Дараганава, дзе бяруцца самы на жыўцоў

Дараганава: вясна на зарэчных вулiцах

У Вялікім Княстве Літоўскім вякамі беларускімі землямі валодалі ў асноўным магнаты і больш дробная шляхта. На прасторах ад старажытнага Турава і да Нясвіжа гаспадарыў знатны род Радзівілаў. На ўсход ад урадлівых радзівілаўскіх ніў уладарылі заможныя Вітгенштэйны і Бокшы. Прыглянуліся іх багатыя на лясы землі знатным братам Дараганам. Напрыканцы пазамінулага стагоддзя яны выкупілі частку зямель у пойме ракі Пціч паміж Асіповічамі і Старымі Дарогамі.

Адзін з братоў — Восіп Дараган — кіраваў пабудаванай Рыжска-Арлоўскай чыгункай. На маляўнічым рачным узбярэжжы ён узвёў раскошны дом і перавёз сям’ю. Побач з маёнткам Восіпа Фёдаравіча паўстала чыгуначная станцыя Радуцічы на лініі Асіповічы — Слуцк. Вакол чыгункі стаў забудоўвацца пасёлак. Браты Дараганы адкрылі лесапілку. Потым пераабсталявалі яе ў лесазавод. Вырабленыя піламатэрыялы вагонамі адпраўлялі спажыўцам.

На пачатку мінулага стагоддзя ў гэтым пасёлку Новадарожскай воласці Бабруйскага павета Магілёўскай губерні адкрылася сямігадовая школа.

Пасля смерці гаспадара ўдава Лізавета Дараган звярнулася з пісьмом да губернатара перайменаваць чыгуначную станцыю Радуцічы ў Дараганава. Яе просьбу выканалі.

У Дараганава на пачатку мінулага стагоддзя неаднаразова ўрываліся кайзераўскія і белапольскія захопнікі. У першыя гады савецкай улады было арганізавана сельскагаспадарчае таварыства. Адкрыліся фельчарска-акушэрскі пункт, хата-чытальня.

З 1924 года вёска — цэнтр сельсавета Старадарожскага, потым Слуцкага.

У Вялікую Айчынную вайну нямецка-фашысцкія акупанты жорстка забілі больш за сотню тутэйшых, знішчылі дзясятак сядзіб. У навакольных лясах дзейнічалі партызанскія атрады. Мемарыяламі ўвекавечана памяць ахвяр вайны.

Статус аграгарадка Дараганава атрымала на пачатку гэтага стагоддзя.


ПРАЗ паўгадзіны пасля адпраўлення з Асіповіч прыгарадны цягнік накірункам да Слуцка спыніўся на чыгуначнай станцыі Дараганава. Чарговая вандроўка прывяла мяне ў гэты самы заходні куток Магілёўшчыны.

Вузкай сцежкай выйшаў на заасфальтаваную вуліцу аграгарадка. Да яе з боку лесу ўшчыльную падступаюць стромкія сосны, разгалістыя дубы, асіны і бярозы.

Доўга шукаць будынак сельвыканкама не давялося: ён за сотню метраў ад змураванага з чырвонай цэглы прывабнага чыгуначнага вакзала.

Жыхар аграгарадка Дараганава Сяргей УЛАСКОЎ і старшыня сельвыканкама Тамара ВАЛАДЗЬКО.

Пакуль старшыня сельвыканкама Тамара Валадзько завяршала неадкладныя справы, завязалася размова са спецыялістам па сацыяльнай рабоце Наталляй Жытнік. З тысячы жыхароў сельсавета трэцяя частка — пенсіянеры. За адзінокімі састарэлымі і інвалідамі замацаваны сацыяльныя работнікі. На тэрыторыі дзейнічаюць чатыры дамы сацыяльных паслуг. Штомесячна прадстаўнікі сельвыканкама разам з медыцынскімі работнікамі выязджаюць у вёскі, сустракаюцца з жыхарамі.

Старшыня сельвыканкама водзіць легкавік. Муж ледзьве ўгаварыў закончыць аўтакурсы. Адмаўлялася, лічыла, што не жаночая гэта справа. Пяць гадоў няма ўжо мужа, якому ўдзячна, што атрымала гэта пасведчанне. На легкавіку адправіліся ў вандроўку па Дараганаве.

Сядзібы аграгарадка раскінуліся паабапал чыгункі. Шмат новых дамоў і лецішчаў на ўзбярэжжы ракі Пціч. Над падворкамі ўзвышаюцца крыжы царквы Святога Панцеляймона. Ад чыгункі да векавога разгалістага дуба вядзе вузенькая вулачка. Паабапал яе акуратна прыбраныя агароды з садовымі дрэвамі. Зялёным дываном газона ўсцелены двор, дзе гаспадарыць сям’я масквічоў. Белакаменную сталіцу яны прамянялі на беларускі аграгарадок.

БОЛЬШ за сорак гадоў таму прыехаў працаваць урачом у бальніцу выпускнік Віцебскага медінстытута Аляксандр Зэйдаль. Ажаніўся, пабудаваў дом. З жонкаю Алінай Пятроўнай, якая таксама ўрач, выхавалі трох дачок і сына. Захапляецца Аляксандр Канстанцінавіч пчалярствам. Засталі яго каля вулляў. Але доўга затрымацца нам пільныя пчолы не далі. Ледзьве паспеў выхапіць пякучае джала з рукі.

Хобі загадчыка ўчастковай бальніцы Аляксандра ЗЭЙДАЛЯ — пчалярства.

З пчальніка адправіліся ў лясніцтва. Арыгінальны ў форме церама будынак вокнамі глядзіцца на сасновы бор, напоўнены птушынымі галасамі. Ляснічы Алег Караленя больш за трыццаць гадоў узначальвае калектыў. Два дзясяткі рабочых абслугоўваюць 8600 гектараў лесу, пераважная большасць якога — сасна. З-за масавага распаўсюджвання караеда давялося спілаваць спелы лес на паўсотні гектарах. На 30 гектарах пасадзілі дубкі, бярозкі, лістоўніцы, елачкі і са- сонкі. Актыўна вясною нарыхтоўвалі бярозавік. Амаль паўтары сотні тон адправілі на перапрацоўку на Старадарожскі ага- роднінасушыльны завод.

Ляснічы Дараганаўскага вопытна-вытворчага лясніцтва Алег КАРАЛЕНЯ.

Аператарам харвестара на нарыхтоўцы драўніны працуе бацька шматдзетнай сям’і Дзмітрый Караткевіч, з якім сустрэліся на дагледжаным падворку. Жонка яго Аксана Аляксандраўна — педагог. Пакуль у дэкрэтным адпачынку. Трое дзетак у іх. Меншаму Алёшку трэці гадок. Прыватызавалі новы катэдж у аграгарадку Каўгары, што за некалькі кіламетраў ад Дараганава. Апрацоўваюць каля дома амаль паўгектара зямлі.

Аксана і Дзмітрый КАРАТКЕВІЧЫ з сынам Аляксеем.

Вялікі агарод і ў сям’і вальшчыка леса Ігара Мельніка з вёскі Радуцічы. Яго жонка Наталля Аляксееўна загадвае клубам, а ў летні сезон прымае ад насельніцтва грыбы і ягады. Летась нарыхтавала 6 тон чарніц і 200 кілаграмаў лісічак. Кіруе вакальнай групай «Весялухі». Часта выступае ў Радуцічах народны ансамбль народнай песні «Вяселле» з суседняга аграгарадка Каўгары. Радуціцкаму клубу больш за 80 гадоў. Уцалеў у вайну драўляны будынак. Тут адзначаюцца вясковыя святы. У былыя гады, калі было шмат моладзі, кожную суботу заліваўся ў клубе гармонік. З загадчыцай Наталляй Мельнік прайшлі ў глядзельную залу, больш падобную на гасцёўню. На сценах — вышыўкі, посцілкі. Даматканымі ручнікамі ўпрыгожаны вокны.

Спявачкі вакальнай групы «Весялухі» Вікторыя ПАЎЛАВА, Наталля ГОЦІНА, Тамара ПЫКА і Раіса ВАСІЛЬЕВА.

ЦІКАВАЙ выдалася экскурсія і ў школьны краязнаўчы музей, які заснавала настаўніца Зінаіда Верашчака. На парозе нас сустрэла Валянціна Аўдзейчык. Да выхаду на пенсію яна настаўнічала ў Бабруйску. З сям’ёй вярнулася ў бацькоўскі дом у Дараганава. Захапіў яе ўнікальны музей. Цяпер Валянціна Ігнатаўна тут дырэктар і экскурсавод. Узгадала, як сабраныя юнымі следапытамі экспанаты туліліся ў школьным пакоі. Настаўніца Зінаіда Верашчака напісала тады ліст у Адміністрацыю Прэзідэнта з просьбай дапамагчы пабудаваць краязнаўчы музей. Ідэю яе ў сталіцы падтрымалі. Арыгінальны двухпавярховы будынак упрыгожыў аграгарадок.

На двух паверхах у некалькіх экспазіцыйных залах адлюстравана гіс- торыя Дараганава. Фае ўпрыгожвае незвычайная скульптура казачнага дрэва, вырабленая з кедра і ліпы. Падараваў яе таленавіты зямляк Ігар Лізура. Пасля выставы ў Парыжы вярнулася ў школьны музей і пано скульптара Лізуры, вырабленае да 500-гадовага юбілею Францыска Скарыны.  

Цікава распавядала Валянціна Ігнатаўна пра арыгінальную мэблю гаспадара маёнтка Восіпа Дарагана. Па-майстэрску вырабленыя крэслы, кухонны буфет захоўваліся ў мясцовых сем’ях, адкуль яны трапілі ў школьны музей.

Сям’я Дараганаў захаплялася музыкай. Была ў іх скрыпка сусветнавядомага італьянскага майстра Страдывары, аб чым сведчыць музейны дакумент. Пасля рэвалюцыі эканом маёнтка Загароўскі перадаў яе сыну Уладзіміру. Людзі спыняліся каля дома Загароўскіх ад чароўных гукаў музыкі. Пасля вайны скрыпка знікла. Захаваліся толькі дакументы. Пачулі мы і гісторыю пра адважную Марыю Гагеное, якая апошняй валодала мясцовымі землямі і захаплялася паляваннем. Аднойчы забіла мядзведзя. Скура яго захоўваецца ў Нясвіжскім палацы.

Сярод экспанатаў самыя розныя рэчы. Паказала Валянціна Аўдзейчык адмысловыя рамесніцкія нажніцы, што засталіся ад яўрэя-рамесніка. Яго, як і ўсе яўрэйскія сем’і Дараганава, фашысцкія акупанты расстралялі. Засталася адзіная сведка той страшэннай трагедыі.

Хата 80-гадовай Тамары Бараноўскай стаіць на той самай вуліцы, па якой азвярэлыя фашысты гналі людзей на расстрэл. Пяцігадовай дзяўчынкай разам з маці і старэйшым братам Эдзікам праз плот яны глядзелі, як крочыла калона вязняў. Пасля хвіліны ўнутранага хвалявання Тамара Пятроўна ўзгадала, як з калоны жанчына каля іх дома прамовіла: «Кузьмічова, вазьмі!» і кінула прыгожую белую хустку. Такое ніколі не забыць… Як сцямнела, вяскоўцы ўпотайкі хадзілі на месца расстрэлу. Сярод высокіх сосен узвышаецца мемарыяльная пліта з выбітымі на ёй словамі «У памяць яўрэяў вёскі Дараганава, расстраляных нацыстамі ў маі 1942 года» і прозвішчамі 86 чалавек. Вакол помніка ціха пагойдваліся вершаліны сосен.

Сведка ваенных падзей Тамара БАРАНОЎСКАЯ.

Над мемарыялам шэфствуюць вучні сярэдняй школы — дзіцячага сада. У былыя гады настаўнічала тут сястра вядомага пісьменніка Міхася Лынькова Ганна Ціханаўна. Год таму педкалектыў узначаліла Жанна Пінчук. Дырэктар ганарыцца, што разам з пяццю іншымі навучальнымі ўстановамі Магілёўшчыны летась школа ўключана ў пяцігадовы інавацыйны праект па ўкараненні этнакультурных тэхналогій. Адноўлена для старшакласнікаў прафарыентацыя. З мінулага года дзесяцікласнікам выкладаюцца ўводзіны ў аграрную прафесію. Практычныя заняткі праводзяцца на жывёлагадоўчай ферме ў вёсцы Пратасевічы.

Педагогам у школе-інтэрнаце пачынала сваю працоўную дзейнасць старшыня сельсавета. Тамара Валадзько выкладала родную мову і літаратуру, потым была завучам. На пачатку двухтысячных школу-інтэрнат закрылі. Сто чалавек засталіся без працы. Прамысловых прадпрыемстваў і сельскагаспадарчых арганізацый у аграгарадку няма. Сельвыканкам дапамагаў людзям працаўладкоўвацца ў сярэднюю школу, дзіцячы садок, участковую бальніцу, вопытны лясгас, філіялы розных раённых службаў. Тамара Юльянаўна паспытала журналісцкага хлеба ў асіповіцкай раёнцы. Дзясяты год працуе ў сельвыканкаме, палову з іх — старшынёю. Будынак школы-інтэрната перадалі сацыяльнай установе для адзінокіх інвалідаў. Па суседстве ў дамах жывуць сем’і педагогаў.

Па мурожнай сцежцы зайшлі ў двор Іраіды Цюрынай. Яна выкладала нямецкую мову. З 35 выпускаў Іраіда Іванаўна памятае многіх вучняў. Сярод іх — навукоўцы, розныя спецыялісты, перадавікі вытворчасці. Штогод выпускнікі прыязджаюць у куток свайго дзяцінства.

Педагог Іраіда ЦЮРЫНА.

НЕ ТОЛЬКI выхаванцаў школы, але і інвестараў цікавіць Дараганава. Першы намеснік старшыні Асіповіцкага райвыканкама Сяргей Ананіч бачыць перспектыву створанага расійскімі інвестарамі сельгаспрадпрыемства «Сельгасінвест». Вяскоўцы атрымалі працоўныя месцы. Узначаліў калектыў Пётр Шукаловіч. Амаль дзесяць гадоў Пётр Яўхімавіч кіраваў Асіповіцкім раёнам. На 10 тысячах гектараў раскінуліся ўгоддзі гаспадаркі, якая спецыялізуецца на вытворчасці малака і мяса.

Пётр Яўхімавіч лічыць, што важна памяняць псіхалогію людзей, стварыць матывацыю да працы. Сёння галоўны клопат у яго — веснавыя палявыя работы. Неабходна засеяць звыш 4000 гектараў. Ужо завершана сяўба яравых зерневых. Тэхніка чакае выхаду на кукурузныя плантацыі.

Завяршылася вандроўка наведваннем фермерскай гаспадаркі «АзБел-Фартуна» Сарвана Халілава. Фермер атрымаў у карыстанне 400 гектараў зямлі і намераны займацца авечкагадоўляй, развя-дзеннем мясных індыкоў і вырошчваннем буякоў, маліны і гародніны. У пабудаванай за вёскай Камарына кашары ўжо ўтрымліваецца 600 галоў рознапародзістых авечак. З Галандыі завезены індыкі. У планах прадпрымальніка — будаўніцтва цяпліц для вырошчвання гародніны, а таксама жылых дамоў для працаўнікоў.

Фермер Сарван ХАЛІЛАЎ.

Не толькі прывабнымі краявідамі, багатымі ўловамі на самоў, але і цудоўнымі людзьмі славіцца заходні куточак Магілёўшчыны.

Асіповіцкі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter