У Ташкенце прайшоў саміт кіраўнікоў дзяржаў — членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва

“Дарожная карта” актыўных дзеянняў

У Ташкенце прайшоў саміт кіраўнікоў дзяржаў — членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Гэта быў першы саміт ШАС, дзе Беларусь прымала ўдзел на вышэйшым узроўні ў новым статусе назіральніка.


У рабоце саміту прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі. Год назад краіна атрымала статус назіральніка пры гэтым міждзяр­жаўным аб’яднанні. З высокай трыбуны саміту Аляксандр Лукашэнка праінфармаваў калег аб бачанні Мінскам свайго ўдзелу ў сумеснай рабоце.

Паводле слоў Прэзідэнта, імкненне беларускага боку да актыўнага ўдзелу ў рабоце арганізацыі тлумачыцца важнай роляй, якую ШАС адыгрывае ў вырашэнні сусветных і рэгіянальных пытанняў, а таксама тым фактам, што ў гэтае інтэграцыйнае ўтварэнне ўваходзяць шчырыя сябры Беларусі.

У цяперашні час шэсць краін з’яўляюцца дзяржавамі — членамі заснаванай у 2001 годзе Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва — Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан і Узбекістан. Шэсць краін маюць статус дзяржавы-назіральніка пры ШАС — Афганістан, Беларусь, Індыя, Іран, Манголія і Пакістан. Адносна Індыі і Пакістана кіраўнікі дзяржаў ШАС у ліпені 2015 года на Уфімскім саміце прынялі рашэнне аб пачатку працэдуры іх прыёму ў ШАС. У перспектыве на членства ў арганізацыі прэтэндуе Іран.

Шэсць краін з’яўляюцца партнёрамі па дыялогу ШАС — Азербайджан, Арменія, Камбоджа, Непал, Турцыя і Шры-Ланка.



Першапачаткова задачы ШАС ляжалі ў сферы ўзаемных унутрырэгіянальных дзеянняў па спыненні тэрарыстычных актаў, сепаратызму і экстрэмізму ў Сярэдняй Азіі. Аднак па меры развіцця арганізацыі пытанні бяспекі былі дапоўнены эканамічным блокам, уключаючы энергетыку, транспарт, АПК, тэлекамунікацыі, а таксама гуманітарным вымярэннем ШАС. Дзяржавы-члены таксама актыўна ўзаемадзейнічаюць у навукова-тэхнічнай, культурнай, адукацыйнай і турыстычнай сферах.

На думку Прэзідэнта Беларусі, эканамічная кааперацыя павінна стаць магістральным напрамкам узаемадзеяння ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва: “У рамках ШАС акумуляваны каласальны эканамічны патэнцыял. Да таго ж з уваходжаннем у арганізацыю такіх краін, як Індыя і Пакістан, яе маштабы яшчэ больш узрастуць”.

Беларусь цалкам падзяляе падыходы ШАС да забеспячэння міжнароднай бяспекі. “Вы добра ведаеце пра міралюбнасць і шматвектарнасць знешняй палітыкі Беларусі, якая нацэлена на захаванне стабільнасці і спакою ў нашым рэгіёне, — заявіў Прэзідэнт. — Сёння, калі ў свеце расце нестабільнасць і множыцца колькасць рэгіянальных канфліктаў, асабліва важныя з’яднанасць дзяржаў і імкненне дзейнічаць адзіным фронтам у вырашэнні глабальных праблем”.

Кіраўнік беларускай дзяржавы перакананы, што ШАС з’яўляецца запатрабаванай перагаворнай пляцоўкай для калектыўнай выпрацоўкі механізмаў процідзеяння сучасным выклікам і пагрозам. “Першараднае значэнне мае аб’яднанне намаганняў для ліквідацыі розных формаў і праяў тэрарызму, экстрэмізму, арганізаванай злачыннасці і наркатрафіку, папярэджання надзвычайных сітуацый і канфліктаў”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У лік важных арыенціраў фарміравання эканамічнай палітыкі ШАС павінна ўвайсці ўзаемадзеянне з Еўразійскім эканамічным саюзам. Такое меркаванне таксама выказаў Прэзідэнт Беларусі, выступаючы на саміце кіраўнікоў дзяржаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Ташкенце. “Пакуль гэтая тэма не вельмі акрэслена ў рамках ШАС”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, у бакоў нямала і іншых агульных інтарэсаў. У прыватнасці, Беларусь падтрымала маштабную ініцыятыву Старшыні КНР Сі Цзіньпіна аб стварэнні Эканамічнага пояса Шаўковага шляху. “Будуючы Кітайска-беларускі індустрыяльны парк “Вялікі камень”, мы на справе дэманструем гатоў­насць стаць адным з ключавых сувязных звёнаў гэтага грандыёзнага плана”, — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Валодаючы сур’ёзным прамысловым, навуковым і інавацыйным патэнцыялам, Беларусь заўсёды мае магчымасць паўдзельнічаць ва ўзаемавыгадных інфраструктурных праектах, якія будуць ажыццяўляцца або ажыццяўляюцца на пляцоўцы ШАС, у тым ліку ў сферы транспарту, лагістыкі, энергетыкі. “Займаючы лідзіруючыя пазіцыі ў сферы забеспячэння харчовай бяспекі, мы згодны падзяліцца сваімі напрацоўкамі і ў гэтым напрамку, — сказаў Прэзідэнт. — Наша краіна таксама поўнасцю адкрытая для ўзаемадзеяння ў сферы прамысловасці, навукі, адукацыі, турызму і гуманітарнага супрацоўніцтва”.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што ўвесь гэты патэнцыял будзе запатрабаваны пры распрацоўцы перспектыўных планаў і праектаў у фармаце ШАС.

Шматбаковы саміт — гэта заўсёды зручнае месца і для зацікаўленых двухбаковых сустрэч. Першая з такіх сустрэч у Прэзідэнта Беларусі прайшла са Старшынёй Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпінам. Варта адзначыць, што менавіта пры актыўнай падтрымцы Пекіна Мінск атрымаў статус назіральніка ў ШАС.


Аляксандр Лукашэнка шчыра падзякаваў кіраўніку Кітая за гэта. Запэўнішы, што Беларусь у поўнай меры гатовая ісці па шляху паглыблення адносінаў з КНР і Шанхайскай арганізацыяй супрацоўніцтва.

— Мы гатовыя быць заходнімі варотамі гэтай арганізацыі, — сказаў Прэзідэнт.

Сі Цзіньпін павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з паспяховым правядзеннем пятага Усебеларускага народнага сходу.

— Упэўнены, што пад вашым кіраўніцтвам у Беларусі будуць дасягнуты новыя поспехі, — сказаў Старшыня КНР і запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць Кітай з дзяржаўным візітам.

Пра тое, каб надаць вялікую дынаміку міждзяржаўнаму ўзаемадзеянню, ішла размова на сустрэчы Прэзідэнта з прэм’ер-міністрам Індыі Нарэндра Модзі. Эканамічны арыенцір супрацоўніцтва быў абазначаны падчас візіту ў Мінск Прэзідэнта Індыі Пранаба Мукерджы ў чэрвені мінулага года — дасягнуць мільярда долараў узаемнага тавараабароту.


— Пад гэты мільярд нам трэба стварыць нейкую эканамічную “дарожную карту”, каб дасягнуць гэтага рубяжа, — гэтую прапанову Аляксандра Лукашэнкі Нарэндра Модзі сустрэў з вялікай зацікаўленасцю.

Прэзідэнт Беларусі назваў эканамічную кааперацыю магістральным напрамкам узаемадзеяння краін ШАС. Гэта заканамерна. Дарэчы, дзяржавы — члены арганізацыі, назіральнікі і партнёры па дыялогу аб’ядноўваюць каля 45 працэнтаў насельніцтва планеты.

А Мінск выступае за рэалізацыю цэлага шэрага сумесных маштабных праектаў. У іх ліку, напрыклад, заснаванне фінансавага інстытута ШАС, які садзейнічаў бы стварэнню механізму ўзаемаразлікаў паміж краінамі ў нацыянальных валютах.

 ДАСЛОЎНА 

З выступлення Прэзідэнта Беларусі на саміце кіраўнікоў дзяржаў ШАС:


— Развіццю супрацоўніцтва з азіяцкім рэгіёнам Беларусь надае важнейшае палітычнае і эканамічнае значэнне. Мы цалкам падтрымліваем выбудоўванне новай архітэктуры адносінаў на прасторы Еўразіі з улікам інтарэсаў усіх дзяржаў кантынента... Як краіна-назіральнік у ШАС мы не збіраемся, кажучы спартыўнай тэрміналогіяй, сачыць за гульнёй з “лаўкі запасных”. Беларусь гатовая стаць актыўным “палявым іграком” на прасторы арганізацыі і ўносіць важкі ўклад у яе работу на карысць нашых народаў.

Васіль Харытонаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter