Звернемся да біяграфіі. Заслужаны артыст Беларусі, вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драмтэатра імя М. Горкага — гэта ў Мінску! — нарадзіўся 9 красавіка 1947 года. Хутка юбілей! А пабачыў свет будучы акцёр у вёсцы Грабава: гэта Заходняя Беларусь, Ваўкавыскі раён Гродзеншчыны.

Заняткі ў школе Акцябрска вяліся на рускай мове, а клас, у якім вучыўся Іван Мацкевіч, быў інтэрнацыянальны: казахі, чачэнцы, немцы, украінцы... Сярод вучняў былі як дзеці добраахвотнікаў-цаліннікаў, так і высланых, рэпрэсаваных грамадзян. “Атмасфера ў класе нашым добрая, дружная была, — згадвае Іван Іванавіч. — Мы ж усе былі — савецкія, таму й не задумваліся: хто якой нацыянальнасці. Проста сябравалі. Вялікая радасць для нас была — рака. І зімою — снег. Маразы там суровыя, і буран калі задзімаў, то мы ў школу не хадзілі, заняткі адмяняліся. А ў кіно хадзілі. Дарэчы, мы, беларусы, праз некаторы час перасяліліся з зямлянак у новыя саманныя дамы. Тапілі печкі вуглём. Дом наш стаяў на беразе Табола. Калі разлівалася рэчка, то нас у школу на лодках вазілі. Мы і жылі на кватэрах у Акцябрскім у міжсезонне. А лета ўсё праводзілі ў рэчцы: купаліся, рыбаліць спрабавалі, хоць рыштунку ж не было ніякага. Бо — бедната ж там была жудасная…”
Калі Мацкевічы вярнуліся ў Баранавічы, то сувязі яго з сябрамі маленства ў Казахстане абарваліся. “Практычна ні з кім я не перапісваўся, — гаворыць Іван Мацкевіч. — У мяне сябар добры быў Валерый Герцэн, немец па нацыянальнасці. Ён, ведаю, паступіў у Ленінградскі караблебудаўнічы інстытут, а я — у Беларускі тэатральна-мастацкі. Мы з ім некаторы час у студэнцтве сустракаліся, а потым — згубіліся сувязі. Ён, можа, і цяпер у Піцеры жыве — не ведаю”.
Іван Іванавіч прызнаецца: не марыў стаць акцёрам у дзяцінстве — яго вабіла мора, пасля дзевяці класаў падаваў дакументы ў Ліепайскае мараходнае вучылішча, ды захварэў і не паехаў здаваць экзамены. Далей — працаваў на Баранавіцкім заводзе будаўнічых дэталяў, адначасова і вучыўся ў вячэрняй школе. Аднойчы сябар, з якім разам працавалі, прапанаваў “за кампанію” паступаць у тэатральны — паступіў.
Іван Мацкевіч зняўся больш чым у 70 фільмах, часта ў ролях афіцэраў, генералаў. У тэатры ўвасабляў Фараона, вобраз караля Англіі Генрыха ІІ, цяпер іграе ў Рускім тэатры аднаго з князёў Радзівілаў — Пане Каханку, белагвардзейскага генерала Чарноту… То як пабачыце ягонае імя ў цітрах ці на афішы — ведайце, з якога ён роду. У апошнія гады здымаўся ў фільмах, серыялах “Курсанты”, “Майор Ветров”, “1612. Хроники смутного времени” ды іншых.
Наша газета трапляе і да беларусаў Казахстана. То можа знойдуцца знаёмыя Івана Мацкевіча з Казахстана, з Кастанайскай вобласці. Свет — цесны, а кіно дзякуючы інтэрнэту цяпер даступнае й на берагах Табола, далёкай рэчкі яго дзяцінства.
Голас Радзімы № 14 (3518), чацвер, 6 красавіка, 2017 у PDF