Дарога да Максімавай крынічкі

Філіял Літаратурнага музея Максіма Багдановіча «Фальварак Ракуцёўшчына» 22 ліпеня запрашае ўсіх на рэспубліканскае свята песні і паэзіі «Ракуцёўскае лета-2007».

Ракуцёўшчына — мясціна з надзвычай мяляўнічымі краявідамі — летам 1911 года, калі Максім Багдановіч адпачываў у дзядзькі Івана і Антона Луцкевічаў, стала для Песняра прыгожым куточкам Радзімы. Пасля таго як Максім пабываў там, у яго творчай біяграфіі з’явіліся новыя старонкі. Ён напісаў нізку вершаў «Старая Беларусь», дзе распавёў пра гісторыю Беларусі, беларускіх асветнікаў, паэмы «Вераніка», «У вёсцы», якія ўвайшлі ў цыкл «Мадонны», прысвечаны каханай паэта Ганне Какуевай. Тут здзейснілася мара Максіма Багдановіча — адбылася сустрэча з Айчынай.
Як расказала карэспандэнту «НГ» загадчык экскурсійна-масавага аддзела Марына Шыкавец, на свяце, якое пачнецца апоўдні, адбудзецца адкрыццё мемарыяльнай часткі экспазіцыі ва ўзноўленым Доме гаспадара. Пасля на пляцоўцы ля Максімавай крынічкі  будуць гучаць паэтычныя словы сучасных пісьменнікаў у гонар слыннага сына Беларусі. Прагучаць песні фальклорных гуртоў і эстрадных выканаўцаў горада Маладзечна. Арганізатары мерапрыемства запрашаюць быць не толькі гасцямі і гледачамі, але прапаноўваюць стаць яго саўдзельнікамі — быць шчодрымі на цёплыя словы і гарачыя апладысменты.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter