Далёка бывалі, многае пабачылі

Аповед пра тое, што часам застаецца “за кадрам” для калег-журналістаў, якія выязджаюць за межы краіны ў складзе афіцыйных дэлегацый і прэс-тураў
Аповед пра тое, што часам застаецца “за кадрам” для калег-журналістаў, якія выязджаюць за межы краіны ў складзе афіцыйных дэлегацый і прэс-тураў



Гасцініца ў Ашгабаце — гэта не гатэль…


Прыемным аказалася наша першае знаёмства з карэнным ашгабатцам. Што гэта было? Шанцаванне? Удача? Хутчэй заканамернасць, якая, як правіла, з’яўляецца вынікам дакладна сфармуляванай задачы. А яе мы для сябе паставілі яшчэ ў Мінску. Але пра ўсё — па парадку.

З першага дня камандзіроўкі “прыляпіліся” да каманды, якая рыхтавала экспазіцыйны стэнд Міністэрства інфармацыі Беларусі, што прадстаўляў нацыянальнае кнігавыдавецтва на выставе-кірмашы ў Ашгабаце, якая была прымеркавана і да візіту Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Туркменістан у сувязі з 20-годдзем нейтралітэту Туркменістана. Мы разумелі, што ўбачыць зрэз жыцця пэўнай сацыяльнай праслойкі ашгабатцаў, пагутарыць з імі можна будзе і ля беларускіх, і ля туркменскіх стэндаў. Было ў нас і сваё рэдакцыйнае заданне: пазнаёміцца з жыццём горада і яго жыхарамі па метадзе “адвольнага назірання”. Пахадзіць па вуліцах, рынках, магазінах. Назбіраць уражанняў і падзяліцца імі з чытачом. І, зразумела, іх мы назбіралі.

…У выставачны комплекс “Сярги Кёшгі” (у перакладзе з туркменскай мовы: Выставачны Палац) раніцай нас адвезлі ад гасцініцы “Ашгабат” на аўтобусах. Назад усе дабіраліся хто як мог. Дзень быў пахмурны, дажджлівы. Гадзіны ў чатыры мы “галаснулі” прыватнае аўто: “За 10 хвілін да гасцініцы Ашгабат давезяце?” — “Садзіцеся”. За рулём — пажылы мужчына, падзарабляе возніцтвам. Дарэчы, а ў Ашгабаце, падказалі дасведчаныя людзі, зручныя расцэнкі: 10 манат у любы канец горада. Лічыльнікі ў таксі, праўда, потым ба­чылі, але яны, напэўна, так, для выгляду. Хіба што вас будуць чакаць, пакуль па справах ходзіце або паедзеце ў прыгарад — тады такса павялічваецца.


Выставачны палац “Сергі Кёшгі” (туркм. Sergi köşgi) — самы вялікі ў Туркменістане.
Там і праходзіла 11-13 снежня 2015 года сумесная беларуска-туркменская выстава-кірмаш


Едзем, знаёмімся. Неўзабаве, аднак, праз мокрыя, запацелыя вокны заўважаем: здаецца, не туды едзем... З раніцы кацілі па шырокіх новых праспектах з палацамі, а тут — дамы старыя, вуліцы не парадныя. Можа, паехалі іншай дарогай? Але калі кіроўца падвёз нас да нейкага шэрага будынка і сказаў: “Вось, я тут развярнуся…”, мы, зірнуўшы ў акно, запратэставалі: не-е, мы не тут жывём. “Як так? Гасцініца “Ашгабат?”, так, адказваем, але гэта не наша гасцініца! “Чытайце!” Так, на фасадзе: “Гасцініца Ашгабат”. Але ці могуць быць у горадзе дзве гасцініцы з аднолькавай назвай? З раніцы, на шчасце, мы зрабілі здымкі “нашай” у промнях узыходзячага сонца. Паказваем кіроўцу. “Дык вы, відаць, у гатэлі “Ашгабат” спыніліся? Я пенсіянер, у новых раёнах рэдка бываю”. Аказалася: прывёз ён нас да старой гасцініцы “Ашгабат”, але ёсць і… новы гатэль “Ашгабат Мыхманхана”. Туркмены ўмудрыліся, відаць, правесці мяжу паміж словамі гасцініца (у іх яно гэткая славянская моўная спадчына, відаць, з савецкіх часоў захавалася) і гатэль (відавочна заходнееўрапейскае сучаснае паняцце). Вялізны “наш” гатэль, які ўзвышаецца над горадам, з выглядам з вокнаў на горы Капетдага з заснежанымі вяршынямі, якія зачароўваюць погляд, вельмі адрозніваецца ад “савецкага” цёзкі… І ля гатэля — усё як з іголачкі: і новы стадыён “Ашгабат”, і помнік, які зіхаціць усю ноч золатам у яркай падсветцы ў асяроддзі белапенных фантанаў, — вершнік на кані “Сардар”(што азначае: каменныя плечы), і накіраваны ўвысь, падобны да ракеты гатэль “Йылдыз”(“Зорка”). І вялізны Палац шлюбаў, упрыгожаны наверсе чатырма васьміканцовымі зоркамі з шарам унутры. Той Палац, як потым аказалася, паэт Алесь Бадак, удзельнік Дзён культуры Беларусі ў Туркменістане, змог нават знутры паглядзець. Гавораць, не без вялікіх намаганняў: напэўна, “проста так” хадзіць у Ашгабаце па мясцовых палацах усё ж не прынята. Але паглядзеў жа! А наогул архітэктурныя будынкі гэтага “белага” горада ў яго новай частцы здзіўляюць манументальнасцю, размахам, накіраванасцю ў нябёсы… І рознакаляровай начной падсветкай. Па дарозе з аэрапорта ў тых з нас, хто апынуўся ў Ашгабаце ўпершыню, не перабольшым, аднімала мову. Горад і сапраўды ўразіў! Толькі і чуліся ўсклікі: ого! глядзі!.. Пазней мы даведаліся, што нядаўна ён як горад з самай вялікай колькасцю будынкаў, аздобленых белым мармурам, увайшоў нават у Кнігу рэкордаў Гінэса. Цяпер у Ашгабаце 543 новыя будынкі абліцаваны белым мармурам, агульная плошча абліцоўкі — 4,5 мільёна квадратных метраў!

Так, у гэтым горадзе гасцініца — гэта зусім не гатэль… Пачасаў патыліцу наш кіроўца: як быць? Да таго часу ён ужо ведаў, што за пасажыры ў салоне: гасцей з Мінска, шануючы законы ўсходняй гасціннасці, не выганіш на вуліцы незнаёмага горада. А яму ж яшчэ, падзяліўся, і жонку-архітэктара трэба своечасова забраць: у яе работа хутка заканчваецца. Ці згодны мы, пытае, з ім па яе заехаць? Яна і горад лепш ведае, гатэль хутчэй знойдзем. Мы, вядома, згодныя! Нам, хоць і ноч пералётная была, спяшацца няма куды, і горад паглядзім, і параспытваем нашага кіроўцу.


Гатэль “Ашгабат Мыхманхана” — сучасны 15-павярховы будынак у заходняй частцы горада. Побач размешчаны сталічны стадыён “Ашгабат” і Палац шлюбаў “Багт Кёшгі”

Едзем, перагаворваемся: нешта не падобны ён да туркмена… “Дык я армянін! Мяне Пётр завуць. Даўно тут жыву”, — ужо ўсміхаецца. Зразумела: калі рашэнне прынята, на душы становіцца лягчэй. “Я вось таксама, гледзячы на ваш каларытны нос, падумала, што армянін!..” — кажу я, Валянціна. Гэта ў нас ужо дыктафон уключаны. І мы можам цяпер, настукваючы заметкі, зноў чуць адкрыты смех Пятра Карапетава. Ён у Ашгабаце нарадзіўся, вырас, працаваў “у транспартнай сферы” — відаць, не простым шафёрам: па справах службы ездзіў па ўсім Саюзе. І ў Беларусі, успамінае, бываў. А бацькі яго яшчэ ў 20-я гады пераехалі ў Туркменію з Карабаха. Пагаварыўшы пра існуючы дагэтуль канфлікт паміж Арменіяй і Азербайджанам з-за Нагорнага Карабаха, пытаем асцярожна: ну а туркмены — цярпімыя, міралюбныя ў адносінах да людзей іншых нацыянальнасцяў? “Тут нармальна, нацыяналізму няма! — адказвае ўпэўнена. — Яшчэ ранейшы прэзідэнт, Туркменбашы, жорстка да праяў нацыяналізму ставіўся. У яго, дарэчы, жонка яўрэйкай была, і ён добра разумеў, якія беды прыносіць народам нацыянальная варожасць”. Як прыклад, да чаго прыводзіць “педаляванне” нацыянальных, моўных праблем, успамінаем Украіну. Дарэчы, сам Пётр, жывучы ў Туркменістане, цудоўна валодае рускай мовай, армянскую мову — мову продкаў — ведае, “але не вельмі”, а туркменскай мовай “больш валодае жонка”, таксама армянка.

У адрозненне ад іншых пенсіянераў, Пётр у палітыцы “не сядзіць”: актыўна займаецца сваім здароўем, чытае, падтрымлівае добрую фізічную форму. Праз дзень у яго доўгія, кіламетраў па сем, інтэнсіўныя прабежкі, робіць сілавыя практыкаванні, у тым ліку і з улікам рэкамендацый вядомага доктара Сяргея Бубноўскага, уважліва ставіцца да харчавання. Што ж, усё гэта відавочна яму на карысць: выглядае мацаком, значна маладзейшым за свае “75”. Дарэчы, прыхільнікаў здаровага ладу жыцця ў Ашгабаце нямала. У горадзе ёсць так званая “Сцежка здароўя”. Гэта ўнікальная, кругласутачна асветленая 36-кіламетровая забетанаваная прагулачная траса ў гарах шырынёй 5 метраў, са зручнымі месцамі для адпачынку. У Міжнародны дзень здароўя, які адзначаецца 7 красавіка, арганізуюцца масавыя ўзыходжанні па Сцежцы здароўя. Яе, асветленую мноствам ліхтароў, вярнуўшыся ў гатэль, убачылі мы з акна нашага нумара.

Нацыянальныя звычаі ў краіне моцныя: такія ворагі здароўя, як цыгарэты і алкаголь — хутчэй па-за законам, чым штодзённасць у бытавой культуры. Бачылі мы потым, якія здаровыя вочы, твары, колер скуры ў юнакоў і дзяўчат, якіх шмат прыходзіла на выставу. Ды і твары чыноўнікаў — таксама, скажам так, без асаблівых “слядоў шкодных звычак”, калі меркаваць нават па тэлетрансляцыях з розных паседжанняў. У дні нашай камандзіроўкі Туркменістан шырока, урачыста, з запрашэннем высокіх гасцей з розных краін адзначаў 20-годдзе нейтралітэту. Дарэчы, глядзець тэлевізар, не разумеючы ні слова, даволі цікава… Звяртаеш увагу на дэталі, якія звычайна “зацяняюцца” маўленчай інфармацыяй.


Кампазіцыя ў выглядзе магутнага быка —
частка Манумента памяці ахвяр ашгабадскага землятрусу 1948 года


Падарожнічаючы па горадзе спачатку з Пятром, а потым і з яго жонкай Ларысай, ветлівай і дружалюбнай, мы бачылі зблізку і Манумент Нейтралітэту. І гіганцкае, самае буйное ў свеце, занесенае ў Кнігу рэкордаў Гінэса Кола агляду з закрытымі кабінкамі, якое пералівалася рознакаляровымі неонавымі агнямі ў культурна-забаўляльным комплексе “Алем”… Ёсць у Ашгабаце і Манумент Незалежнасці Туркменістана. А паблізу вялізнага, метраў пад пятнаццаць, Манумента тэрмометру на скрыжаванні дарог мы праязджалі некалькі разоў, пакуль Пётр шукаў патрэбны паварот у новым для яго мікрараёне. Затое жонка, падсеўшы ў машыну, адразу ўзрадавала ўсіх: ды ведаю я гатэль “Ашгабат”. Яны з калегамі-архітэктарамі з праектнага інстытута былі нават “прадстаўнікамі народа”, калі будынак урачыста адкрывалі. Дарэчы, удакладніла, а потым гэта пацвердзілі ашгабацкія журналісты: цяпер у горадзе столькі новабудоўляў, прычым арыгінальных у архітэктурных адносінах, што практычна кожны тыдзень нешта новае ўрачыста адкрываецца. Ларыса некалькі разоў, пакуль мы набліжаліся да мэты, па-туркменску гучна пытала праз акно ў туркменак, якія праходзілі па тратуарах, дзе лепш будзе праехаць і звярнуць.

Цёпла развітваліся з намі снежаньскім вечарам ля зіхатлівага гатэля нашыя новыя знаёмыя. А мы ў падзяку за прыгоды ахвотна далі Пятру, акрамя 10-манатнай таксы (на той дзень крыху больш за 10 долараў), яшчэ і шчодрыя чаявыя…


36-кіламетровая пешаходная “Сцежка здароўя” ў гарах Капетдага — адна са славутасцяў Туркменістана. Яна забетанавана, асветлена, мае 5-метровую шырыню, крыніцы пітной вады

У пошуках тапак “ад Хатабыча”


Сюжэт пошукаў чаго-небудзь у апавяданнях, іншых творчых праектах далёка не новы: шукаюць запалкі, як у фільме “Па запалкі”, збіраюць тосты ў кінастужцы “Каўказкая паланянка” або згубленыя скарбы ў рамане “Востраў скарбаў” і нават выратавальнікаў цывілізацый, як у серыях “Тэрмінатараў”. Вось і ў заметкі па слядах нашай камандзіроўкі ўплялася коска падобнага апавядання. Мы шукалі тапкі. Расшытыя, з загнутымі насамі. Такія, як у героя савецкай аповесці-казкі Лазара Лагіна “Стары Хатабыч”, усеагульнага ўлюбёнца падлеткаў Хатабыча. А яшчэ вяленую дыню! Гэтая просьба нашага добрага знаёмага, для якога выканаць яе нам было — у радасць, можна нават сказаць, справай гонару, аказалася той пуцяводнай, як гаворыцца, зоркай, дзякуючы якой мы пазнаёміліся са многімі выдатнымі людзьмі, а некаторых з нашай каманды пазналі лепш. Ох, як жа нам хацелася прывезці з горада, дзе бываў наш заказчык у савецкія 60-я, у дні сваёй маладосці, тыя тапкі. І сушаныя дыні, абавязкова плеценыя “косичкамі”. Усіх, з кім сутыкаліся, заразілі сваім жаданнем — чаго б гэта ні каштавала, знайсці і тое, і другое. І трэба было бачыць, як людзі, якіх мы распытвалі пра тапкі, ахвотна адгукаліся і раілі, у якім кірунку весці пошукі. Хай даруе рэдакцыйнае кіраўніцтва, але для нас гэтае “мерапрыемства” было цалкам рамантычным. Мы шчыра радаваліся, што і туркмены старэйшага пакалення “знаёмыя” з Хатабычам. І самі дзяліліся адзін з адным успамінамі аб дзіцячых марах пра дыван-самалёт, пра чароўны збан з джынам, які выконвае ўсе жаданні… І вось жа цуд: як аказалася, нашая “апантанасць” тапкамі ніякім чынам не пашкодзіла нашай рабоце, наадварот, дапамагла яе якасна выканаць.


Такія тапкі, пашытыя ў нацыянальным стылі туркменскімі майстрамі, можна лічыць творам народнага мастацтва. Іх мы і знайшлі на адным са стэндаў сумеснай беларуска-туркменскай выставы-кірмашу

Разлічвалі, вядома, на калегу Алеся Карлюкевіча і яго туркменскіх сяброў. І ў першы ж дзень на выставе з’явіўся яго сябар, Касым Нурбадаў, перакладчык на туркменскую мову твораў беларускіх аўтараў. У савецкі яшчэ час, успомніў, ён бываў у Гомелі, цяпер працуе ў будаўнічым каледжы. У Касыма ў сям’і 10 дзяцей, а малодшая нявестка — разумніца: без пяці хвілін кандыдат навук, спецыяліст па Японіі…. Вось, падумалі, хоць нехта ў тым вялікім сямействе ведае, дзе тапкі шукаць. Але, на жаль: у Алеся на Касыма былі свае планы…

Роспыты як беларусаў, якія бывалі раней у Ашгабаце, так і мясцовых жыхароў, уключаючы ўсёведных таксістаў, мала што далі. Па-першае, даведаліся пра тапкі: гэты экзатычны тавар самі туркмены, якія займаюцца камерцыяй, раней прывозілі з краін арабскага Усходу, Турцыі. І нават з Індыі. Па-другое, “ужывую” ніхто з апытаных у продажы ў горадзе не бачыў, але чуў, што такія “шлёпкі” “здаецца, ёсць” ці то на Рускім рынку, як па даўняй традыцыі ў Ашгабаце называюць гандлёвы цэнтр “Гюлюстан”, ці то ў сувенірных крамах каля яго. Па-трэцяе, нас суцяшалі, што любыя тапкі — лямцавыя, з тканіны, скураныя — знойдзеце на вялікай таўкучцы Чыгалдык. Але як толькі мы ўдакладнялі, якія нам трэба, чулі ў адказ: няма зараз, гэта раней вазілі, заблудзіцеся там і не знойдзеце…

Нам бы, вядома, у пошуках были б вельмі дарэчы і чароўны збан з яго джынам, і дыван-самалёт… А калі сур’ёзна, то сучасны Ашгабат — гэта не горад з казак “Тысяча і адной ночы”. Вось наш скорапіс у нататніку ад 9 снежня: “Каб лепш пазнаць жыццё гэтага горада знутры, недастаткова праехаць па ашаламляльным, бела-залатым прыгажуне Ашгабаце. Або пахадзіць па яго палацах і магазінах. Тут, дарэчы, усе добра ведаюць рускую мову — цяжка заблукаць. Каб разгледзець Ашгабат, добра б пахадзіць на яго таўкучцы. Або ў старых раёнах пабываць”. З таўкучкай не склалася, бо яна працавала якраз у тыя дні, калі “бурліла” выстава: чакаліся візіты Прэзідэнтаў Беларусі і Туркменістана. Таму план-праект з таўкучкай дорым тым, хто паедзе пасля нас. Дарэчы, у інтэрв’ю, якое давала нам на выставе Лілія Ананіч, Міністр інфармацыі (“Мацуецца сяброўства”, газета “Голас Радзімы”, №47, 2015), гаворка ідзе і пра прэс-туры беларускіх журналістаў у Туркменістан. Што ж, такія паездкі цалкам рэальныя.


Джанет Мамедава, студэнтка Ашгабацкага ўніверсітэта народнай гаспадаркі, ведае, дзе знаходзіцца Беларусь. Бо яе сяброўка вучыцца ў Віцебску

Што датычыцца косаў дзявочых, то іх у Ашгабаце — вялікае мноства. І на выставе мы імі любаваліся, і на вуліцы. З адной уладальніцай доўгіх і прыгожых кос нават разгаварыліся. Джэнет Мамедава (Jennet Mammedowa) — студэнтка, вучыцца ў Ашгабацкім наргасе. Пра Мінск чула: яе сяброўка жыве ў Віцебску і ў сталіцы бывае. Джанет ахвотна пазіравала перад нашым фотаапаратам, паабяцала, што зазірне на выставу. Дарэчы, практычна ўсе маладыя дзяўчаты ў Ашгабаце носяць цюбецейкі — па-туркменску “тах’я”, а замужнія — “барык”: галаўны ўбор у выглядзе цюрбана конусападобнай формы. Носяць яго і высокія чыноўніцы, і навукоўцы, і актрысы. І пенсіянеркі… Як нам з ходу падалося, адна з іх праявіла да нас, калі мы прыселі на парапет ля магазіна па дарозе да Рускага рынку, цікавасць. Разгаварыліся. Аказалася, Аразнабат Даўлетава, пажылая настаўніца, хоць і пенсіянерка, але яшчэ працуе: выкладае ў школе біялогію. І захапляецца пляценнем з саломкі. Запрашала ў школу — паглядзець творчасць вучняў, але мы, падзякаваўшы, адмовіліся. Параілі: можа, праз беларускае пасольства ўдасца ёй зрабіць сумесную беларуска-туркменскую выставу работ школьнікаў, наладзіўшы кантакты з адной са школ Мінска.

У Краіне кветак і Вясны


А на Рускі рынак мы-такі схадзілі. І лёгка знайшлі там сушаную дыню: Вахарманскую, вырашчаную ў Тычанскім раёне, па-туркменску — велаятэ. Яна цяпер прадаецца такімі брусочкамі, вагой крыху больш за паўкіло, у цэлафанавай упакоўцы. Можна было яшчэ і дыню ў шакаладзе купіць. Доўгія ж “косички”, сказалі маладыя прадаўцы, не плятуць: мода, відаць, прайшла, можа, дзе ў аулах ёсць… Затое, пажартавалі мы, вашы дзяўчаты захоўваюць вернасць традыцыям: па-ранейшаму заплятаюць валасы ў косы і носяць цюбецейкі — і школьніцы, і студэнткі. Хлопцам наша назіранне спадабалася. Сфатаграфавалі аднаго прадаўца сухафруктаў і дынь. А другі вельмі ажывіўся, даведаўшыся, што мы — з Беларусі. Сказаў, што хутка едзе на сесію ў Магілёў — вучыцца завочна ў гандлёвым каледжы, але здымацца адмовіўся. Затое каларытная дама, якая гандлявала свежай гароднінай і зяленівам, пазіравала з задавальненнем. Яна ж, пачуўшы, што мы хочам даведацца пра значэнне слова Гюлюстан, эмацыйна ўмяшалася ў нашу гутарку з грузчыкамі, якія сказалі, што так называецца гандлёвы цэнтр. Усё, гаворыць, проста: стан — гэта краіна, а гюлю — кветкі. Так што мы пабывалі ў Краіне кветак. Бачылі там і беларускія тавары: згушчонку з Глыбокага, цукар з Гарадзеі, кансервы мясныя з Бярозы, прэсервы брэсцкай фірмы “Санта Брэмар”… Пазнаёміліся з прадаўцом Дэўранам, які ўжо больш як паўгода гандлюе беларускімі прадуктамі. Іх пастаўляе Туркменска-Беларускі Гандлёвы Дом.


У Гандлёвым цэнтры “Гюлюстан” (Краіна кветак) прадаюцца і беларускія тавары. Імі гандлюе,
у прыватнасці, прадпрымальнік Дэўран


Паблізу Рускага рынку доўга не ўдавался злавіць таксі. Нарэшце спыніўся малады хлопец з пасажыркай на заднім сядзенні. Нам аказалася па дарозе. Прадставіліся, пазнаёміліся. Калі Бахар (“Вясна” ў перакладзе з туркменскай, так звалі нашу спадарожніцу) даведалася, хто мы такія і адкуль, не без гонару сказала: толькі што з іншымі кветачніцамі ў вялізным цяплічным камбінаце, дзе працуе, скончыла рабіць вялікія і прыгожыя вянкі з белых і чырвоных руж. Для беларускай дэлегацыі. Маўляў, заўтра вашы будуць іх ускладаць… Тэлесюжэт пра тое, як Прэзідэнт Беларусі наведаў Мемарыяльны комплекс “Народная памяць” і ўсклаў вянок да манумента загінулым у Вялікую Айчынную вайну, назаўтра вечарам мы ўбачылі па тэлевізары. Вянок, ці працавала над ім Бахар, ці хтосьці іншы, і сапраўды быў вялікі і прыгожы.

А на выставе, за пару гадзін да адкрыцця, мы абышлі ўсе стэнды — беларускія і туркменскія. Зноў-такі, шукалі тапкі… Было там шмат чаго з Беларусі: прадукты, мэбля, газавыя пліты, шпалеры, цацкі… На вуліцы — аўтамабілі, аўтакраны, самалёт-беспілотнік, трактары, у тым ліку і прызначаныя для ўборкі бавоўны. Побач з нашым стэндам Міністэрства інфармацыі размясцілася Мінадукацыі, куды ўсе тры выставачныя дні сцякалася моладзь. Цікавасць да адукацыйнай сістэмы Беларусі ў школьнікаў Ашгабата — вялікая. Суседзі гаварылі, ды і самі мы чулі, як маладыя людзі падрабязна распытвалі пра умовы паступлення ў беларускія каледжы і ВНУ. А потым і да нас заглядвалі: пагартаць кнігі, выпушчаныя “Выдавецкім Домам “Звязда”, выдавецтвамі “Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі”, “Народная асвета”. Дарэчы, у Туркменістане кніга ў пашане, а самі туркменістанцы пазіцыянуюць сябе як адну з самых чытаючых у свеце нацый. Многія запытвалі: ці прадаём мы кнігі? Педагогі хацелі купіць метадычную літаратуру, бацькі — казкі дзецям, хатнія гаспадыні — кнігі рэцэптаў, прычым былі і тыя, каго цікавіла беларуская кухня. А паштоўкі з рэцэптамі дранікаў разышліся ў першы ж дзень выставы. Дарэчы, для яе быў падрыхтаваны спецвыпуск нашага часопіса, прысвечаны беларуска-туркменскаму супрацоўніцтву. На яго старонках — публікацыі аб сустрэчы ў Мінску прэзідэнтаў Аляксандра Лукашэнкі ды Гурбангулы Бердымухамедава, пра будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната і як Туркменія дапамагала аднаўляць Мінск у пасляваенны час. І пра юную балерыну з Ашгабата Первану Мырадаву, якая нядаўна была прынята ў балетную трупу Вялікага тэатра Беларусі…


У дзень адкрыцця сумеснай беларуска-туркменскай выставы-кірмашу ў Выставачным палацы “Сергі Кёшгі” выступаў вядомы ансамбль “Песняры”. І дзяўчаты з захапленнем рабілі селфі з артыстамі на памяць

Да чаго ж прыемна было дарыць наш часопіс наведнікам, ведаючы, што ў ім яны знойдуць для сябе шмат цікавага! Не менш прыемна было ўбачыць і Прэзідэнта Беларусі, які разам з туркменскімі сябрамі затрымаўся ля нашага стэнда. Тут жа Міністр інфармацыі Лілія Ананіч прэзентавала высокім гасцям кнігу Гурбангулы Бердымухамедава, якая была выдадзена па выдавецкай праграме Міністэрства інфармацыі на беларускай мове. У кнізе Прэзідэнт Туркменістана расказвае пра свайго дзядулю, сельскага настаўніка.

На туркменскім “баку” выставы мы бачылі стэнды з сувенірнай прадукцыяй: можна было купіць вырабы з каменю, дываны, біжутэрыю, магніцікі з краявідамі Ашгабата і ахалкецінскімі скакунамі, гонарам туркменістанцаў. Спрабавалі і смачны айран, пілі гарбату з высакагорнай травы. На адным са стэндаў купілі грэцкія арэхі ў мёдзе. А побач — о цуд! — убачылі “старамодныя дыні” ў выглядзе доўгіх касак пад шклом. Але прадавец, сказалі яго суседзі-пчаляры, так за прылаўкам і не з’яўляўся, “відаць, нешта здарылася”. Зачынена было і ў наступныя дні выставы.


На сумеснай беларуска-туркменскай выставе-кірмашы ў Выставачным палацы “Сергі Кёшгі” вялікай папулярнасцю карысталіся стэнды Мінадукацыі, асобных ВНУ Беларусі. Вышэйшая і спецыяльная адукацыя, атрыманая ў брацкай краіне, цэніцца ў Туркменістане, і бацькі ахвотна адпускаюць сваіх дзяцей на вучобу ў Беларусь

На адным са стэндаў, дзе прадаваліся дываны ды іншыя вырабы народных майстроў, мы ўбачылі маленькія лямцавыя тапкі, расшытыя яркай тасьмой, з загнутымі насамі. Узрадаваліся! І ўпрасілі сшыць нам вялікага памеру — пад заказ. Майстрыха іх стварыла ўжо на наступны дзень! Хоць і не зусім “хатабычавы”, затое з пярэстай палоскай, якая называецца алджала: у туркменаў гэта абярэг ад зайздрасці, сурокаў. У такіх тапках, казалі, ногі балець не будуць.

А яшчэ на тым жа стэндзе мы разгаварыліся з Батырам Мерэдавым. Сціплы хлопец, як аказалася, вучыўся ў Брэсце і ажаніўся з беларускай Марыяй. І брат яго жыве і працуе ў Баранавічах.

Вось такі наш дзіўны свет, пра які мы часта гаворым: цесны. Не раз пераконваліся мы ў сваіх падарожжах: па ўсім свеце можна сустрэць людзей, нейкім чынам звязаных з Беларуссю. А ўжо калі нехта з іх з захапленнем гаворыць пра яе, то абавязкова перапаўняешся пачуццём гонару. І пра такія сустрэчы ў Ашгабаце мы яшчэ раскажам.

Іван і Валянціна Ждановічы

Фота: Іван Ждановіч

Мінск-Ашгабат-Мінск
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter