Візіт ў Мінску Прэзідэнта Малдовы Мікалая Цімофці

Дарога з двухбаковым рухам

Паміж Мінскам і Кішынёвам каля тысячы кіламетраў. Па цяперашніх мерках амаль суседзі.  Тым больш што яшчэ з савецкіх часоў паміж дзвюма рэспублікамі ўстанавіліся партнёрскія адносіны. Мы добра знаёмыя з чарэшняй, персікамі, абрыкосамі з Малдовы, палюбілі смак малдаўскіх вінаў і каньякоў. У Малдове добра адгукаюцца аб беларускай тэхніцы. Шчырыя даверныя адносіны склаліся паміж нашымі краінамі і на палітычным узроўні. Таму Аляксандр Лукашэнка па-асабліваму цёпла сустракаў у Мінску Прэзідэнта Малдовы Мікалая Цімофці, які наведаў краіну з афіцыйным візітам. 



Нават пасля таго як аркестр скончыў іграць гімны дзвюх краін і ўрачыста адчаканілі крок ваеннаслужачыя роты ганаровай варты, прэзідэнты не спяшаліся пераходзіць да дзелавой часткі і, бадай, яшчэ з хвіліну, знаходзячыся на вуліцы, дружалюбна пра штосьці гутарылі адзін з адным.

На перагаворах у вузкім складзе бакі выказалі ўзаемную зацікаўленасць ва ўмацаванні эканамічнага партнёрства. База для гэтага ёсць. Толькі ўявіце: краіна з насельніцтвам 3,5 мільёна чалавек з’яўляецца чацвёртым у СНД гандлёва-эканамічным партнёрам Беларусі (пасля Расіі, Украіны і Казахстана). А ўпершыню дасягнуты тавараабарот у 400 мільёнаў долараў здзівіў нават Аляксандра Лукашэнку. Тым не менш у абедзвюх краін ёсць рэзервы для павелічэння аб’ёмаў узаемнага гандлю. Перашкодай тут не можа стаць нават арыентацыя Малдовы на Еўрасаюз і еўраінтэграцыю, упэўнены Аляксандр Лукашэнка:

— Мы не палітызуем факт падпісання Малдовай пагаднення аб асацыяцыі з ЕС і ўспрымаем гэта як дадзенасць. Ніколі такога не было, каб гэта было супраць Беларусі. Мы гэта вельмі цэнім. Вы можаце быць упэўненыя, што мы ніколі Малдове нічога дрэннага не рабілі і не зробім.


Прэзідэнт Малдовы Мікалай Цімофці (другі злева) падчас наведвання прадпрыемства "Штадлер" у Мінску

У Мікалая Цімофці і сапраўды няма падстаў у гэтым усумніцца. Ён цяпер меў усе падставы сказаць, што такія двухбаковыя адносіны, як з Беларуссю, ён жадае выбудоўваць з усімі. Ён так і сказаў, а затым дадаў:

— Будучыня краін Еўропы і свету знаходзіцца ў нашых руках.

Ён, вядома, меў на ўвазе, што ў руках усіх палітычных лідараў гэтых краін. Хоць гэтае ўдакладненне было ўжо без патрэбы. Часам магло здацца, што абодва прэзідэнты і без слоў выдатна разумеюць адзін аднаго. Такое разуменне дарагога вартае, улічваючы, што і Беларусь, і Малдова маюць пэўныя абавязацельствы перад партнёрамі па інтэграцыйных аб’яднаннях. Значыць, трэба думаць, як выкарыстаць перавагі рознанакіраванай інтэграцыі і мінімізаваць рызыкі для двухбаковага гандлю. Самы лагічны шлях Аляксандр Лукашэнка бачыць у стварэнні сумесных вытворчасцяў з выхадам на рынкі трэціх краін, уключаючы краіны Еўрасаюза і Еўразійскага эканамічнага саюза. Іншымі словамі, нашы краіны могуць і павінны стаць своеасаблівым мостам паміж дзвюма інтэграцыйнымі структурамі.

Першыя крокі да вытворчай кааперацыі ўжо зробленыя. У Малдове сёння вырабляюцца беларускія тралейбусы і трактары. На чарзе зборка аўтобусаў МАЗ. Ёсць зацікаўленасць у арганізацыі сумеснай перапрацоўкі малдаўскай плодаагародніннай прадукцыі ў Беларусі. З улікам развітой прамысловай і лагістычнай інфраструктуры наша краіна можа стаць пляцоўкай для перапрацоўкі, захоўвання і прасоўвання малдаўскіх тавараў на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза. Прымаюцца любыя прапановы. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка выстаўляе толькі адну ўмову:

— Галоўнае, каб гэтая прадукцыя была якаснай і прадпрымальнікі ішлі да нас з адкрытым сэрцам і душой. Ніякіх хабараў і пабораў! Перамог у тэндары — усё будзе сумленна і справядліва.

Наогул, перспектыўных праектаў нямала. У эканамічным плане Малдова пакуль значна адстае ад сваіх суседзяў. ВУП на душу насельніцтва ў краіне — крыху большы за 2 тысячы долараў. Наша краіна гатовая дзяліцца сваімі напрацоўкамі і досведам у сферы прамысловасці, будаўніцтва, сельскай гаспадаркі. Да прыкладу, у Малдове патрэбна рэканструяваць амаль 10 тысяч кіламетраў аўтадарог. Беларускія спецыялісты гатовыя падключыцца да будаўніцтва кальцавой дарогі вакол Кішынёва. На старце і мадэрнізацыя чыгуначнай галіны. І тут вельмі дарэчы прыйдуцца камфартабельныя электрацягнікі, што выпускаюцца кампаніяй “Штадлер” пад Мінскам. Беларуская нафтавая кампанія плануе арганізаваць у Малдове сумесную оптавую і рознічную сеткі па рэалізацыі беларускіх нафтапрадуктаў.

Але асноўная крыніца даходу для малдаван усё ж сельская гаспадарка. Як і ў нас, у Малдове няма радовішчаў мінеральных рэсурсаў. Таму прыходзіцца спаўна выкарыстоўваць тое, што дала прырода: урадлівыя землі і мяккі клімат. У краіне рэалізуецца маштабная Нацыянальная стратэгія развіцця сельскай гаспадаркі на 2014 — 2020 гады. Яна, у прыватнасці, прадугледжвае мадэрнізацыю малочна-таварных комплексаў. За досведам малдаўскія спецыялісты прыедуць да нас.

Мацнеюць кантакты і ў гуманітарнай сферы. Восенню гэтага года ў Малдове пройдуць Дні культуры Беларусі. А праз год чакаем з візітам у адказ малдаўскіх сяброў.

Па выніках перагавораў у Мінску падпісаны важкі пакет дакументаў па пытаннях супрацоўніцтва і абмену прававой інфармацыяй, узаемадзеяння ў сферы прамысловасці і міжрэгіянальных сувязяў.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што падчас перагавораў значная ўвага была нададзена пошуку новых фарматаў узаемадзеяння ў мэтах развіцця двухбаковых гандлёва-эканамічных сувязяў. Паводле слоў кіраўніка беларускай дзяржавы, перспектыўным напрамкам супрацоўніцтва з’яўляецца вытворчая кааперацыя, прытым ва ўсіх сферах узаемнай цікавасці з выхадам сумеснай прадукцыі на рынкі трэціх краін, уключаючы краіны Еўразійскага эканамічнага саюза і Еўрапейскага саюза. 

Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу і на тое, што ў палітычнай сферы ў бакоў няма абсалютна ніякіх праблем. Беларусь і Малдова канструктыўна ўзаемадзейнічаюць на міжнародных пляцоўках, у тым ліку ў рамках ААН, АБСЕ, СНД, іншых універсальных і рэгіянальных арганізацый. На думку беларускага лідара, варта таксама вітаць актывізацыю двухбаковага міжпарламенцкага дыялогу. 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што кіраўнікі дзяржаў правялі плённыя і прадметныя перагаворы. 

Лідары дзвюх краін з задавальненнем адзначылі высокую інтэнсіўнасць двухбаковых кантактаў у гуманітарнай сферы: навуцы, адукацыі, спорце, іншых галінах. 

“У Беларусі з Малдовай няма нявырашаных пытанняў і закрытых тэм для абмеркавання, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мы заўсёды ставіліся з увагай да важных для Малдовы пытанняў. Разлічваем, што малдаўскі бок будзе і ў далейшым, як цяпер, прытрымлівацца аналагічных партнёрскіх падыходаў”. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў дзвюх краін ёсць тая аснова, на якой можна выбудоўваць двухбаковыя адносіны. Ён выказаў упэўненасць, што пасля цяперашняга візіту ў Беларусь Прэзідэнта Малдовы краіны значна прыбавяць у супрацоўніцтве, хоць гэты ўзровень ужо сёння даволі высокі. “Але ёсць да чаго імкнуцца, ёсць куды расці, і мы поўныя рашучасці гэта зрабіць”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Яўген Конанаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter