Колькі пар пуантаў бярэ з сабой на гастролі балерына?

Дама здавала багаж

Прафесія балерыны агорнута рамантыкай: неверагодная грацыя, чароўныя ўборы, кветкі, прыхільнікі і, вядома ж, гастролі па ўсім свеце. Але гастролі — гэта дарога, частыя пераезды, стрэс ад змены месцаў.

Аляксандра ЧЫЖЫК і Ягор АЗАРКЕВІЧ у балеце «Шчаўкунчык».
фото nesterov.by

Як спраўляюцца далікатныя танцоркі з важкім багажом? Колькі пар пуантаў бяруць з сабой? І ці патрэбны ім сукенкі для адпачынку?

Учора балет Вялікага тэатра адправіўся на гастролі. Сёмы год запар нашых артыстаў сустракаюць у буйных і малых гарадах Аўстрыі і Германіі. Спектаклі — на працягу месяца. У афішы — класіка. Пётр Чайкоўскі: «Лебядзінае возера» і «Шчаўкунчык, або Яшчэ адна калядная гісторыя».

Напярэдадні ад'езду чамадан у дарогу мы збіралі з салісткай Вялікага тэатра Аляксандрай Чыжык.

Праца са святам

Аляксандра ЧЫЖЫК выконвае галоўныя партыі ў абодвух гастрольных спектаклях.
У трупу тэатра Аляксандра паступіла адразу пасля харэаграфічнага каледжа. Танцуе ўжо восьмы сезон і трэці — як вядучая артыстка. Занятасць у рэпертуары вялікая: Адэта-Адылія ў «Лебядзіным», Маша ў «Шчаўкунчыку», Кітры ў «Дон Кіхоце», Лаўрэнсія ў аднайменным балеце, Ядвіга ў «Вітаўце», Каханая ў «Маленькім прынцы»... У гастрольных спектаклях у Аляксандры галоўныя партыі ў абедзвюх пастаноўках. Цікаўлюся: такія выезды — гэта праца ці ўсё ж свята? Гаворыць, што і адно і другое:

— Галоўнае — гэта вялікая адказнасць, бо мы прадстаўляем і свой тэатр, і сваю краіну. А наконт працы, яе не менш: той жа абавязковы балетны клас, рэпетыцыі, падрыхтоўка да спектакля. Ёсць свае складанасці: напружанне ад частых пераездаў, дарога, як правіла, каля трох гадзін займае, выступленні — кожны дзень, і кожны раз іншыя пляцоўкі. Але з другога боку, гастролі — гэта падарожжа, цікавыя новыя месцы, незвычайныя ўражанні. І, вядома, радасць ад сустрэчы з гледачамі. Нас заўсёды вельмі добра прымаюць, падоўгу не адпускаюць са сцэны. Апладзіруюць і тупаюць, так у Заходняй Еўропе прынята, паклоны доўжацца па 10—15 хвілін.

Чамадан балерыны

Дык што ж з чамаданам? Напэўна ж, першымі ў яго адпраўляюцца пуанты.

Аляксандра папраўляе:

— Без пуантаў, вядома, нікуды. Але ў чамадан — ні ў якім разе! Ці мала што. Толькі ў ручную паклажу.

Дарэчы, з сабой яна бярэ тры пары пуантаў, дзве з іх — новыя. Кажа, на месяц гэтага дастаткова. У адрозненне ад ранейшых часоў, пуанты зараз вырабляюць якасныя, зручныя, з пластыку, таму яны не ламаюцца часта, дый набыць новыя пры патрэбе цяпер не праблема.

У сумцы для ручной паклажы — месца і ўсім іншым рэчам, звязаным з рэпетыцыямі і выступленнямі. У тым ліку іскрыстай дыядэме і галаўному ўбору з пер’я, «вушкам», як яго называюць на балетнай мове, для партыі Адэты-Адыліі ў «Лебядзіным возеры».

Пуанты ў чамадан? Ні ў якім разе!

А вось дзве пачкі для гэтага ж спектакля — чорная і белая — адправяцца ў падарожжа ў спецыяльным кофры. Так склаліся абставіны, тлумачыць Аляксандра:

— Сцэнічны касцюм Машы для «Шчаўкунчыка» з'ехаў з усім астатнім рэквізітам загадзя. А касцюмам Адэты-Адыліі прыйшлося затрымацца. Два дні таму я танцавала ў іх спектакль, так што павязу зараз сама.

У вялікім чамадане — рэчы і адзенне «для жыцця». І, вядома, новая святочная сукенка. Гастролі ж выпадаюць на цудоўны час Каляд і Новага года. Святкаваць, кажа Аляксандра, будуць абавязкова. Так адбывалася і ўсе папярэднія сем разоў, калі таксама ездзілі на гастролі зімой:

— Адзначаем заўсёды выдатна, са святочнай вячэрай, з добрым настроем. Дзяўчаты ў прыгожых сукенках, хлопцы ў касцюмах. Весялімся, робім фатаграфіі. Кампанія ў нас дружная.


Чароўны атрыбут

Такім чынам, падлічым: вялікі чамадан, кофр з балетнымі пачкамі і сумка з ручной паклажай. Ці не цяжка для балерыны, вага якой не перавышае 50 кілаграмаў? За гэта Аляксандра не хвалюецца — пасажыр бывалы:

— Лішак у самалёт не дапусцяць: звыш 20 кілаграмаў — нельга. А з пераносам багажу калегі-мужчыны мне абавязкова дапамогуць.

І яшчэ пра палёты. На гастролі з Аляксандрай заўсёды адпраўляецца адна сімпатычная рэч — мініяцюрная, ручной работы... мятла. Драўляная, з абрэзанымі сучкамі ручка і шчыльна прывязаныя да яе дубцы. Гледзячы, не стрымалася, спытала жартам: няйначай для палётаў? І, аказваецца, сапраўды тры гады таму гэты сувенір Аляксандры падарылі на дзень нараджэння менавіта з пажаданнем — лятайце.

З таго часу пастаянна мятла «прапісана» ў яе тэатральнай грымёрцы. Некаторыя, убачыўшы, палохаюцца, адразу страшныя казкі ўспамінаюць з ведзьмамі. І дарма. Мятла — атрыбут, канешне, чароўны. Але і добрых рытуалаў і прыкмет з ёй звязана шмат. Вельмі часта мятлу лічаць засцерагальнікам: можа вымесці дрэннае з дома ці замесці ў яго добрае.

Вось і Аляксандра з гэтым згодна, таму і зараз у паездку ўзяла талісманчык з сабой:

— Палятаем!..

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter