Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Споўнілася 90 гадоў вядомаму беларускаму паэту з Масквы

Даніна павагі Івану Бурсаву

Сярод мноства дзіцячых кніжак і ягоныя па-ранейшаму запатрабаваныя. Маладыя мамы ў нэце раяць набыць “Девяносто пять ежей”, аўтары якой Эма Машкоўская ды Іван Бурсаў. “Яе вельмі любіць мой сын, — піша адна з іх, — бо ў ёй усё проста і  зразумела для малога. Ёсць модуль з чатырма кнопкамі — агучка вершаў, а ўнутры шмат малюнкаў, вершаў. Чытаем перад сном”.

youtube.com

Як бачым, творы Івана Цярэшкавіча, 90-гадовага юбіляра, запатрабаваныя ў любым фармаце, іх можна чытаць і ў любым узросце! У гонар вядомага беларускага паэта з Масквы, які 19 снежня 2017 года адзначаў юбілей, ладзілася літаратурная вечарына і ў Брылёўскай сельскай бібліятэцы Магілёўскага раёна.

Вестку пра тое нам даслаў сябар газеты, пісьменнік Сяргей Панізьнік — разам са спасылкай на фотарэпартаж у нэце. Адкрыўшы тэкст, мы даведаліся, што на вечарыне пра жыццёвы і творчы шлях Івана Цярэшкавіча Бурсава расказала бібліятэкар Юлія Яцкова. Нашы чытачы ведаюць (гл. публікацыі: “Маскоўскі беларус Іван Бурсаў”, а таксама “Ад казак свет святлее” — ГР, 6.10.2016), што ўраджэнец Магілёўшчыны, які даўно жыве ў Маскве, — аўтар шматлікіх зборнікаў вершаў. Нарадзіўся ён у1927 годзе ў горадзе Клімавічы, на Магілёўшчыне. Пачынаў літаратурную творчасць у Беларусі, з часам знайшоў сваё адметнае месца ў паэзіі. Але ад Бацькаўшчыны не адарваўся: жывучы больш за 50 гадоў у Маскве, ён стаў таленавітым прадстаўніком беларускай літаратуры і культуры ў Расіі.

На вечарыне пісьменнік Мікола Яцкоў расказаў пра сяброўства Івана Бурсава з вядомымі беларускімі паэтамі: Рыгорам Барадуліным і Сяргеем Панізьнікам. Шмат у юбіляра іншых сяброў-творцаў на Бацькаўшчыне. Удзельнікі вечарыны з цікавасцю знаёміліся з рэдкімі фотаздымкамі Івана Бурсава, якія з 25 сакавіка па 1 красавіка 1969 года зрабіў на V Усесаюзнай нарадзе маладых пісьменнікаў у Маскве малады Сяргей Панізьнік.

Мы ведем, што Іван Бурсаў піша лёгкія, вобразныя вершы для дзяцей, а гэта ж вельмі складана: дзеці тонка адчуваюць сапраўдную паэзію. Тое імкнуліся перадаць і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці з Брылёўскага сельскага Дома культуры Павел Дайнека, Анастасія Дубавая, Аляксандра Іванова, Варвара Какоўка, Аліна Куляшова і Лілія Паршнёва — яны чыталі як рускамоўныя вершы юбіляра, так і пераклады іх на беларускую мову. У бібліятэцы ёсць кніжная выстава па творчасці юбіляра, ладзілася відэапрэзентацыя — з кадрамі, на якіх юбіляр чытае свае вершы.

Голас Радзімы № 2 (3554), чацвер, 11 студзеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter