Дарогу пакаленню next!

Адзiн з прыярытэтных напрамкаў дзейнасцi Рэспублiканскага тэатра беларускай драматургii — супрацоўнiцтва з маладымi аўтарамi. А цяпер, калi пад эгiдай тэатра пачаўся новы этап дзейнасцi Цэнтра беларускай драматургii i мастацтва, якi яднае пад сваiм дахам маладых людзей, апантаных тэатральным мастацтвам i ўсiм, што з iм звязана, можна быць упэўненым, што перад iмi адкрыецца дарога да наватарскага пошуку, эксперыменту ў драматургiчным мастацтве. Што з’явiцца шмат цiкавых пастановак, загучаць новыя iмёны.

Гэта стала зразумела яшчэ падчас прэзентацыi цэнтра. Усiх гасцей, сярод якiх былi маладыя акцёры, рэжысёры, сцэнографы, тэатразнаўцы, пад грукат друкарскай машынкi па спiсаных у творчых пакутах лiстах паперы запрашалi ў залу, дзе на эксперыментальнай сцэнiчнай пляцоўцы тэатра i былi паказаны экспрэс-пастаноўкi п’ес. Канстанцiна Сцешыка — “Мужчына, жанчына, пiсталет”, Сяргея Гiргеля — “Сталiца ЭРАУНД”, Ганны Саламянскай — “Галошыкi”, а таксама п’есы маладога расiйскага драматурга Алены Iсаевай “Пра маму i пра мяне”.
 Кожная з iх выклiкала цiкавасць у гледачоў. Пра гэта сведчылi не толькi апладысменты, але i мноства пытанняў з залы. П’еса”Мужчына, жанчына i пiсталет” атрымала высокую ацэнку на мiжнародным конкурсе маладых кiнадраматургаў “Еўразiя-2005”.
Дружны смех выклiкаў урывак з парадаксальнай камедыi “Сталiца ЭРАУНД”, прэм’ера якой, дарэчы, у хуткiм часе адбудзецца на сцэне РТБД. Смяялiся да слёз не столькi з камiчнай сцэны, колькi з сябе самiх, у нейкай ступенi эгаiстычных, асцярожных, такiх упэўненых у сабе i разгубленых адначасова. Адным словам, усяго за нейкiя паўгадзiны кожная з экспрэс-пастановак нiкога не пакiнула раўнадушным.
— Адна з галоўных задач створанага пры тэатры Цэнтра беларускай драматургii i тэатральнага мастацтва — актыўнае далучэнне творчай моладзi да сцэнiчнага працэсу, — адзначае памочнiк мастацкага кiраўнiка Рэспублiканскага тэатра беларускай драматургii Вацлаў Валадзько. — Цэнтр прызваны спрыяць пошуку i прапагандзе новых формаў, iдэй i канцэпцый сучаснага тэатральнага мастацтва. Прыярытэтны накiрунак дзейнасцi цэнтра — работа з маладымi драматургамi, рэжысёрамi, акцёрамi, тэатральнымi мастакамi i кампазiтарамi, аказанне iм творчай i арганiзацыйнай падтрымкi, практычнай дапамогi ў авалодваннi прафесiйнымi навыкамi i, канешне, рэгулярная дэманстрацыя iх творчых дасягненняў. У цэнтры будзе праводзiцца рознабаковае па форме сцэнiчнае апрабаванне драматычных твораў. Гэта аўтарскае i акцёрскае чытанне п’ес, падрыхтоўка экспрэс-пастановак, правядзенне творчых дыскусiй, кансультацый, абмен рэпертуарам i вопытам, паказ эксперыментальных спектакляў.
Будзем спадзявацца, што цэнтр для многiх, хто толькi пачынае свой шлях у тэатральным мастацтве, сапраўды, стане прыступкай да поспеху.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter