Дарога да Максіма Танка

Крыху па-іншаму зірнуць на жыццё Максіма Танка дазваляе пасля рээкспазіцыі школьны музей на малой радзіме класіка беларускай літаратуры.

Крыху па-іншаму зірнуць на жыццё Максіма Танка дазваляе пасля рээкспазіцыі школьны музей на малой радзіме класіка беларускай літаратуры. У прыватнасці, толькі ў Сваткаўскай сярэдняй школе Мядзельскага раёна можна ўбачыць радавод Яўгена Іванавіча Скурко да пятага калена. Успаміны родных і землякоў народнага паэта Беларусі, а таксама цікавыя дакументы вучні і настаўнікі школы збіралі падчас рэалізацыі педагагічнага праекта “Дарога да Максіма Танка”.

Цікавыя фотаздымкі з сямейнага архіва паэта, а таксама рэчы, што адлюстроўваюць побыт сялянскай хаты ў Пількаўшчыне, дзе ён нарадзіўся, дырэктар школы Ганна Тачыцкая паказвала мне разам з юнымі экскурсаводамі — вучнямі восьмых і адзінаццатых класаў.

Каб даведацца як мага больш пра свайго славутага земляка, на працягу трох гадоў школьнікі пад кіраўніцтвам педагогаў удзельнічалі ў паходах і этнаграфічных вандроўках, сустрэчах з людзьмі, якія ведалі Максіма Танка. Многія былыя настаўнікі будучага паэта і аднавяскоўцы ахвотна дзяліліся ўспамінамі. Дзякуючы гэтай працы быў складзены ўнікальны радавод сям’і. Высветліліся і цікавыя легенды. Напрыклад, аднавяскоўцы расказалі, што прадзед паэта Марк Скурко быў сапраўдным асілкам і мог лёгка валіць стогадовыя сосны.

У афіцыйнай біяграфіі класіка вы лёгка знойдзеце пералік яго паэтычных зборнікаў і ўзнагарод. Аднак мала дзе можна прачытаць аб тым, якім добрым сем’янінам быў знакаміты творца. Максім Танк вельмі пяшчотна ставіўся да сваёй жонкі Любові Андрэеўны — Любашы, Лю, першай слухачкі яго вершаў і крытыка. У іх было трое дзяцей: сын Максім і дочкі-двайняты Іра і Вера. Іх рэдкія дзіцячыя фотаздымкі таксама знаходзяцца ў экспазіцыі музея. 

Як расказала юны экскурсавод васьмікласніца Юля Калдун, класік любіў рыбалку, рыбу заўжды чысціў сам, каб не турбаваць каханую. Па ўспамінах аднавяскоўцаў, паэт наогул быў вельмі добрым і шчодрым чалавекам. Калі нехта завітваў да яго з просьбай дапамагчы, Яўген Іванавіч спачатку імкнуўся госця накарміць, і толькі потым пытаўся пра яго праблему.

Пры размове з вясковымі дзяўчатамі я не магла не падзівіцца, як прыгожа і мілагучна размаўляюць на роднай мове юныя зямлячкі народнага паэта. Для гэтых дзяцей беларуская паэзія — нешта большае, чым праграмныя творы ў кароткім пераказе. Па словах дзяўчат, ім падабаецца чытаць філасофскую лірыку Максіма Танка, яго патрыятычныя творы. Сярод сваіх любімых вершаў, напрыклад, васьмікласніца Марта Русак называе “Шчасце”, адзінаццацікласніца Крысціна Стрыжань — “Рукі маці”, “Мой хлеб надзённы” і “Нарачанскія сосны”.

— Дзякуючы такім праектам дзеці на мясцовым матэрыяле вучацца ганарыцца сваімі землякамі і развіваць свае таленты на карысць роднай зямлі, — лічыць дырэктар Сваткаўскай сярэдняй школы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter