Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Ансамбль беларускай песні суполкі “Сябры” з эстонскай Нарвы гасцяваў у Калінінградскай вобласці Расіі

Дарогі да сяброў

Амаль дваццаць гадоў працуе наша суполка “Сябры”, і мы паступова пашыраем ды ўмацоўваем шматлікія асабістыя сувязі з беларусамі па ўсім свеце. Менавіта дзякуючы такім кантактам актывісты арганізацыі, салісты ансамбля беларускай песні часта бываюць у розных краінах: ездзім у госці да сяброў. Вось і нядаўна ў чарговае падарожжа запрасіў нас намеснік старшыні Калінінградскага зямляцтва беларусаў Васіль Ялец. А пазнаёміліся мы з Васілём на адным з пасяджэнняў Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа, што дзейнічае пры Міністэрстве замежных спраў Беларусі.

Васіль Ялец, Сяргей Малуноў і нарвскія “Сябры”
Фота Віктар байкачоў

Уся паездка, уключаючы дарогу, заняла чатыры дні. За гэты час мы шмат чаго ўбачылі, пачулі, парадавалі канцэртным выступленнем жыхароў і гасцей курортнага балтыйскага горада Светлагорска. Дарэчы, і сама я родам са Светлагорска — толькі беларускага, што на Гомельшчыне. З задавальненнем пагасціла ў горадзе-цёзцы майго роднага! І там вельмі прыгожа. Для нас правялі па горадзе экскурсію. Пабачылі мы й знакаміты тэатр эстрады “Янтарь-холл”, у якім праходзяць гульні КВЗ, шматлікія канцэрты зорак вялікай сцэны. Вось і ў той час, калі мы былі ў Светлагорску, выступаў у “Янтарь-холле” расійскі спявак Стас Міхайлаў. Таму, на жаль, патрапіць унутр нам не ўдалося: экскурсіі былі адмененыя.

Пад час свайго канцэрта мы не толькі спявалі любімыя песні, але й расказвалі слухачам пра нашу родную Беларусь, прыгожы эстонскі горад Нарву, суполку “Сябры”. Паказвалі невялікія відэаролікі. Было нечакана і прыемна, калі з вітальным словам да нас і гасцей у зале звярнуўся кіраўнік Калінінградскага аддзялення Амбасады Беларусі ў Расіі Сяргей Малуноў.

А на другі дзень мы знаёміліся з Калінінградам. Пабывалі на агляднай экскурсіі па горадзе, у Музеях бурштыну і Сусветнага акіяна. Шмат уражанняў ад убачанага: такую прыгажосць не забудзеш. Па дарозе назад мы заехалі ў пасёлак Янтарны, дзе, зразумела, здабываюць бурштын. Вандроўка праляцела як адно імгненне, але столькі яскравых момантаў і прыемных уражанняў пакінула ў памяці.

Такія сяброўскія сувязі паміж беларусамі з розных краін — таксама, падаецца мне, працуюць на станоўчы імідж як нашых суполак, так і Бацькаўшчыны. Мы абменьваемся досведам працы, даведваемся шмат цікавага, пашыраем беларускую культуру ды яшчэ іншым паказваем, што беларусы — людзі таленавітыя, ветлівыя, гасцінныя, што мы ўмеем сябраваць.

Людміла Аннус, старшыня нарвскай суполкі “Сябры”, Эстонія

Голас Радзімы № 35 (3539), чацвер, 14 верасня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter