Больш за 50 сваіх кніг пакінуў па сабе вядомы пісьменнік Янка Сіпакоў

Дар ад вялікай душы

Больш за 50 сваіх кніг пакінуў па сабе вядомы пісьменнік Янка Сіпакоў. А землякам у Оршу ён і родзічы перадалі клапатліва сабраную ім праз усё жыццё вялікую бібліятэку.


Янка Сіпакоў у Зубрэвічах. 2011 г.

“Дарагому другу і земляку ва ўсіх сэнсах (і па зямлі і па сэрцу) Янку Сіпакову на добры ўспамін. Ул. Караткевіч. 21 лютага 1978 г.” — унікальны аўтограф днямі даслалі ў рэдакцыю разам з фотаздымкамі супрацоўнікі аршанскай Цэнтральнай бібліятэцы імя А. С. Пушкіна. Караткевіч засведчыў сяброўства і зямляцтва з Іванам Данілавічам на кнізе-нарысе “Зямля пад белымі крыламі”, якая пабачыла свет у Мінску ў 1977-м. 

Сёння тая кніга з аўтографам — каштоўны экспанат у спецыяльнай бібліятэчнай чытальнай зале “Бібліятэка Янкі Сіпакова”. Дарэчы, можа тут да месца было б, каб не блытацца ў бібліятэках, і сакавітае слова: “кнігазбор”? Увогуле там 5 268 экзэмпляраў кніг, перададзеных у Оршу самім Іванам Данілавічам, а пасля яго смерці пра тое рупіліся жонка Раіса Фёдараўна, сын Сяргей Іванавіч. “Я не набыў вялікіх скарбаў, ні золата, ні дыяментаў, але ў мяне ёсць адна каштоўнасць — кнігі. Кнігі — мае сябры. Я збіраў іх усё жыццё і, як адзначаюць знаўцы, гэта, бадай, самая лепшая бібліятэка ў Мінску. Я падараваў сваіх сяброў вам, каб у іх з’явілася многа сяброў-чытачоў. Гэтыя кнігі дастойны быць у гарадской бібліятэцы і хачу, каб яны былі менавіта ў Оршы,” — пісаў Янка Сіпакоў у звароце да гарадскіх улад. Інфармацыю з гісторыі з’яўлення ў горадзе кнігазбору земляка знаходзім на сайце бібліятэкі http://orshalib.by/biblioteka-ya-sipakova.html. У бібліятэцы ж 21 студзеня прайшла літаратурна-музычная гасцёўня “Я голас ваш…”, прысвечаная 80-м угодкам пісьменніка Янкі Сіпакова, заслужанага дзеяча культуры Беларусі, лаўрэата Дзяржпрэміі БССР імя Янкі Купалы.


“У першабытным свеце абжываюся...”

Цікава згадаць, як у працяг творчага сяброўства з Караткевічам у Янкі Сіпакова на пачатку 2000-х гадоў узнікла задума: напісаць цыкл нарысаў пра адметнасці беларускай мовы, песень, ежы, гумару, адзення, абрадаў і гэтак далей. Тэксты пачыналі друкавацца на старонках часопіса “Беларусь”, дзе мы ў той час разам працавалі. Неяк, на пачатку праекта, я выказаў меркаванне: маўляў, Караткевіч у “Зямлі пад белымі крыламі” рабіў нешта падобнае… Іван Данілавіч усміхнуўся: “Караткевіч на зямлю нашу нібы зверху паглядзеў — а цяпер трэба і зблізку да беларусаў прыгледзецца”. Між тым “наследаванне Караткевічу” лёгка прачытваецца і ў назве сіпакоўскай кнігі “Зялёны лісток на планеце Зямля”, якая пазней пабачыла свет: таксама ж як “від зверху”... 

Помніцца яшчэ, як шчыраваў загадчык аддзела літаратуры часопіса “Беларусь” Янка Сіпакоў улетку, датэрмінова здаючы запланаваныя матэрыялы. А быў жа стымул: галоўрэд і сябар яго, Аляксандр Шабалін, адпускаў вяскоўца за тое на тыдзень-другі “на касьбу” ў Зубрэвічы — на Аршаншчыну, у Прыдняпроўе. Тады ж нараджаліся творы для яго рамана-містыфікацыі ў апавяданнях “Зубрэвіцкая сага”: кніга выйшла ў 2010-м, пісалася ў 1997-2007-м. “Я цяпер у першабытным свеце абжываюся, і цяжка вельмі на сучаснасць пераключыцца…” — пажартаваў неяк Іван Данілавіч, калі на лятучцы мы гаварылі пра актуальнасць часопісных публікацый. Зрэшты, напісаў ён і востра публіцыстычную “размову з самім сабою” пра часы “прыхватызацыі” 90-х, калі ўсе раптам збяднелі, замаўляў і рыхтаваў да друку апавяданні, вершы, аглядаў кніжныя навінкі пад псеўданімам “Глеб Цішук” і даўнейшыя нумары “Беларусі” як “Крыху Іранічны Чытач”. Карацей, працавітасці, разнастайнасці творчых клопатаў пісьменніка-пенсіянера можна было пазайздросціць. Жывы класік, помніцца, падаваў і маладзейшым прыклад здаровага ладу жыцця, галантнага абыходжання з жанчынамі, у адзенні ж аддаваў перавагу касцюмам з гальштукамі, умеў парадавацца поспехам калег.


На сёлетнім, 80-м юбілеі пісьменніка ў Оршы


Юбілеі: з юбілярам і без яго

Часопіс “Беларусь”, аднак, перажываў на пачатку 2000-х не лепшыя часы, выходзіў з перабоямі, таму вядомы пісьменнік, журналіст, галоўны рэдактар часопіса “Гаспадыня” Зіновій Прыгодзіч запрасіў сябра ў сваю каманду “у 2004-м ці 2005-м”. Разам яны і працавалі, пакуль 10 сакавіка 2011 года, у хуткім часе пасля 75-годдзя, Янкі Сіпакова не стала. Зіновій Кірылавіч сам у той час быў у бальніцы. Шкадуе, што пайшоў Іван Данілавіч без пары, і што пахаваны вядомы, заслужаны чалавек “на звычайных могілках у Калодзішчах, пад Мінскам”. 

Ведаючы, што Зіновій Кірылавіч разам з Навумам Гальпяровічам быў у Оршы, калі там адзначаліся 80-я ўгодкі Янкі Сіпакова, я папрасіў яго падзяліцца ўражаннямі. А згадаў ён спачатку, як 26 студзеня 2011 года ездзілі яны з сябрам туды ж, на юбілейную ўрачыстасць. “Увогуле ж не любіў ён юбілеі: бянтэжыўся, неахвотна ішоў на сустрэчы з чытачамі... — згадвае Зіновій Кірылавіч. — А была і яшчэ важная прычына паехаць у Оршу: у бібліятэцы рыхтавалася да адкрыцця чытальная зала “Бібліятэка Янкі Сіпакова”. Ён перадаў туды больш за пяць тысяч кніг, у тым ліку і ўнікальных, з аўтографамі людзей знакамітых, з розных краін. Гэта вялікая культурная каштоўнасць”. 

Тады, заўважым, не ўсе яшчэ кніжкі былі перададзены. Доўга ішлі ўзгадненні, урэшце мясцовае начальства прыняло пастанову, у бібліятэцы пад кнігазбор класіка-земляка адвялі асобны пакой. “Тое было важна не толькі для Івана Данілавіча, які быў усцешаны, што яго ідэю падтрымалі, — лічыць сябар. — Мець такую каштоўнасць вельмі важна і для яго землякоў-аршанцаў. Я быў сведкам і сёлета: людзі там пастаянна бываюць, заходзяць у сіпакоўскую залу школьнікі, студэнты. І гэта, мяркую, толькі пачатак працы, у тым ліку і навукова-даследчай. Школьнікі прыходзяць на экскурсіі — далучаюцца да сапраўднай літаратуры, вучацца на прыкладзе твораў земляка любіць сваю зямлю, малую радзіму. Там, дарэчы, асобна стаяць кнігі, якія расказваюць пра яго родныя Зубрэвічы”.  


Вокладка аўдыёкнігі Янкі Сіпакова

У 2011-м сябры-пісьменнікі выступалі як у раённай, так і ў гарадской бібліятэках — цяпер яны сталі адной аршанскай Цэнтральнай бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Вельмі хораша, душэўна, згадвае Зіновій Прыгодзіч, прайшлі мерапрыемствы, што заняло нямала часу. А яны ж паехалі і ў Зубрэвічы, кіламетраў за дзесяць, калі ўжо вечарэла. “Мне вельмі хацелася пабыць у той хаце, дзе Янка летаваў апошнія 5-7 гадоў, — кажа Зіновій Кірылавіч. — Гэта хата яго дзядзькі, ён яе выкупіў ды з сям’ёй улетку жыў там. Янка з задавальненнем правёў мяне па роднай вёсцы. А такая снежная была зіма, што да хаты і не падабрацца. Паўшляху прайшлі — вярнуліся, бо ў Янкі былі лёгкія туфелькі: я пабаяўся яго прастудзіць. Здалёк палюбаваліся хатай, гаварылі... А потым гасцявалі ў Янкавай пляменніцы”.

Калі вярталіся, ужо за поўнач, у Мінск, юбіляр быў усцешаны, расчулены. Казаў: дзеля гэтага было варта і жыць, і працаваць. А працаўнік ён, згадвае сябар, быў нястомны: “Кожны дзень працаваў, без выхадных і святаў. Як надаралася хвіліна — садзіўся за стол: раніцай, днём, вечарам... Часам працаваў да гадзіны-дзвюх ночы. Неяк я запытаў: “Іван Данілавіч, не стамляешся ты, працуючы кожны дзень?” А ён кажа: “Я стамляюся, калі не пішу. А калі пішу — проста адпачываю душой”. У яго выйшла 55 кніжак! Чаму ён і сам здзіўляўся: няўжо я столькі напісаў! І нават, падаецца мне, калі б Янка Сіпакоў напісаў толькі тры кнігі — ён застаўся б назаўсёды ў прыгожым пісьменстве, і не толькі беларускім. Я маю на ўвазе “Зубрэвіцкую сагу” (гімн яго малой радзіме), “Зялёны лісток на планеце Зямля” (гімн Беларусі) ды “Веча славянянскіх балад” (гімн усяму славянству)”. 


Ад знаёмства да сяброўства

І сёлетняя паездка ў Оршу Зіновія Прыгодзіча парадавала. Там шануюць памяць пра земляка: і ў бібліятэцы, і ў школах. “Шчыра і неказённа ўсё атрымалася, з веданнем зместу твораў гаварылі пра Янку яго землякі, — згадвае субяседнік. — Настаўніца Алена Яўгенаўна Панкратава прывяла беларускамоўны клас. Вучні чыталі вершы Янкі Сіпакова на памяць. У зале было чалавек 100, шмат моладзі. Вочы гараць, убіраюць тое, што расказваеш — гэта радасць і прыемнасць”. Ён расказваў пра сяброўства, якое доўжылася амаль 35 гадоў. Калі ў 1977-м Зіновій Прыгодзіч пачаў працаваць у сектары літаратуры ЦК кампартыі Беларусі, пазнаёміўся з пісьменнікам Барысам Сачанкам, а праз яго — і з Янкам Сіпаковым. 


Янка Сіпакоў. Орша, 26 студзеня 2011 года.

З гадамі тое павярхоўнае знаёмства перарасло ў глыбокае сяброўства. “Апошнія гадоў сем разам і працавалі, бачыліся амаль кожны дзень, — дзеліцца Зіновій Кірылавіч. — Мы адзін аднаго падтрымлівалі, цікавыя размовы вялі пра жыццё — не толькі пра літаратуру. То ён паказваў, расказваў, што напісаў, то я сваё. З часам я ацаніў у сябры не толькі ягоную выключную працавітасць, але і абавязковасць. Гэта мне сімпатычна ў любым чалавеку, а тым больш — у чалавеку такога таленту. Бо слава і заслугі, што хаваць, часам і вялікім людзям ускружваюць галаву, і сваё слова яны не заўсёды трымаюць, асабліва ў зносінах “з простымі людзьмі”. А Янка, ведаю, перад усімі, хто б ні быў, калі нешта паабяцаў, то абавязкова выконваў абяцанае. І яшчэ ён вельмі ўмеў сябраваць — а гэта далёка не кожны ўмее. Бывае, сяброўства разумеюць так: сябар мне павінен. А Янка лічыў: наадварот, ён павінен сябру. Помню, прыйдзе, гляне, кажа: “Дружа мой, нешта ты засумлены... Прызнавайся, што здарылася?” Ну проста наскрозь чалавека бачыў! Як ні стараўся я свой настрой хаваць — ніяк. І калі нечым я дзяліўся, што балела, то ён тактоўна, далікатна разводзіў бяду. І цяплей адразу станавілася на душы”.

І надарылася, згадвае Зіновій Кірылавіч, глухая сітуацыя ў кнігавыданні: “У яго дзве кніжкі напісаныя ляжалі, без ходу. Маркоціўся: што рабіць? Ніхто не бярэ... “Зялёны лісток...” я нават пайшоў у Міністэрства прабіваць. Даводзіў: гэта прыгожа, цікава, пазнавальна, патрыятычна... Кніга, і цяпер упэўнены, павінна быць на стале кожнага школьніка, як і Караткевічава “Зямля пад белымі крыламі”. Цікава, дарэчы, што два сябры-аршанцы напісалі такія моцныя кнігі! І яна стаяла ў плане, мастаку на афармленне аддалі. Ды штосьці не склалася, сказалі: забярыце, выдаваць не будзем. І без тлумачэнняў. Янка вельмі перажываў...” 


Аўтограф ад Уладзіміра Караткевіча

Ну чаго ж не зробіш дзеля сябра! На шчасце, выдавалася тады серыя “Бібліятэка часопіса “Гаспадыня”, і галоўрэд паспрыяў, каб выйшла кніга Янкі Сіпакова “Наталенне смагі”. “Гэта пачуццёвы, філасофскі дзённік майго сябра, дзённік яго настрояў, — радуецца зробленаму Зіновій Кірылавіч. — А яшчэ для яго была дарагая кніга “Малады вецер” — кніга мужчынскіх апавяданняў: вельмі тонкая, далікатная. Цнатлівая... У выдавецтве “Харвест” у 2006-м выдалі эсэ “Зялёны лісток на планеце Зямля: Партрэт Беларусі”, кніга і перавыдавалася ў 2010-м. І гэта, уяві сабе, быццам прарвала нейкую плаціну! У 2010-м у серыі “Лімаўскі фальварак” выйшла “Зубрэвіцкая сага” і яго “Выбранае” ў “Школьнай бібліятэцы”... І было: за год — 3 кніжкі. Як быццам нехта наверсе спяшаўся парадаваць Янку пры жыцці. Выдаць усё, што было створана: каб ён са спакойнаю душою адышоў. А неўзабаве ён раптоўна захварэў і сышоў”.


Кніга — як малітоўнік

На сёлетнім свяце ў Оршы і пісьменнік Навум Гальпяровіч дзяліўся ўспамінамі пра Янку Сіпакова, чытаў прысвечаны яму свой верш. Увогуле гаспадары і госці з цеплынёй згадвалі Івана Данілавіча, яго творы, у якіх адлюстроўваюцца і глыбей спазнаюцца-даследуюцца самыя розныя чалавечыя рысы, звычкі, думкі, пачуцці, нават падсвядомыя памкненні... У зале была і пляменніца Івана Данілавіча, Шачанок Тамара Анатольеўна — яна цяпер працуе завучам у Зубрэвіцкай сярэдняй школе. Шмат цікавага расказала пра зносіны з дзядзькам, яго добразычлівы характар. “Мы калі ў 2011-м з Янкам ездзілі ў Зубрэвічы, то гасцявалі менавіта ў яе, — удакладняе Зіновій Кірылавіч. — І загасцяваліся — далёка за поўнач, таму вярталіся ў Мінск глыбокай ноччу. І вось на гэты раз Тамара, трымаючы ў руках дзядзькаву кнігу “Наталенне смагі”, гаварыла: для яе гэта вельмі дарагая кніжка. Яна цяпер — як малітоўнік для яе: адкрывае амаль штодня і па старонцы-дзве чытае. Кранальна было вельмі такія словы чуць”. 

Школа, дарэчы, у Зубрэ­вічах цяпер вялікая: двухпавярховая, каменная. Сябру ж Янка Сіпакоў расказваў: у той, дзе ён вучыўся ў 40-50-я гады, было некалькі будынкаў. Адзін разбурыўся, другі яшчэ ліпіць. Пісьменнік сумаваў: і старой-роднай школы, у якую тупаў усе школьныя гады, няма, і новую не мог прызнаць за сваю. 

Дарэчы, сёлета на свяце ў Оршы гаварылі: гэтулькі напісаў зямляк пра родныя Зубрэвічы, а памяць яго  ўшанавана там хіба школьным музеем. То можа, разважалі мы з Зіновіем Кірылавічам, валун ля хаты тае, дзе ён жыў-летаваў, з мемарыяльнаю дошкаю паставіць? Бо і хата ж не вечная... Ці бібліятэку мясцовую яго імем назваць? Ці вуліцу? Ад старое часткі вёскі засталося хатаў дзесяць, якія з гаспадарамі дажываюць век. А забудова, з катэджаў, казаў сябру Іван Данілавіч, для яго чужая. Там вырас новы пасёлак, шмат людзей прыезджых. А з другога боку: у гарадах сотні вуліц носяць імёны людзей, якія там і блізка не бывалі... То можа і адну з зубрэвіцкіх назваць у гонар класіка-земляка? А ў Оршы? А ў Шклове, дзе малады журналіст Сіпакоў працаваў у райгазеце? А ў Мінску?.. Самая пара ў Год культуры і 80-х угодкаў Янкі Сіпакова пра тое думаць. Каму? Можа сабраць “Талаку згоды” з сяброў абодвух пісьменніцкіх саюзаў (бо ў сапраўднага ж сяброўства не бывае межаў...), прыхільнікаў творчасці, прадстаўнікоў улады, дзеячаў культуры...


Зіновій Прыгодзіч: “З гадамі наша павярхоўнае знаёмства з Янкам Сіпаковым перарасло ў глыбокае сяброўства”

Гаварылі мы і пра тое, што экскурсіі школьнікаў, студэнтаў, якія з усёй краіны едуць у Оршу “да Караткевіча”, маглі б выходзіць і на сцежкі-шляхі яго сябра-земляка Янкі Сіпакова. Толькі мясцовым ула­дам, а таксама дзеячам культуры (скульптарам, мастакам, пісьменнікам...) варта парупіцца, каб было што, акрамя яго кнігазбору, паказваць. Напрыклад, у розных кнігах пісьменніка ёсць згадкі пра родны кут. Для пачатку б гэта сабраць, сістэматызаваць — можа прыдацца, напрыклад, і пад час правядзення мастакоўскіх пленэраў у Зубрэвічах, пры Дняпры. Тымі краявідамі любаваўся Іван Данілавіч. У тых мясцінах жылі і цяжкія ўспаміны, балелі яго глыбокія, з дзяцінства, душэўныя раны: фашысты закатавалі ўвесну 1943-га яго бацькоў, і ён з сёстрамі Нінай і Пашай рос сіратою... І тыя ж мясціны, праз яго творы, сталі ўжо часткаю нашай супольнай культуры: “Супрацьтанкавы роў перад Зубрэвічамі зарос травою і краскамі. Ён аплыў, згладзіўся часам і ўжо выглядае сучасным пагоркам. 

Пагорак пачынаецца адразу ж за нашымі зубрэвіцкімі градамі. На ім любіць і сёння збірацца зубрэвіцкая моладзь...” Гэта  радкі з заключнай часткі “Зубрэвіцкай сагі”. Гэта — пра гісторыю зямлі нашай, а значыць і пра нас з вамі... 

Іван Ждановіч

Фота: Таццяна Калтунова, Сяргей Сляпцоў


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter