Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Тыдзень памяці педагога, навукоўца, аўтара першых беларускіх падручнікаў па прыродазнаўстве Пятра Лярскага прайшоў у Магілёве

Даніна павагі настаўніку

Для беларусаў замежжа кожная вестачка з Беларусі — каштоўная. Бываючы ў іншых краінах, сама часам дзіўлюся, з якой радасцю сустракаю землякоў, адгукаюся на ўсякую згадку пра Бацькаўшчыну. То можна сабе ўявіць, што адчувала ў Грузіі намесніца старшыні суполкі “Беларускія сябры” Лідзія Лярская-Шацірышвілі, калі даведалася: у родным ёй Магілёве праходзіць Тыдзень памяці яе бацькі Пятра Лярскага. Педагога, навукоўца, географа, аўтара першых беларускіх школьных падручнікаў па прыродазнаўстве. Як прызналася супляменніца, хваляванням, эмоцыям не было канца.

На адкрыцці мемарыяльнай дошкі навукоўцу Пятру Лярскаму ў Магілёве

Чаму чалавеку такі гонар? Бо адзначаюцца 100-я ўгодкі Пятра Аляксеевіча. У Магілёўскім дзяржуніверсітэце імя А. А. Куляшова, дзе ён доўгі час працаваў, зроблена фотавыстава “Геаграфія душы”, прысвечаная памяці навукоўца. Вядомы фотамастак Аляксандр Ліцін прадставіў 37 работ, на іх — маляўнічыя куточкі Прыдняпроўя. Аб фотапраекце ёсць згадка на ўніверсітэцкім сайце, старонцы Беларускага геаграфічнага таварыства ў Фэйсбуку. Там, у прыватнасці, прыводзяцца словы прафесара кафедры прыродазнаўства Ігара Шарухі наконт таго, што Лярскага і Ліціна звязвала моцнае сяброўства. Ліцін афармляў ілюстрацыямі адно з апошніх даследаванняў навукоўца, прысвечанае прыродзе Магілёўскай вобласці. Лярскі меў чорна-белыя фотаздымкі прыблізна 60-х гадоў, а Ліцін здолеў адлюстраваць тыя ж мясціны ў колеры. І рэктар універсітэта, прафесар Дзяніс Дук цэніць вялікі ўнёсак, які зрабіў Пётр Лярскі ў развіцці айчыннай адукацыі ды навукі.

Лідзія Пятроўна прыехаць на адкрыццё выставы не змагла: затрымалі справы ў Грузіі. Але яна паўдзельнічала ў падрыхтоўцы Тыдня, ведала й пра адкрыццё памятнай дошкі (скульптар Андрэй Вераб’ёў) на адным з будынкаў універсітэта: па вуліцы Першамайскай, 44. “Мы былі ўвесь час на сувязі з магілёўскім майстрам, — пісала мне супляменніца. — Праглядвалі эскізы, нешта ўдакладнялі. Вельмі ўдзячны прафесару Ігару Шаруху за ініцыятыву па ўсталяванні дошкі ў гонар бацькі, а таксама Магілёўскаму аддзелу Беларускага геаграфічнага таварыства, жыхарам горада — за сабраныя сродкі”. У святочных імпрэзах удзельнічалі сын, нявестка, унукі ды пляменнікі вучонага, яго былыя студэнты. У артыкуле “Эстафета сяброўства і талентаў” (ГР, 23.03.2017) мы пісалі: “Брат Лідзіі Лярскай-Шацірышвілі, Сяргей Лярскі — геолаг. Працуе ў Маскве ў сістэме “Росатом”, узначальваў геалагічныя вышукі пад будаўніцтва Беларускай АЭС пад Астраўцом”. На адкрыцці выставы “Геаграфія душы” Сяргей Пятровіч казаў, што на здымках фотамастака Аляксандра Ліціна ён пазнае родныя мясціны: “Вось наша вёска Рымінка ў Чавускім раёне, знаёмыя з дзяцінства азёры, рэчкі… Што да фотаздымка “Люцынка. Валожынскі раён”, то гэта — сапраўдны жывапіс, гімн роднаму наваколлю”.

Вядомасць Пятру Лярскаму як педагогу прынёс падручнік для студэнтаў “Геаграфія” (напісаны разам з Мікалаем Ратабыльскім): ён разышоўся па ўсіх рэспубліках былога Саюза, некалькі разоў перавыдаваўся. А “Дапаможнік па краязнаўстве” (1966) прынёс аўтару славу ў навуковым асяродку. У 1971-м ён выдаў для беларускіх школьнікаў падручнік “Прыродазнаўства” (3 клас), прызнаны лепшым у СССР, а ў 1975-м пабачыў свет і падручнік для 4 класа. Плёнам працы Пятра Лярскага стала выданне своеасаблівай энцыклапедыі “Прырода Магілёўскай вобласці” на беларускай (2005) і рускай (2006) мовах. “Тата заўсёды вельмі шмат працаваў, — пісала Лідзія Пятроўна. — Памятаю, нават на прыродзе ён раскладваў на пяньку паперы і ўсё нешта пісаў, пісаў... Калі працаваў над падручнікам па прыродазнаўстве, увесь дом быў у дзіцячых кніжках. Ён перачытаў шмат казак, загадак... Мае дочкі, на жаль, не вучыліся па татавых падручніках: у 90-х змяніліся праграмы навучання. Але ў школе ўсе ведалі іх як унучак знакамітага дзеда. Па падручніках Лярскага вучыліся мае пляменнікі, дзеці дваюрадных братоў і сясцёр”.

Дарэчы, Пётр Лярскі — аўтар больш чым 170 навуковых прац па гісторыі геаграфіі, геаграфіі Беларусі ды краязнаўстве. Пра яго дзейнасць напісана кніга, знятыя фільмы: два ў серыі “Нашы славутыя землякі”, адзін — у серыі “Созидатели”. Ураджэнец Чавускага раёна Магілёўшчыны, Пётр Лярскі, быў адным з арганізатараў Беларускага геаграфічнага таварыства, членам Геаграфічнага таварыства СССР (1947). У 2006-м ён стаў лаўрэатам прэміі “Чалавек года Магілёўскай вобласці”.

У Тыдзень Пятра Лярскага ў Абласной бібліятэцы імя Ул. Леніна прайшоў вечар памяці “Чалавек-легенда з Магілёва”, у вучэбным корпусе №3 МДУ імя А. Куляшова адкрыты адпаведны мемарыяльны куток. А яшчэ “Белпошта” выдала маркіраваную паштоўку з партрэтам навукоўца, і сярэдняй школе №21 Магілёва нададзена яго імя.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 6 (3558), чацвер, 8 лютага, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter