
Падазроны ўкраў аўтамабiль, а потым падпалiў яго на ўскраiне горада.
Неўзабаве яго ўсё ж такі знайшлі. На жаль, мёртвым. Цела было знойдзена ў вёсцы Гулевічы, за пяць кіламетраў ад райцэнтра. Гвалтоўны характар смерці сумненняў не выклікаў — на целе меліся шматлікія колата-рэзаныя раны. Як аказалася пазней, мужчыну нанеслі больш за дваццаць удараў нажом, а яго аўтамабіль укралі.
Загінулы 59-гадовы Анатоль Іванавіч — удзельнік вайны ў Афганістане. Доўгі час жыў у Баранавічах, затым пераехаў у Калінкавічы. Пасля выхаду на пенсію былы ваенны пайшоў працаваць таксістам.
— Кіроўца працаваў 13 гадоў у нашай фірме, з моманта яе заснавання, — расказаў кіраўнік прадпрыемства Павел Яскавец. — Заўсёды ветлівы, прыязны, умеў падтрымаць размову на любую тэму. Пры гэтым адчувалася ваенная загартоўка — адказны, дысцыплінаваны, прынцыповы. Ніякіх канфліктаў ні з кім у яго не было. Вось усё, што магу сказаць пра яго.
У тую ноч Анатоль Іванавіч працаваў з васьмі вечара і паспеў выканаць некалькі заказаў на службовай машыне. Усе яны абсталяваны сістэмамі GPS-маніторынгу, якія дазваляюць адсочваць рух і месцазнаходжанне транспарту ў рэжыме анлайн. Чарговы кліент з райцэнтра назваў канцавым пунктам вёску Гулевічы. Таксіст паведаміў дыспетчару. На маніторы было відаць, што аўтамабіль сапраўды едзе туды. Таму да пэўнага моманту падстаў для турбот не ўзнікала…
Калі ж кіроўцу сталі тэлефанаваць, два яго нумары былі недаступныя, у той час як аўтамабіль накіраваўся ў бок суседняга райцэнтра Мазыр. Праз час машына вярнулася ў Калінкавічы, дзе яе і спрабаваў спаліць падазроны. Па некаторых дадзеных, падчас тушэння ён яшчэ знаходзіўся непадалёк — назіраў за працай пажарных. Пазней пайшоў дадому, дзе і быў затрыманы.
Ім аказаўся 25-гадовы непрацуючы Сяргей С. Раней не судзімы, але не адзін раз прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за розныя правапарушэнні.
У адной з сацсетак маецца яго старонка. Апошнія запісы і фота апублікаваны пяць гадоў таму. З іх вынікае, што ў той перыяд аўтар праходзіў тэрміновую службу. Сярод больш ранніх запісаў — кадры і цытаты персанажаў з крымінальнага серыяла «Брыгада».
Затрыманы знаходзіцца ў ізалятары і дае прызнавальныя паказанні.
prolesk@sb.by