Іншы раз лаўлю сябе на думцы, што горда адчуваю сябе ў сваім доме старажылам

Дамашні юбілей

На мінулыя выхадныя ўзялася навесці парадак у скрынцы з дакументамі. Глянула – божачкі, чаго ў ёй толькі няма! Школьныя ганаровыя граматы і падзякі, табель паспяховасці за першы клас, камсамольскі білет, прафсаюзны, нейкія квітанцыі, старыя чытацкія білеты, нават акцябрацкая зорачка…


Нечакана з гэтага ўсяго выпала пацёртая, складзеная ўдвая паперчына. Разгарнула – ордар на кватэру, маю хрушчоўку 1964 года пабудовы. Пакруціла ў руках, ужо хацела выкідаць – навошта ён, даўно на яе тэхпашпарт выпісаны, як раптам у галаве стрэльнула: дык гэта ж дому майму пяцьдзясят споўнілася. Круглая дата, што ні кажы. А ў такім выпадку пра юбіляра варта ўспомніць.

Некалі кватэра гэта належала бацькам майго мужа. Уяўляю, як радаваліся яны, простыя рабацягі, перасяляючыся ў новую пяціпавярхоўку з густанаселенага драўлянага барака. А тут у параўнанні з ім — цэлыя харомы ў два пакоі з сумешчаным санвузлом і пяццю «квадратамі» кухні! І дарма, што кватэра ў панэльным доме, з прахаднымі пакойчыкамі-пеналамі, і што па нейкай дзіўнай задумцы архітэктара няма ў ёй, адзінай ва ўсім доме, балкона. Галоўнае — свая, асобная.

І ўжо ніяк немагчыма было тады падумаць, што пройдзе паўстагоддзя, і гэты дом апынецца ледзь не ў цэнтры горада. На месцы былога кольца тралейбуса нумар восем вырасце агромністы гандлёвы цэнтр. Калгасны сад, куды зімой ездзілі катацца на лыжах, а пад восень бегалі за яблыкамі, саступіць тэрыторыю гмахам новага мікрараёна. А назва невялікай вёсачкі Міхалова, што некалі тут была, будзе прысвоена пабудаванай побач станцыі метро.

Але ўсё гэта адбылося не так даўно. А 30 гадоў таму (трэба ж — яшчэ адзін юбілей!), калі гаспадыняй кватэры стала я сама, гэты дом, шчыра кажучы, мне доўга не ўдавалася палюбіць. Спачатку сумавала па бацькоўскім, адкуль пераехала. Засмучалася, што не магла завесці новых сяброў. Не падабаўся сусед зверху – заўсёды «пад мухай» былы зэк, які да старасці так і не пазбавіўся сваіх зладзейскіх звычак. І жудасна раздражнялі «вячоркі» з раніцы да вечара ўсё пра ўсіх ведаючых бабулек ля пад’-езда, каля якіх даводзілася праходзіць. Пазней, калі засталася з маленькай дачушкай адна, у адчаі абвінавачвала і гэтыя старыя сцены, што не атрымалася ў іх сямейнага шчасця, што не ўтрымалі таго, адзінага. Хаця, разумела, канешне ж, не ў гэтым справа.

Словам, я і дом зрасталіся неяк цяжка. Можа, таму гэтыя сцены доўга адказвалі мне ўзаемнасцю. Тут пастаянна нешта працякала, перагарала, ламалася, засмечвалася… Я ўжо было думала: нядобрая кватэра. Але потым неяк зжыліся. Мусіць, адбылося гэта пасля таго, як разам мы вытрывалі ў глабальным капрамонце. Дасталося тады і мне, і сценам, і дому. Радаваўся, здавалася, і ён, калі той суцэльны кашмар закончыўся.

Цяпер іншы раз лаўлю сябе на думцы, што горда адчуваю сябе ў сваім доме старажылам. Так яно і ёсць на самай справе. Усё менш у ім знаёмых, і ўжо мала хто з суседзяў ведае імёны адзін аднаго, многія не лічаць патрэбным нават вітацца. Усё больш людзей новых, прышлых, якія здымаюць жыллё. Тых, каго памятаю дзецьмі, сталі бацькамі. І ўжо няма каму сядзець на тых самых лавачках.

Але сёння я ўпэўнена гавару пра яго: мой любімы стары дом. І кожны раз спяшаюся ў яго хутчэй вярнуцца.

Канешне, у гэтай «двушцы» даўно трэба зноў рабіць рамонт. І, канешне, цесна: унук, дачка, зяць – мая сям’я. Ды яшчэ гэтая неразлучная пара чатырохногіх бандытаў – Ёня і Боня, карлікавы той-тэр’ер і яго выхаванка, ужо амаль удвая большая за яго вагой, падабраная з паўгода таму сляпым кацянём на вуліцы.

Часам мару: добра было б займець жытло больш прасторнае і сучаснае. Але тут жа сама сябе вяртаю на зямлю: іншага, мяркуючы па ўсім, ужо не будзе. Адкуль яму ўзяцца?

Таму – з юбілеем, мой стары дом! Няхай адводзілі некалі такім, як ты, гадоў у сярэднім сорак жыцця, а ты трымаешся. І трымайся! Развітвацца нам з табой ужо наў-рад ці прыйдзецца. 

Ну хіба толькі ў тым непазбежным выпадку, пра які думаць не хочацца.

Ірына СВІРКО

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter