Прафесар і мастак Вячаслаў Шамшур — пра карціны, выхаванне моладзі і першыя карункі, якія выразаў на кашулі

Дарога праз Станулёва

Якуб Колас у паэме «Сымон-музыка» пра свайго любімага і галоўнага героя Сымонку пісаў так: «У яго быў свет цікавы, // Свае вобразы, жыццё, // І ў душы яго ўсе з’явы // Сваё мелі адбіццё». Так і ў мастака Вячаслава ШАМШУРА, выхадца з невялікай вёскі Пціцкія на Міёршчыне, які працуе прафесарам кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і тэхнічнай графікі ў Віцебскім дзяржуніверсітэце. «Першы снег», 1995 год, кардон, пастэль: прышвартаваныя да берага лодкі, яшчэ не замерзлае возера і прыцярушаныя сняжком дахі хат. «Вёсачка Залессе» ў тэхніцы пастэлі: вакол снежны неруш, і толькі абкатаная каляіна, па якой, нібыта спарышы, пад руку крочыць пара. А вось «Старая яблыня»: ізноў пастэль, ізноў вёска, у якой, пэўна, небагата хат і жыхароў, затое прырода гаючая і не кранутая паспешлівай цывілізацыяй. Нядаўна персанальная выстава Вячаслава Шамшура размясцілася ў дзвюх залах абласнога мастацкага музея і доўжылася больш за вызначаны тэрмін, бо наведвальнікі працягвалі прыходзіць.

Вячаслаў ШАМШУР у майстэрні.

Малая і вялікая радзіма, прырода, віцебскія краявіды — вядучыя тэмы з натуры, якія мастак замалёўвае спачатку ў блакноце ў выглядзе накідаў, а потым рэалізуе ў форму лінагравюр, пастэлі ці жывапісу. Аднак галоўнае — гэта нават не тэхніка, а душа і настрой, укладзеныя ў мастацкі твор, бо толькі з імі праца ўдаецца. Адмахаць пэндзлем не мэта. Вячаслаў Шамшур імкнецца сам і вучыць сваіх падапечных не спяшаючыся перадаць унутраны настрой і светабачанне. Практычна 50 гадоў выкладае ва ўніверсітэце, 12 — загадваў спецыялізаванай кафедрай, за гэты час навучыўся знаходзіць кантакт з выхаванцамі, яны слухаюць прафесара, а ён чэрпае навізну і запал:

— Думаю, дзякуючы працы са студэнтамі ўдаецца выглядаць маладзей за свой фізічны і духоўны ўзрост. Яны энергічныя, вясёлыя, амбіцыйныя… У новага пакалення высокі ўзровень лічбавай адукацыі, але куды істотней талент, вопыт, уменне. Таму звычайна ладжу кантакт на творчай ніве. На асабістым прыкладзе паказваю, як трэба працаваць, знаходзіць сюжэты. Моладзь трымае мяне ў форме, шукаю новыя падыходы, тэмы, ідэі, бяру аловак і раблю графічныя падказкі. Выпрабоўваю не толькі выяўленчыя сродкі, але і метадычна-выхаваўчыя. Ці строгі я выкладчык? Не, стараюся паставіць хаця б мінімальны бал, бо наўрад ці адзнакамі можна нечага дасягнуць.

З самага дзяцінства Вячаслаў Шамшур нераўнадушны да мастацтва, дакладней — да прыроды, любоў да якой прывівала маці. У яе былі эмацыянальныя адносіны да ўсяго жывога, тлумачыла малому, як называецца кожная кветка, расказвала легенды пра азёры, таямніцы пра краявіды.

— Мяне гэта вабіла, узнікала жаданне ўсё зафіксаваць, адлюстраваць хаця б на паперы, каб прыгажосць не згубілася. Дагэтуль захаваліся працы, зробленыя ў чацвёртым класе. Памятаю адзін кур’ёз. Мама апранула мяне ў новую беленькую кашулю і адправіла паскакаць па канавах, лужынах, нібы мятлік. Заадно дала нажніцы, каб занёс навастрыць да дзеда ў кузню. Я выканаў заданне. Але ж трэба праверыць: ці добра навостраны? І пачаў на кашулі выразаць карункі, — усміхаецца Вячаслаў Шамшур. — Вялікае ўздзеянне аказваў на маю творчую арыентацыю і дзед, які заўсёды ставіў мне ў прыклад маладога мастака з расказаў Серафімовіча.

Многа твораў прысвячае малой радзіме — Міёршчыне. «Дарагія мясціны майго дзяцінства не даюць спакою. Іх цудоўныя сонечныя вобразы заўсёды стаяць перад маімі вачыма і вельмі часта з’яўляюцца ў снах. Лёсам наканавана нарадзіцца мне на Міёршчыне, у сціплым, але па-свойму прыгожым куточку Віцебшчыны, які называецца Беларускім Паазер’ем», — не хавае патрыятызму мастак у адным са сваіх вучэбна-метадычных дапаможнікаў. Якое месца займае малая радзіма ў ягонай творчасці? Без сумнення, вядучае, калі не па колькасці карцін, то па іх эмацыянальнай насычанасці.

— За сваё жыццё ні разу не быў у доме адпачынку ці санаторыі, адпачываю толькі на Міёршчыне. І адзін з найбольш упадабаных заняткаў — рыбалка, аздобленая мастацкім успрыманнем, эстэтыкай. Гэта не проста сядзець і глядзець на паплавок, а адчуваць асяроддзе, стан прыроды, нават дажджлівы — мілы і цікавы. Вяртаюся з рыбалкі, раблю накіды, стараюся занатаваць убачанае. На аркушы сажалка з масткамі, дарога, якая вядзе праз вёску Станулёва… — раскрывае ўяўленне мастак.

Другая радзіма — Віцебск, які таксама стаў упадабаным і родным. У сталічным мастацкім музеі нядаўна экспанаваліся лінагравюры па гэтай тэме, у якасці ўзнагароды — падзяка ад Міністэрства культуры. Над серыяй «Віцебск і Віцебшчына» Вячаслаў Шамшур працуе і зараз, рыхтуецца да персанальнай выставы з нагоды юбілею. Часты ўдзельнік шматлікіх пленэраў, дзе выкарыстоўвае мноства кішэнных блакнотаў. Вяртаючыся ў майстэрню, накіды ператварае ў завершаную кампазіцыю.

— Запамінаю гаму краявіду, трымаю ў галаве колеравае рашэнне, каб і стан прыроды перадаць, і крыху яго абвастрыць. Гэта можа быць тэхніка пастэлі або жывапіс алейнымі фарбамі. Пастэль ад жывапісу па сутнасці адрозніваецца колькасцю тонаў, чым большае імкненне перадаць багацце колераў, тым верагодней, што размова пра жывапіс. Адрозніваецца і тэхніка выканання. У першым выпадку карціны выконваюцца сухім матэрыялам у выглядзе крэйды, у жывапісе — алейнымі фарбамі, — тлумачыць мастак. — Паправіць прасцей за ўсё алейны жывапіс: на карціне «Пейзаж з паветкай» прыкладна тры-чатыры слаі, значыць, чатыры разы перапісваў. На сухі матэрыял з крэйды многа слаёў не пакладзеш.

Лінагравюры — асаблівая тэхніка, калі з адной дошкі можна аддрукаваць каля тысячы экзэмпляраў. Лінолеум наклейваецца на больш моцную аснову, робіцца эскіз, замалёўваецца чорным і пераводзіцца праз жоўтую капірку, далей у працу ўступаюць разцы… 

У майстэрні штукарыць ніхто не перашкаджае, тут ціша і спакой. Побач яр, дзе многа раслін і птушак, яны прылятаюць акурат да вокнаў. Наваколле, якім так захапіўся Вячаслаў Шамшур у дзіцячую пару, і зараз уражвае, радуе, натхняе. Яшчэ больш уплывае сям’я. Дачка Жанна пайшла татавай дарогай, скончыла мастацка-графічны факультэт, магістратуру і арганізуе выставы. Жонка Раіса Іванаўна хоць і прыхільнік дакладных навук, але зачаравана творчасцю мужа, ва ўсім яго падтрымлівае і адпускае ў майстэрню заўсёды, нават калі б, можа, і хацелася, каб пабыў побач.

Вячаслаў Вячаслававіч па-ранейшаму спяшаецца на заняткі і думае, чым захапіць выхаванцаў, каб яго прыклад пераймалі і станавіліся ад гэтага лепшымі. Адзінае, што можна было б у адукацыйным працэсе палепшыць, — дадаць спецыяльных дысцыплін. Тады вынікі ў творчым плане будуць вышэйшымі.

— Помню, калі вучыўся і выкладаў першыя гады, спецыяльных дысцыплін было значна больш, многія выпускнікі станавіліся сябрамі Саюза мастакоў. Ад колькасці гадзін, па-мойму, таксама многае залежыць, хаця энергія і напруга, укладзеныя ў іх, прыносяць значны эфект. У школе таксама зараз няшмат часу выдзяляецца на выяўленчае мастацтва, але для ахвотнікаў абмежаванняў няма — удасканальваюцца ў гуртках, студыях і паступаюць у ВНУ падрыхтаванымі, — перакананы прафесар.

Прыемна вучыць разумных і таленавітых студэнтаў для краіны, якая з кожным годам сталее і ўзмацняецца, рухаецца ў бок аднаўлення, паляпшэння і адбудовы. У тым і сэнс жыцця — у працы і прытрымліванні агульначалавечых прынцыпаў. Не кіруючыся высокімі ідэямі, Вячаслаў Шамшур сціпла і добрасумленна выконвае творчыя, адукацыйныя, маральныя абавязкі. І гэтага дастаткова, каб свяціцца шчасцем звонку і знутры, быць патрэбным і запатрабаваным. Закладзенае ў дзяцінстве — прачулыя адносіны да прыроды, асяроддзя, малой радзімы — працуе як індыкатар на працягу ўсіх гадоў.

basikirskaya@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter