Дарогi не канчаюцца…

Чаго  баяцца  вочы  старшынi  Валерыя  Чалнакова  i  што  робяць  яго  рукi

Чаго  баяцца  вочы  старшынi  Валерыя  Чалнакова  i  што  робяць  яго  рукi

Прыгарадны Акцябрскi сельскi Савет узначальвае… былы прафесiянальны журналiст Валерый Чалнакоў. Калi некалькi гадоў таму назад у Вiцебскiм райвыканкоме яму прапанавалi пасаду старшынi буйнейшага сельсавета, Валерый дужа хваляваўся, але ўрэшце даў згоду i нават пераехаў з горада на пастаяннае месца жыхарства ў сельскую мясцовасць. 

Раённае кiраўнiцтва з выбарам кандыдатуры не памылiлася. Сёння Акцябрскi сельскi Савет вызначаецца шэрагам творчых акцый, iнiцыятыў, а галоўнае, уменнем працаваць з людзьмi, задавальняць iх паўсядзённыя патрэбы.  

I наш вiзiт у пасёлак Акцябрскi супаў з даволi прыкметнай падзеяй у жыццi ягонага старшынi: у гэтыя днi Валерый Чалнакоў адзначыў сваё 55-годдзе. Узрост жыццёвай i прафесiянальнай мудрасцi, глыбокага разумення сэнсу жыцця, умення вызначаць у iм галоўны шлях у перакрыжаваннi мноства дарог i прасёлкаў. 

Каб уявiць, якi цяжар узвалiў на свае плечы Валерый Чалнакоў, дастаткова заўважыць, што ягоныя «ўладаннi» налiчваюць два дзесяткi малых i вялiкiх населеных пунктаў. Самы буйны сярод iх, зразумела, Акцябрскi з насель­нiцтвам 2265 чалавек. На другiм месцы малады аграгарадок Копцi, дзе жывуць 1045 вяскоўцаў. Дастаткова «жывымi» з’яўляюцца таксама вёскi Васюты, Сакольнiкi, Сялюты i Шапуры. 

На iх фоне зусiм нягеглымi i памiраючымi выглядаюць такiя вёсачкi, як Зазыбы-2, Заходнiкi, Барышына, Высокая… Мясцовых старажылаў у iх можна пералiчыць на пальцах адной рукi,  але гэта не азна­чае, што яны забытыя i пакi­нутыя. Да ўсiх даязджае i дабiраецца пры патрэбе кiраўнiк мясцовай улады. Хоць i няпроста гэта пры агульнай колькасцi пастаянна пражываючага насельнiцтва на тэрыторыi сельсавета 4456 чалавек. 

— Дужа дапамагаюць мне ў рабоце з насельнiцтвам старэйшыны,— тлумачыць старшыня Акцябрскага. — Iх у актыве 13, хоць лiчба для кагосьцi забабонная. Я ж асабiста спакойны, скажам, за вёску Васюты, дзе старэйшынай Вера Iванаўна Кiр’янава. Большасць пытанняў яна вырашае на месцы. А калi нешта складанае, звяртаецца ў сельвыканком. 

Прыемна, што ў Васютах цяпер людзi не мокнуць пад дажджом цi снегам, калi прыязджае аўтамагазiн. Па iнi­цыятыве старэйшыны i з дапамогай сельвыканкома абсталявана ўтульная альтанка з «парасонам». Цяпер абсталёўваецца дзiцячая гульнявая пляцоўка са спартыў­нымi прыладамi. Падтрымлi­ваюцца парадак i чысцiня на вясковых могiлках… Ды хiба ўсё пералiчыш? 

Валерыю Чалнакову ўдалося ў кароткiя тэрмiны iстотна зняць вастрыню жыллёвай праблемы. На чарзе няў жылля i дарог». Затое i вынiк бачны. 

Дарэчы, пра дарогi. Сярод безлiчы вялiкiх i малых задумак яны застаюцца прыярытэтнымi ў праграме дзейнасцi Акцябрскага сельвыканкома. З уласцiвай творчай асобе дасцiпнасцю Валерый Чалнакоў жартуе:

— Стараемся, каб у нашай мясцовасцi было менш дурняў i дрэнных дарог. Не хапаемся за ўсё адразу. Дарожнае будаўнiцтва лiчыцца мiльярдамi рублёў. Але вось ужо да вёскi Васюты i на яе вулiцах пакладзены асфальт. Цяпер рыхтуем праектна-каштарысную дакументацыю па рамонце i добраўпарадкаваннi вулiц i завулкаў у цэнтры сельсавета. Як кажуць, вочы баяцца, а рукi робяць… 

Спадабалася, што ў Акцябрскiм не чакаюць з мора пагоды. Чалнакоў сам круцiцца, iншых прымушае думаць. У тым лiку i аб тым, каб не толькi ў дзяржавы прасiць, а i самiм вучыцца грошы зарабляць. Бо вядома, якi сцiплы мясцовы бюджэт. Дык на чым магчыма разжыцца? 

— У нас практычна паўсюдна слаба развiта аказанне паслуг для насельнiцтва. Часта гэтаму перашкаджае пэўны бюракратычны ме­ханiзм. Вось, для прыкладу, у нашым сельсавеце ёсць трактар МТЗ-82 з прычэпам. Але няма… стаўкi трактарыста. Нават каб рас­чысцiць снег цi вывезцi смецце, даво­дзiцца дамаўляцца з сельгас­прад­­прыем­ствамi, каб выдзелiлi на нейкi час механiзатара. А чаму б не ўвесцi такую адзiнку пры сельскiм Савеце? Гэта ж не чыноўнiк, а рэ­альны ра­ботнiк. На ўзроўнi сельвыканкома штатны расклад не складаецца. Аднак, думаем, што наша прапанова атрымае станоўчае вырашэнне ў адпаведных вышэйшых структурах улады. 

Хоць i не надта вялiкiя, але рэальныя грошы можна зарабляць таксама на такой паслузе, як распiлоўка дроў для насельнiцтва. Ветэранам вайны i працы, адзiнокiм i састарэлым, на думку Валерыя Чалнакова, яе можна аказваць бясплатна цi па сiмвалiчных расцэнках. Тут i старэйшыны могуць прасачыць, хто чаго заслугоўвае. 

Сёння ў штаце Акцябрскага сельвыканкома чатыры адзiнкi: старшыня, бухгалтар, сакратар i спецыялiст ваенна-ўлiковага стала. З улiкам складанай iнфра­структуры i раскiданасцi населеных пунктаў на многiя дзесяткi кiламетраў нагрузка неверагодна высокая. Аднак у размове з намi на гэта не скардзiлiся. Хутчэй, раiлiся, як i ў гэтым пытаннi вызначыць аптымальную мадэль актыўнасцi мясцовай улады. Чамусьцi аднолькавы штатны расклад — чатыры адзiнкi апарату кiравання — i ў Акцябрскiм сельскiм Савеце, i ў сельсаветах, дзе насельнiцтва ў чатыры-пяць разоў менш. 

— Мы не за тое, каб расшыраць штаты, — разважаюць Валерый Чалнакоў i яго калегi, — а за тое, каб на ўсiх узроўнях вытрымлiваўся прынцып разумных суадносiн у адпаведнасцi з нагрузкай у рэальных абставiнах. Тады i ношку можна ўзяць большую. I дарогу рэальна  выбраць самую надзейную — тую, што ад людзей не аддаляе i абавязкова вядзе не ў тупiк, а да паляпшэння жыцця ва ўсiх яго праявах. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter