Прафесар Белдзяржсельгасакадэміі Уладзімір Быкаў: Час патрабуе вышукваць новыя формы падтрымкі ў грамадстве прэстыжу вясковых прафесій

Дар жыцця

Час патрабуе вышукваць новыя формы падтрымкі ў грамадстве прэстыжу вясковых прафесій, — упэўнены прафесар Белдзяржсельгасакадэміі Уладзімір Быкаў


З ГЛУХОЙ барысаўскай вёскі Бутэлеўшчына ў першыя пасляваенныя гады толькі два юнакі атрымалі атэстаты аб заканчэнні сярэдняй школы. Адзін з іх, Уладзімір БЫКАЎ, марыў стаць юрыстам, але закончыў агранамічны факультэт Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі і чатыры дзесяцігоддзі прысвяціў падрыхтоўцы спецыялістаў-аграрыяў. Кандыдацкую дысертацыю абараніў у Беларускім навукова-даследчым інстытуце эканомікі і арганізацыі. Падрыхтаваў першы ў рэспубліцы падручнік па арганізацыі і тэхніцы вядзення бізнес-перамоў, распрацаваў навуковую сістэму падрыхтоўкі кадраў, падтрыманую Саветам рэспубліканскага навукова-метадычнага аб’яднання Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і рэкамендаваную для сельскагаспадарчых навучальных устаноў, займаўся навуковымі даследаваннямі арганізацыі працы, надрукаваў звыш ста метадычных і эканамічных артыкулаў. Стажыраваўся ў Дрэздэнскім універсітэце навукі і тэхнікі і англійскім Універсітэце Дэ Манфорт. 

Вышэйшая атэстацыйная камiсiя Рэспублiкi Беларусь прысвоiла  Уладзіміру Уладзіміравічу званне прафесара па спецыяльнасці “эканоміка”. Узнагароджаны медалём “Ветэран працы”, знакам Міністэрства вышэйшай адукацыі СССР “За выдатныя поспехі ў працы”, ганаровымі граматамі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства адукацыi, Міністэрства эканомiкi Рэспублiкi Беларусь. 

ДОЎГІМІ халоднымі піліпаўскімі вечарамі аўдавелы Яўхім Быкаў узбіраўся на цёплы чарэн печы і пад гул ветру ў коміне зачароўваў унукаў-падлеткаў незвычайнымі гісторыямі свайго жыцця. Хлопчыкі Сяргейка і Валодзя i іх сястрычка Ганначка, разамлелыя ад цяпла, пад дзедавыя байкі салодка засыналі. Жылі ў цеснай хатцы на краі глухой вёсачкі Бутэлеўшчына, што паміж Барысавам і Крупкамі. Бацька дзяцей, Уладзімір Яўхімавіч, слыў чалавекам майстравітым і іх такімі выхоўваў. У вольны ад працы на калгаснай ферме час вырабляў бёрды для ткацкіх станкоў і забяспечваў імі навакольныя вёскі. З бёрдаўшчыкам Быкавым разлічваліся хто збожжам, а хто мясам ці бульбай, і сям’і жылося лягчэй. 

Мясцовыя сяляне займаліся не толькі земляробствам. У былыя часы выраблялі шкляны посуд. Перад Першай сусветнай вайной шкляная гута згарэла, а вёска так і засталася Бутэлеўшчынай. 

Калектывізацыя аб’яднала сялян у агульную гаспадарку. Мірную працу хлебаробаў перарвала вайна. Большасць мужчын пайшлі на фронт. Уладзімір Быкаў па стане здароўя застаўся дома. У навакольных лясах сталі фарміравацца атрады народных мсціўцаў. Праз стрыечнага брата Міхася  наладзілі сувязь з партызанамі і ўвесь перыяд акупацыі перадавалі ў атрад прадукты харчавання, цёплую вопратку. Неаднойчы рызыкавалі жыццём. Летам 1944 года Чырвоная Армія вызваліла вёску ад гітлераўцаў, і  Уладзімір Быкаў разам з іншымі землякамі адправіўся на фронт. У жорсткім баі за ўзяцце Кёнігсберга атрымаў цяжкае раненне і санітарным поездам быў адпраўлены на лячэнне ў тылавы ваенны шпіталь прыволжскага горада Канаш. Туды прыйшло пісьмо ад родных: нарадзіўся трэці сынок, Міця. 

Майскім сонечным днём 1945 года параненыя байцы шпіталя пачулі страляніну за вокнамі і прынялі яе за налёт фашысцкіх самалётаў. Усхваляваныя павыляталі з будынка і пачулі: “Перамога!” Усіх агарнула небывалая радасць. Толькі восенню пасля выздараўлення баец Быкаў вярнуўся дамоў і з горыччу даведаўся, што з-за хваробы ў часы варожай акупацыі памерла дачушка Рая. Кожнай сям’і вайна прынесла сваё гора. Многія вяскоўцы не вярнуліся з франтоў. 

Аднаўляўся калгас, у якім былому франтавіку даручылі даглядаць коней. Ніколі не павышаў голас на сваіх гадаванцаў і дзяцей, якія дапамагалі яму на стайні, вучыў чулліва адносіцца да жывёлы. У начным хлопчыкам пад трэск вогнішча, хрумстанне коньмі сакавітай травы і заварожваючы сэрца салаўіны пошчаўк самыя звычайныя гісторыі падаваліся небывала цікавымі, а мары абавязкова здзяйсняльнымі. Пад раніцу сон зморваў падросткаў, і, прачнуўшыся, ляцелі пераймаць табун са збожжавай руні.

Упраўляцца па хатняй гаспадарцы бацькам дапамагалі дзеці. Больш вольнага часу было, калі вучыліся ў пачатковай школе, што знаходзілася побач у Бутэлеўшчыне. У старэйшыя класы хадзілі  ў вёску Зачысце, дзе вучыўся і будучы касманаўт Уладзімір Кавалёнак.

— Адны і тыя ж настаўнікі нас выхоўвалі, толькі ў розныя гады, — адзначае прафесар Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Уладзімір Быкаў. — На ўроках літаратуры быццам вандравалі з героямі мастацкіх твораў. У дзясятым класе трапілі ў рукі “Літаратурныя мроі” Вісарыёна Бялінскага, і чытаў іх запоем. Так проста і даступна напісана. Любіў і ўрокі матэматыкі. Хатнія заданні выконваў самастойна. Бацька закончыў некалькі класаў, а маці так і не засвоіла пісьмо. Чытаць словы па складах яе навучылі на курсах лікбезу, якія праводзіла вясковая моладзь. У нашай хаце зімовымі вечарамі збіраліся жанчыны. З кніжкай у руках садзіліся бліжэй да лямпы і пачаргова чыталі, а ўсе сцішана слухалі. 

Жыла вёска і песнямі. Усе палявыя работы выконвалі толькі ўручную. Тэхнікі ніякай не было. Вяскоўцы выходзілі ў поле жаць збажыну сярпамі, касіць косамі. Пад песні працавалі. Ішлі сена сушыць і зграбаць таксама з песнямі. На сенажаць нашы сялянкі апраналіся прыгожа, быццам на свята, і над пакосамі луналі прывольныя спевы. За доўгі летні дзень натомімся на лузе ці ў полі, а дамоў вяртаемся з песнямі. 

Наша вёсачка невялікая, на паўсотні двароў. Нават магазіна не было, толькі школка пачатковая. Атэстат сталасці атрымаў у Мала-Жаберыцкай сярэдняй школе суседняга Крупскага раёна. У тыя першыя пасляваенныя гады не ўсе маглі вучыцца. З нашай вёскі толькі стрыечны брат Сцяпан Быкаў і я закончылі дзесяцігодку. Мае равеснікі рана пачыналі працаваць у калгасе, бо не было за што жыць. За вучобу ў старэйшых класах плацілі. Бацькі збіралі капейку да капейкі, каб вывучыць мяне. На летніх канікулах з братамі і сястрой працавалі на торфапрадпрыемстве. Зараблялі на падручнікі і сшыткі.  Дабіраліся да балота пешшу і ўручную капалі торф, сушылі яго пад сонцам. 

За дзесяць гадоў школьнай вучобы ў мяне ні ў адным класе не было ўсіх падручнікаў. На перапоўнены першы клас было два буквары: на беларускай і рускай мовах. Дзеці з нашай вёскі горш па-руску чыталі, таму вучыліся па беларускамоўнаму буквару. Аднагодкі з суседніх Верацей асвойвалі рускамоўны буквар. Падручнік хадзіў па ўсяму класу. Была і кніжка для чытання ўслых. Пакуль яна даходзіла да мяне, то запамінаў тэкст і на памяць выдаваў яго. Не было сшыткаў. Практыкаванні па пісьму і матэматыцы пісалі на даваенных шпалерах, газетах. 

—Уладзімір Уладзіміравіч, сярэдняя школа закончана, і сто дарог адкрылася перад вамі. Як выбіралі жыццёвы шлях?

— Юнацкая рамантыка прывяла ў Мінскі юрыдычны інстытут. Мой школьны ідэал Ленін меў юрыдычную адукацыю. І я вырашыў стаць юрыстам. Два ўступныя экзамены здаў на выдатна і два — на чацвёркі, але па конкурсу не прайшоў. Вярнуўся ў вёску і да восені працаваў у калгасе, а з верасня пайшоў вучыцца ў Барысаўскае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі, якое закончыў і адразу па камсамольскай пуцёўцы адправіўся на казахстанскую цаліну. Камсамольскі цягнік прыбыў у Кустанай, дзе нас сустрэлі з аркестрам і адправілі ў саўгас імя Лермантава Урыцкага раёна, землі якога раскінуліся каля прыгожага возера Слаўнае. Кіраваў гаспадаркай генерал-маёр Канеўскі. Будавалі саманныя хаткі, падобныя на ўкраінскія мазанкі. Год выдаўся неўраджайны, і ўбіраць не было чаго. Вярнуўся дамоў у Бутэлеўшчыну і працаваў падлікоўцам да восені, пакуль не прызваўся ў армію.

— Чым запомнілася салдацкае жыццё?

— Высокай дысцыплінай і арганізаванасцю. Служыў тры гады ў ваенным гарадку непадалёку ад Мазыра. Удзельнічаў у злёце выдатнікаў ваенна-палітычнай і баявой падрыхтоўкі Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі.

— Не спрабавалі зноў паступаць на юрыдычны факультэт?

— З юнацкімі мроямі адышло жаданне стаць юрыстам. Яшчэ ў час службы адправіў дакументы на агранамічны факультэт Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі і атрымаў выклік на ўступныя экзамены. Кіраўніцтва воінскай часці на месяц раней адпусціла мяне. У Горках не толькі я здаваў экзамены ў армейскай форме. Паступіў у акадэмію і атрымаў інтэрнат. З першага курса актыўна ўключыўся ў грамадскае жыццё. Паспяваў спраўляцца з вучобай і грамадскімі абавязкамі.

— Будучыя аграномы практыкаваліся ў лепшых гаспадарках. Дзе вам выпала праходзіць вытворчую практыку?

— Мяне і аднакурсніка Яўхіма Чэхава накіравалі на сем месяцаў у нясвіжскі калгас імя Калініна, якім кіраваў вядомы старшыня Якаў Аляксанкін. Праз гады яму прысвоілі званне Героя Сацыялістычнай Працы. Нас уладкавалі на кватэру да вясковай гаспадыні. Калгас аплачваў пражыванне і харчаванне. Штодзённа ў 6 гадзін раніцы Якаў Васільевіч пачынаў планёрку, на якую збіраліся ўсе спецыялісты, а пасля заканчэння ён вазіў нас па палях, фермах. Знаёміў з гаспадаркай, расказваў пра каталікоў і праваслаўных, што вякамі мірна жылі тут. У рэлігійныя святы яны на працу не выходзілі. Аляксанкін даваў каманду на выдачу па пуду хлеба за працу ў святочныя дні, якія прыпадалі на сяўбу ці ўборку сельгаскультур. 

Нам Якаў Васільевіч прапанаваў занятак апрабатараў. Напачатку шасцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя на бульбяніках сталі з’яўляцца першыя каларадскія жукі. Мы аглядалі палеткі і вышуквалі лічынкі шкодніка, але так ніводнага за ўсё лета не знайшлі. 

Практыкавацца ў сноўскі калгас прыехалі ранняй вясной і завяршылі вытворчую практыку глыбокай восенню, калі закончыліся палявыя работы. За гэты перыяд мне ўдалося правесці дослед па хімічнай праполцы лёну. Прымяніў 80 варыянтаў унясення мінеральных удабрэнняў з мікраэлементамі. Прааналізаваў вынікі і адлюстраваў іх у дыпломнай рабоце.

— Не было прапановы на працу ў Сноў?

— Там аграномаў хапала. Мяне запрасілі на пятым курсе ў Магілёўскі абкам камсамола. Пачынаў з інструктара, і калі стаў загадчыкам аддзела, накіравалі на вучобу ў Мінскую вышэйшую партыйную школу. Пасля працаваў у Асіповічах, Глуску. Паступіў у аспірантуру і пасля заканчэння яе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Уплыў узроўню кваліфікацыі кіруючых кадраў на эфектыўнасць сельскагаспадарчай выторчасці”. Вывучаў інфармацыю пра эканамічную дзейнасць і адбор кіруючых кадраў у 180 гаспадарках дзевяці раёнаў  Магілёўшчыны. Для падрыхтоўкі дысертацыі карыстаўся дакументамі абкама партыі. Там на кожнага спецыяліста гаспадарак мелася картка, у якой фіксаваліся асноўныя вытворчыя і адукацыйныя звесткі. Тэма маёй дысертацыі і зараз актуальная.

— У тыя гады высока трымаўся прэстыж аграрнай кузні кадраў. А чым тлумачыцца падзенне рэйтынгу сельгасакадэміі?

— Недахопамі ў выхаванні моладзі. У сродках масавай інфармацыі мала чалавека працы. Асабліва на тэлебачанні і радыё. Нізкапробнымі серыяламі і музычнымі хітамі забіты эфір. Няма папулярызацыі сельскіх прафесій. Камерцыялізацыя запаланіла грамадскасць. Быццам няма ў нас цікавых аграномаў, заатэхнікаў ці інжынераў. Колькі іх у нашых вёсках, на прыкладзе якіх можна вучыцца. Сёння спецыялісты гаспадарак зарабляюць няблага. 

Наша выпускніца прыслала пісьмо ў сельгасакадэмію з Бабруйскага раёна, куды яе размеркавалі галоўным спецыялістам у СВК, забяспечылі жыллём у інтэрнаце. Штомесяц атрымлівае высокую зарплату. Па буднях занята працай, а ў выхадны няма дзе адпачыць. Выратоўвае тэлевізар, а маладой дзяўчыне хочацца сустрэч з равеснікамі. З сяброўкай збіралася выхадны правесці ў Бабруйску, але чым вярнуцца назад? Аўтобусны маршрут толькі раз у дзень. Можа, у аграгарадках сітуацыя і лепшая. 

Другая былая студэнтка паведаміла, што ні дня лішняга пасля заканчэння вызначанага тэрміну не застанецца ў вёсцы. Не з-за заробкаў і сацыяльна-бытавых умоў, а менавіта з-за вясковага суму, ад якога нікуды не схавацца. Гэта праблема дзяржаўнай значнасці, і яе трэба неадкладна вырашаць. 

У нашай вёсцы не было клуба, але збіраліся ў хаце, ладзілі канцэрты мастацкай самадзейнасці. Было цікава і весела. Прафесія вясковага спецыяліста мела высокі рэйтынг. Мая маладосць выпала на пасляваенныя гады. Вакол панавала беднасць, але адчувалі высокую адказнасць, хваляваліся за кожную адзнаку ў заліковай кніжцы, бо гэта ўплывала на стыпендыю. Калі хто з сяброў страчваў яе, уся група падтрымлівала, каб было за што жыць. Нават уявіць не маглі, як можна без прычыны прапусціць заняткі. Вечарамі сядзелі за падручнікамі ў студэнцкай бібліятэцы, займаліся. Цяпер у кожнага персанальны камп’ютар. Сённяшняя моладзь высокаэрудыраваная, але менш старанная.

— Уладзімір Уладзіміравіч, вы як сялянскі сын самі будавалі сваё жыццё. Ці лічыце сябе шчаслівым? 

— Цяжка адназначна адказаць. Кожны ў гэтае слова ўкладвае свой сэнс. Шчасце, калі твае сваякі здаровыя, у сям’і лад, працай задаволены. Я на свой лёс не крыўдую. У дзяцінстве мы вясною на полі збіралі гнілую бульбу, з якой пяклі чорныя бліны і ўпляталі іх. Сушылі кветкі канюшыны і елі. І лічылі сябе шчаслівымі. Кожны мой крок па жыцці пакінуў свой след. Шмат часу аддаваў вучобе, навуцы. Доўга халасцякаваў, і нават маці хвалявалася, чаму не жанюся. 

— Дачакалася нявесткі?

— Ажаніўся пад сорак гадоў. Маці ўжо згубіла зрок, калі знаёміў яе са сваёй нявестай Нінай, якая нарадзілася ў Гродне. Бацька яе быў вадзіцелем першага сакратара абкама партыі Сяргея Прытыцкага. Потым іх сям’я пераехала ў Горкі. І зараз мая жонка Ніна Мікалаеўна працуе загадчыкам радзiльнага аддзялення Горацкай раённай бальніцы. Наша дачка Галіна закончыла факультэт бухгалтарскага ўліку Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі і  працуе загадчыкам кабінета на кафедры кіравання. Сын Сяргей пасля заканчэння эканамічнага факультэта стажыраваўся ў Англіі, закончыў магістратуру ў Тайвані. Перакваліфікаваўся ў праграміста. Маем унукаў.

— Уладзімір Уладзіміравіч, будучай вясной у вас — васьмідзесяцігоддзе. Паважаны ўзрост. Што яшчэ не паспелі зрабіць?

— Многае. Не абараніў доктарскую дысертацыю. Ужо амаль усё было гатова, і раптам страшэнны дыягназ — анкалогія. Дваццаць гадоў таму атрымаў такі прысуд. Успомніў, як у дзяцінстве мяне ў царкву вадзіла бабуля. Раніцай на каленях у хаце перад абразамі маліліся, а сябры ў акно гэта бачылі і пасмейваліся з мяне. Калі ішоў на аперацыю ў Бараўлянах, думаў, як Гасподзь распарадзіцца. Аперыраваў вопытны хірург Віктар Ціханавіч Кахнюк. Ад майго бальнічнага ложка не адыходзіла жонка. Паступова ўсё пайшло на папраўку, і пра хваробу забыў. Дзякую Бога за дар жыцця. Мару выдаць новыя падручнікі для студэнтаў і сустрэць яшчэ не адну вясну.

Уладзiмiр СУБАТ

Горацкі раён

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter