Няўжо навіна пра за­канчэнне рэканструкцыі ТЮГа – гэта жарт і адкрыццё зноў ад­кладва­ецца?

Дарогу Дзюймовачцы

У Тэатры юнага гледача зараз цішыня. Здаецца, нібыта акцёр трымае паўзу, а зала моўчкі слухае яго. Яшчэ хвіліна, і гледачы ўзарвуцца апла­ды­­смен­тамі. Але не, цішыня зацягва­ец­ца. Сцэна аказваецца пустой, за­ла таксама. Няўжо навіна пра за­канчэнне рэканструкцыі ТЮГа – гэта жарт і адкрыццё зноў ад­кладва­ецца? 



— Справілі наваселле — далі прэм’еру — і адпусцілі ўсіх у адпачынак, — насустрач выходзіць дырэктар тэатра Ігар Варонін. Але цішыня ў тэатры зусім не азначае адсутнасць спраў у кіраўніка. Ён вельмі заняты, адкрыццё будынка і першыя спектаклі выявілі яшчэ шмат праблем, якія неадкладна трэба вырашаць. Затое зараз ёсць рэальная карціна рэканструяванага тэатра. Яе і намалюем разам з Ігарам Генрыхавічам.

Чым галоўны будынак адрозні­ваецца ад таго, што быў раней? Знешне — амаль нічым, інакш і быць не магло, бо гэта ж помнік архітэктуры. А вось побач знахо­дзіцца нешта незнаёмае. Некалі адмі­ністрацыйна-вытворчы кор­пус быў двухпавярховым, цяпер там пяць узроўняў (адзін падземны). У ім размясціліся швейная майстэрня, бутафорскі цэх, сталярны цэх, некалькі грымёрак. Чаму апошнія знаходзяцца не ў галоўным будынку каля сцэны? 


Ігар Варонін

— З самага пачатку было зразумела, што размясціць усе грымёркі каля сцэны немагчыма, таму вы­рашылі некалькі абсталяваць у іншым корпусе, — адказвае дырэктар. – Але, паверце, гэта зусім не замінае акцёрам. Галоўнае, што там вельмі зручныя столікі з асвятленнем, ёсць душавыя. Усё ж лепш, чым было на іншых пля­цоўках, калі часам даводзілася грыміравацца побач з унітазам. Так, ёсць пэўныя складанасці для касцюмераў. Давайце скажам ім дзякуй за іх працу. Але галоўнае ўсё ж такі тое, што адбываецца на сцэне, а не за кулісамі.

Мы ж візіт на сцэну пакінем на дэсерт. Пакуль зойдзем з параднага ўвахода ў галоўны корпус. Вестыбюль крыху змяніўся, але здаецца, што мармуровая лесвіца засталася такой жа, толькі з’явіліся парэнчы, якіх так не хапала. На самай жа справе аказваецца, што тут усё новае, прыступкі з сапраўднага каменю, а раней былі «пад мармур». Праўда, зняць барэльеф – савецкіх піянераў – у праекціроўшчыкаў рука не паднялася. Мэта была захаваць стыль сталінскі ампір, і яна дасягнута. На другім паверсе ў так званай ёлачнай зале на купале аднавілі роспіс савецкіх часоў. Наогул, гэта памяшканне перайначылі нязначна. Тут, як і раней, будуць праводзіць розныя святы, тыя ж святочныя ёлкі.

Галоўныя падзеі, вядома ж, будуць адбывацца на сцэне. Накі­роўваемся да яе праз глядацкую залу. Шырокія праходы, зручныя крэслы. Ігар Генрыхавіч звяртае ўвагу на тое, што колькасць месцаў зменшылася. Іх цяпер 323, на сотню менш, чым было. Не стала бакавых лож. Чаму так? Патрабаванне пажарных службаў. Але, паверце, гледачам ад гэтага толькі лепш. Стала сапраўды больш утуль­на, можна нават сказаць, што з’явілася нейкая камернасць. Дарэчы, ляпныя аздобы на сценах захавалі, частку іх упрыгожылі сусальным золатам. 



Сцэна, на пер­шы погляд, змя­ні­лася зусім неістотна. Але, тлума­чыць мой экскурсавод, усе яе новыя «таленты» можна ўбачыць у час спек­такляў:

— На самай справе сцэна стала зусім іншай. Раней тут было кола, якое варочалася, і два самаробныя люкі. Цяпер усё іншае, галоўнае ж – пяць пад’ёмных элементаў. Такога няма ні ў адным беларускім тэатры. Ніжняя механізацыя сцэны на самым высокім узроўні. Усе яе здольнасці гледачы ўжо змаглі ацаніць у час нашай прэм’еры – «Сіняй птушкі» па Метэрлінку.

Але Ігар Генрыхавіч не хавае і расчаравання. Незадаволены новым палётным механізмам, хацелася іншага. Ёсць пытанні і да верхняй механізацыі. Аказалася, што разам з «Сіняй птушкай» два гады таму на адкрыццё тэатра (а яно планавалася на канец 2013-га) рыхтавалі яшчэ некалькі прэм’ер. Адной з самых прыгожых абяцала быць «Дзюймовачка». Для яе зрабілі шыкоўныя дэкарацыі, але, калі ўвайшлі ў новы будынак, выявілася, што рухаць іх няма як: адсутнічалі шэсць рассоўных дарог.

— Дзякуючы ім можна вельмі хутка мяняць дэкарацыі, тады і спектакль становіцца больш відо­вішчным, — тлумачыць дырэктар. – А як інакш зацікавіць дзіця?

Цяпер малыя маюць кліпавае мысленне, іх ужо не здзівіш стацыянарным афармленнем сцэны.

Што рабіць? Ігар Генрыхавіч не губляе надзею, што рассоўныя дарогі ў тэатры ўсё ж з’явяцца, тым больш што на закупцы інша­га абсталявання ўдалося зэкано­міць больш за дзесяць мільярдаў рублёў.

— Якія яшчэ праблемы выяві­ліся пасля наваселля? З чым зараз ідуць да вас акцёры? — пытаюся.

— У іх ёсць пэўныя пытанні з адаптацыяй, у апошнія гады ім прыходзілася працаваць на маленькай сцэне, але ўсё гэта часовае. Галоўнае ж, што заўсёды турбуе акцёраў, — іх творчая рэалізацыя. Яны хочуць новых роляў, цікавых спектакляў. Над гэтым і працуем. У абноўленым будынку гэта рабіць значна прасцей.

stepuro@rambler.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter