Дарога да святыняў

Ніхто не стане аспрэчваць, што гісторыя царквы – гэта радаслоўная ўсялякай іншай гісторыі. Спадчына пазнаецца найбольш змястоўна і глыбока, калі яна вынікае з рэлігійнай спадчыны. Чаму? Таму што там ёсць святыні, якія народ спрадвеку шануе, якіх прытрымліваецца і якім падпарадкоўваецца. А яшчэ таму, што царква як уплывовы грамадскі і дзяржаўны інстытут на працягу стагоддзяў прыцягвае да сябе найбольш дасведчаных гісторыкаў-краязнаўцаў, яна назапасіла за гэты час багаты духоўна-культурны скарб. І гэты скарб, гэтыя святыні, як і традыцыйная частка жыцця народа, кладуцца ў аснову сучаснага краязнаўства. Многія аматары-даследчыкі родных мясцін звяртаюцца ў сваіх пошуках да царкоўных першакрыніц, дакументальных сведчанняў рэлігійнага кшталту.
Такая тэндэнцыя заўважана і на высокім рэспубліканскім узроўні. Сёлета Міністэрства культуры і Беларуская праваслаўная царква прынялі сумесную праграму супрацоўніцтва ў галіне культуры і творчай дзейнасці, аховы, аднаўлення і развіцця гістарычнай і культурнай спадчыны. Можна смела сказаць, што падобнага дакумента яшчэ не мела наша краіна. Яго зацвердзілі сваімі подпісамі міністр культуры Леанід Гуляка і мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт. І вось нядаўна па ініцыятыве групы мінскіх краязнаўцаў, уключаючы прадстаўнікоў Мінскага епархіяльнага ўпраўлення Беларускай праваслаўнай царквы, была праведзена сустрэча з уздзенскімі актывістамі гэтага руху. Хацелася пабываць у вядомых мясцінах, выявіць, наколькі гэтая праграма запатрабавана ў раёнах, ва ўстановах культуры. Натхняльнікам і арганізатарам паездкі стаў, як заўжды, Уладзімір Кісялёў, вядомы знаўца гісторыі Уздзеншчыны, усяго Наднямоння, аўтар шэрагу кніг па краязнаўстве. Яго, чалавека сталага ўзросту, непакоіць тое, што на пэўным этапе грамадскі краязнаўчы рух на Уздзеншчыне крыху паслабеў. Гэта звязана з шэрагам абставін, у першую чаргу з тым, што пайшлі з жыцця такія зацікаўленыя асобы, сапраўды народныя даследчыкі краю, як пісьменнік Алесь Махнач, Адам Александровіч, Ста-ніслаў Шкадзінскі, Іван Бельскі і іншыя. Каму пяройдзе занепакоенасць праблемамі, якія сталі для іх часткай жыцця? А ёсць і такія задумы, якія сёння трэба і можна рухаць далей. Возьмем выток Нёмана. Па сутнасці, ён страчаны падчас буйных меліярацыйных работ, пазначана толькі месца, адкуль бярэ пачатак славутая рака. Ці сядзіба вучонага ў галіне электраграфіі і магнетызму Якуба Наркевіча-Ёдкі. Сёння яшчэ ёсць сякія-такія рэшткі былых пабудоў, а што будзе далей? Летась сіламі райвыканкома і мясцовых падз-віжнікаў захавання спадчыны ўдалося аднавіць фамільныя могілкі Ёдкаў, на якіх, як мяркуецца, пахаваны і Якуб Атонавіч. Якісьці больш буйны праект па рэстаўрацыі сядзібы раёну не “пацягнуць”. Патрэбен дзяржаўны ўзровень, а можа, і міжнародны. Такі ж лёс, відаць, наканаваны і былому маёнтку Кухцічы, з якім звязаны імёны плеяды знакамітых беларускіх асветнікаў, уключаючы Сымона Буднага, братоў Кавячынскіх, графаў Завішаў, нарэшце, абаронцу беларускасці Магдалену Радзівіл. Прыкра, але пакуль ніяк не пазначана месца былой сядзібы памешчыкаў Булгарыных (паміж вёскамі Пырашава і Загоршчына), дзе нарадзіўся сучаснік Пушкіна, Лермантава, Грыбаедава Фадзей Булгарын. Наконт яго імя існуе самая рознабаковая думка і неадназначная ацэнка. Але ў той жа час ён — выдатны журналіст, буйны арганізатар выдавецкай справы, вядомы раманіст, які пакінуў прыкметную творчую спадчыну. Пра гэтыя праблемы гаварылі пасля на канферэнцыі-прэзентацыі кніг па краязнаўстве яе ініцыятар Уладзімір Кісялёў, намеснік старшыні райвыканкома Міхаіл Лапотка, рэферэнт мітрапаліта Генадзь Шэйкін, доктар гістарычных навук Леанід Лыч, настаўнік-пенсіянер Міхаіл Лазар і іншыя з тых, хто завітаў у той дзень у раённы гісторыка-краязнаўчы музей. — Мы з вялікай зацікаўленасцю далучыліся да такой сустрэчы, бо лічым, што трэба аднаўляць царкоўнае краязнаўства, якое доўгі час знаходзілася ў забыцці, — патлумачыў Генадзь Шэйкін. – Мы будавалі музеі баявой славы, адкрывалі пакоі памяці і музеі, прысвечаныя якімсьці асобным падзеям, што, дарэчы, і правільна рабілі, але пры гэтым упускалі яшчэ адну складаючую гісторыі роднага краю — гісторыю царкоўных прыходаў, якая, між іншым, вядзе свой адлік на нашых землях больш за тысячу гадоў. Акрэслены прабел, вядома, трэба ліквідоўваць агульнымі высілкамі. І добры прыклад тут паказалі самі ўздзенцы, калі далучылі да мерапрыемства святара ўздзенскай царквы айца Грыгорыя, які адслужыў малебен па дзеячах навукі і культуры. У рамках сустрэчы была аддадзена даніна памяці былому протаіерэю Міхаілу Навіцкаму, прылічанаму царквой да ліку навамучанікаў. Як вядома, у эпоху шалёнага ганення на царкву шмат святароў развіталіся з жыццём у турмах, лагерах, ссылках. Але былі такія, хто застаўся ў веры да канца. Што датычыць свяшчэннасповедніка айца Міхаіла, то ён загінуў ва Уздзе. А было гэта так. У 1935 годзе на Вялікдзень айцец Міхаіл быў моцна пабіты раз’юшаным натоўпам так званых атэістаў. Але пры гэтым яшчэ заставаўся некаторы час жывы. І палічыў сваім абавязкам адслужыць велікодную ўсяночную, што і зрабіў, толькі лежачы, бо ногі ў яго былі паламаны. На трэці ж дзень Вялікадня святар памёр. Гісторыя сям’і Навіцкіх мела свой незвычайны працяг у біяграфіі сына Мікалая, чые дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі ва Уздзе. Пасля сямігодкі ён пэўны час працаваў на чыгунцы ў Магілёве, а ў 1940 годзе быў прызваны ў Чырвоную армію. Ваяваў на Заходнім, потым на Паўночна-Каўказскім франтах. Загінуў 10 кастрычніка 1942 года, здзейсніўшы подзвіг, які 23 лютага 1943 года паўтарыў Аляксандр Матросаў. У Мікалая Навіцкага была толькі адна “перавага”: ён быў камандзірам ад-дзялення, старшым сяржантам, а яшчэ, відаць, жыў памяццю аб бацьку, які сам быў вялікім патрыётам сваёй Айчыны і гэтак жа выхоўваў дзяцей. І калі з замас-кіраванага варожага дзота ўдарыў кулямёт, Мікалай паспрабаваў закідаць яго гранатамі. Яны хутка скончыліся. І тады ён ірвануўся на агонь кулямёта... Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 31 сакавіка 1943 года гвардыі старшаму сяржанту Мікалаю Міхайлавічу Навіцкаму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза (пасмяротна). Ва ўшанаванне яго памяці на магістралях беларускай чыгункі курсіруе цеплавоз “Мікалай Навіцкі”. У аснове бацькавага і сынавага подзвігу—агульны “рухавік”: вера. Перакананасць у вышэйшай справядлівасці таго ўчынку, на які яны адважыліся. Для іх справядлівасць — таксама святыня. І прыйсці да яе магчыма толькі праз любоў да ўсяго, што побач, чым жывеш паўся-дзённа. Праз асэнсаванне ўсяго зместу такога блізкага і ў многім яшчэ не спазнанага паняцця, як родны край.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter