха, Домна, была магутная жанчына. Гаспадарку цягнула на сабе, але была вельмі грубая, непісьменная. І, як успамінаў Кандрат Кандратавіч, не склаліся ў яго адносіны з мачахай. Ён тады быў ужо хлопец дарослы, пайшоў у вучылішча. І Домна вельмі злавала, калі бачыла, што ён чытае. Нават гатова была спаліць кнігі, бо лічыла, што чытанне — зусім пусты занятак. Маўляў, сялянскаму хлопцу ўвогуле не трэба чытаць. І дзед успамінаў, як мачыха крычала: «З кнігі ты хлеба есці не будзеш! Кідай яе!»

Драматычным было і тое, што дзед перажыў сваю жонку, маю бабулю Алену Канстанцінаўну, на некалькі дзясяткаў гадоў. Ён пайшоў з жыцця амаль у дзевяноста пяць. 

— Алена Ігараўна, ваш дзед быў фізічна моцны?

— Так. Відаць, меў генетычна здаровы арганізм. Толькі ў гады імперыялістычнай вайны падхапіў брушны тыф. І пасля ніколі не хварэў. Калі яму было за восемдзясят, меў нейкія, звязаныя з узростам, недамаганні. Напрыклад, радыкуліт. А так ён нават не ведаў, што такое галаўны боль. У дзеда была фенаменальная памяць. І хоць ён меў нататнічкі, але не вельмі ў іх заглядваў. Калі трэба быў нейкі тэлефонны нумар, звярталіся да яго, і ён называў па памяці.

Больш таго, калі ён быў ужо старэнькі, да яго прыязджалі супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук. Некалькі разоў на тыдзень працавалі ў дзедавым кабінеце разам з ім над рэдакцыяй беларуска-рускага і руска-беларускага слоўнікаў. Яны нейкае слова называлі, а ён па памяці казаў усе значэнні, нават на дыялектах. Ён жа некалі кіраваў працай па складанні дыялектычнага атласу...

— Кандрат Крапіва прайшоў чатыры вайны. Ці ўспамінаў ён пра іх?

— Ён скончыў Гатчынскую школу прапаршчыкаў у 1915 годзе. Яго прызвалі ў войска. Вясну і лета ён праслужыў у горадзе Асташкаве — гэта паміж Масквой і сённяшнім Санкт-Пецярбургам. Там ён вучыў апалчэнцаў. А пасля яго накіравалі на Румынскі фронт, дзе ён удзельнічаў у баявых дзеяннях. Там здарылася рэвалюцыя. Дзед расказваў, што, паколькі ён быў далёка, у Румыніі, у войску не разумелі, што адбываецца ў Расіі. Ні газет, ні звестак. Толькі даходзілі чуткі, што цара скінулі. Кандрат Кандратавіч успамінаў, што яго адразу абралі ў нейкі камітэт. Для салдат ён быў свой, бо селянін. Адзіныя карані, адзіныя інтарэсы. Такім чынам, пры Савецкай уладзе ён паслужыў у Чырвонай Арміі. Але ў 1918 годзе выйшаў указ, што трэба ліквідаваць непісьменнасць. І ўсіх настаўнікаў, у тым ліку і дзеда, дэмабілізавалі з арміі. І ён настаўнічаў. Пасля яшчэ некаторы час  служыў у войску ў Мінску. Зноў яго прызвалі ў армію ў пачатку дваццатых гадоў. Вучыў маладых афіцэраў, бо іх не хапала. 

Пасля — ваенны паход за вызваленне Заходняй Беларусі ў 1939 годзе. А затым на Фінскую вайну прызвалі. А дзед ужо быў немалады. Ён не шмат, але тое-сёе пра тую вайну расказваў. Напрыклад, што было вельмі холадна. І ён ледзьве не загінуў. На фронце вельмі актыўна дзейнічалі снайперы. І адзін стрэліў у дзеда. Але лёс так склаўся, што ў той момант Кандрат Кандратавіч паслізнуўся. І куля прайшла над галавой… Дзед казаў, што за жыццё было некалькі такіх выпадкаў, калі ён мог загінуць...


Вера ГНІЛАЗУБ

Фота аўтара і з архіва сям’і Кандрата КРАПІВЫ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter