Нацыянальны мастацкі музей — найбуйнейшы збор беларускага і замежнага мастацтва

Далягляды Уладзіміра Пракапцова

Музей, па сутнасці сваёй, — месца ціхае. Бо сустрэчы з прыгожым не церпяць мітусні, а творы высокага мастацтва якраз і даюць такую магчымасць. Прыходзь, глядзі, атрымлівай асалоду… Зрэшты, сцвярджэнне пра музейную камернасць сёння будзе дакладным толькі часткова. Так лічыць, у прыватнасці, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў, які, без перабольшання, увасабляе сабою новы сучасны тып кіраўніка ўстановы культуры нацыянальнага маштабу. Дарэчы, той установы, калектыў якой па выніках мінулага года ўдастоены прэстыжнай прэміі “За духоўнае адраджэнне”.


Выданне цэлай серыі кніг пра знакамітых мастакоў з Беларусі — праект Нацыянальнага мастацкага музея з непасрэдным удзелам ягонага дырэктара Уладзіміра Пракапцова

Бясспрэчна тое, што Нацыянальны мастацкі музей у апошнія васямнаццаць гадоў — менавіта калі ім кіруе Уладзімір Пракапцоў — стаў знакавым месцам у беларускай сталіцы. Сюды ідуць мінчане, прыязжаюць на экскурсію з рэгіёнаў краіны, абавязкова наведваюць шматлікія турысты. А калі апынуцца ў раёне музея ў апошнюю сераду месяца, калі ўваход у яго — свабодны, дакладней кажучы, бясплатны, то можна стаць сведкам чэргаў да вядомага будынка з калонамі. Такая вялікая колькасць жадаючых патрапіць сюды. А сам музей у гэты дзень нагадвае разварушаны вулей: эмоцыі ад убачанага ў экспазіцыях цяжка стрымаць. Атрымоўваецца, у такім выпадку, што вельмі умоўна можна гаварыць пра музейную камернасць.

Так, Нацыянальны мастацкі музей — найбуйнейшы збор беларускага і замежнага мастацтва. У экспазіцыі, філіялах і фондасховішчах музея сёння знаходзіцца каля 30 тысяч твораў, якія фарміруюць больш за два дзясяткі разнастайных калекцый. Па выніках 2015 года калектыў НММ удастоены прэміі “За духоўнае адраджэнне” за паспяховую рэалізацыю буйнамаштабных выставачных праектаў, накіраваных на ўмацаванне духоўных каштоўнасцяў у грамадстве.

Уладзімір Пракапцоў, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея:


— Гэтая ўзнагарода для нас не толькі ганаровая, але і вельмі адказная. Яна абавязвае працаваць яшчэ лепш. Асабліва ў Год культуры, які надышоў. Мы рыхтуем новыя праекты. У тым ліку і духоўныя. Гэта шэраг тэматычных выстаў як у краіне, так і за мяжой. Праз такія праекты мы імкнёмся прывіць сваім наведнікам любоў да хрысціянскіх каштоўнасцяў і будзем рады, калі хто-небудзь з іх такім чынам знойдзе сваю дарогу да храма, да згоды. Бо Год культуры — гэта год асаблівай увагі да культуры ва ўсім. І ў адносінах, і ў рабоце. У цэлым мы ў культуры павінны знаходзіцца, каб жыццё, якое падаравана Богам, было для кожнага цікавае.

Дарэчы, што цяпер цікавага можна ўбачыць у музеі з выстаў?

Выстава “Гоя... Пікасо” — найбуйнейшы беларуска-іспанскі праект за перыяд сучаснай Беларусі. Экспанаты з іспанскага музея Каралеўскай акадэміі выяўленчых мастацтваў Сан-Фернанда “прапісаліся” ў НММ са снежня.

Уладзімір Пракапцоў нядаўна правёў спецыяльную экскурсію для журналістаў. І вось на што ён звярнуў увагу.

У пастаяннай экспазіцыі, на думку гендырэктара музея, напэўна, адна з самых неадназначных карцін — “Няроўны шлюб” Васіля Пукірава. У Мінску прадстаўлены варыянт “Няроўнага шлюбу”, створаны ў 1875 годзе. Сама карціна напісана ў 1862-м, яе арыгінал знаходзіцца ў Маскве, у Траццякоўскай галерэі. Характэрны вялікі памер палатна — фігуры напісаны амаль у натуральную велічыню, што прыцягвае да яго асаблівую ўвагу. Гледачы, якія стаяць перад карцінай, нібы самі непасрэдна ўдзельнічаюць у тым, што адбываецца, і спачуваюць дзяўчыне-беспасажніцы, якую супраць яе волі бярэ ў жонкі важны стары чыноўнік.


Замежныя госці часцяком наведваюць музей

Гендырэктар расказаў пра свой любімы экспанат. Гэта ікона Святая Параскева Пятніца, датаваная другой паловай XVI стагоддзя. Абраз знойдзены падчас экспедыцыі па беларускіх храмах у 60-я гады мінулага стагоддзя.

Наогул калекцыі, якія складаюць збор старажытнабеларускага мастацтва, у музеі надзвычай разнастайныя і багатыя па змесце.

Працягваючы знаёмства з самымі знакамітымі экспанатамі музея па рэкамендацыі Уладзіміра Пракапцова, нельга было абысці ўвагай карціну, якая належыць пэндзлю вядомага ў 1640-1680-х гадах віленскага мастака Іагана Шрэтэра. Знатныя дамы — Катажына і Марыя — у свой час былі жонкамі даволі вядомага Януша Радзівіла. Праблема толькі ў тым, што на момант напісання гэтага палатна адна з жанчын, у ярка-чырвонай сукенцы, была мёртвая. Навошта Янушу Радзівілу спатрэбілася змяшчаць на адно палатно абедзвюх каханых жанчын, дакладна невядома. Але на гэты конт у мастака і мастацтвазнаўцы Уладзіміра Пракапцова ёсць свае меркаванні.

“Помніцца, я прыдумаў легенду пра кажана, які жыве на гарышчы музея, і апоўначы ператвараецца ў дзяўчыну і ходзіць па залах. Дарэчы, у нас сапраўды жыве кажан на гарышчы. Ён залятаў пару разоў у галерэю, і супрацоўнікі аховы хваляваліся, што можа пашкодзіць палотны. Вось тады я і напісаў карціну. На ёй намаляваў дзяўчыну ў выглядзе кажана, які лунае ў паветры, і сябе ў рыцарскіх даспехах побач з партрэтам Катажыны і Марыі Радзівіл. На мой погляд, гэтае палатно з Нясвіжскага збору Радзівілаў — самае містычнае ў музеі, менавіта таму я намаляваў яго на сваёй рабоце”, — расказаў гендырэктар.

Сваю не менш містычную карціну Уладзімір Пракапцоў выставіў у Ноч музеяў у 0 гадзін 13 хвілін. Дэманстрацыя прадоўжылася, зноў жа, 13 хвілін. “Больш карціну ніхто не бачыў. Я зафарбаваў яе чорнай фарбай і прама па ёй пішу новую”, — заінтрыгаваў журналістаў падчас экскурсіі суразмоўца. Што гэта будзе за карціна, ён паабяцаў расказаць пазней.

Наступны маршрут Уладзіміра Пракапцова — у прыбудову да НММ, якая адкрылася ў 2006 годзе. Прыбудова з’явілася, калі ў музея стала зу­сім туга з экспазіцыйнымі плошчамі, аднак цалкам праблему яна, вядома, не вырашыла. У музеі захоўваецца больш за 30 тысяч твораў мастацтва (жывапіс, графіка, скульптуры), але для агляду выстаўлена толькі каля 4 працэнтаў. Плюс трэба дзесьці размяшчаць часовыя экспазіцыі, ветліва прадастаўленыя замежнымі калегамі.


Тэма малой радзімы займае адметнае месца ў асабістай творчасці Уладзіміра Пракапцова

“Гадоў дзесяць назад мы вырашылі замахнуцца на цэлы музейны квартал. Кіраўнік дзяржавы гэтую прапанову падтрымаў”, — адзначыў Уладзімір Пракапцоў. Музейны комплекс развіваецца за кошт прылеглых тэрыторый. Па просьбе кіраўніцтва музея і Міністэрства культуры на баланс НММ перададзены чатырохпавярховы будынак былога студэнцкага інтэрната Беларускага дзяржуніверсітэта. Калі задуманае ажыццявіцца, па Нацыянальным мастацкім музеі можна будзе гуляць не тое што гадзінамі, а ўвесь дзень напралёт. Тут будуць не толькі цікавыя выставы, але таксама кафэ, магазіны.

Быў інтэрнат БДУ, а будзе музей! Мяркуецца, што сутарэнныя паверхі (з улікам будучыні вуліцы Карла Маркса, якую плануецца ў перспектыве зрабіць пешаходным “мінскім Арбатам”) будуць заняты гардэробамі, артыстычнымі кафэ, барам і кавярняй. На першым паверсе размесцяцца сувенірныя магазіны і кнігарні, інтэрнэт-кафэ, выставачная і шматпрофільная канферэнц-залы. Другі і трэці паверхі плануецца аддаць пад экспазіцыі беларускага народнага мастацтва, выставачную залу, залу-майстэрню для практычных ды інтэрактыўных заняткаў з дзецьмі, памяшканні для супрацоўнікаў. На чацвёртым і дабудаваным пятым мансардным паверсе размесціцца рэстаўрацыйны цэнтр.У кожным музейным памяшканні прадугледжаны інтэрнэт, лакальная сетка, аўдыясістэма, гукавы кантроль бяспечнага доступу да экспанатаў. Будынак будзе прыстасаваны для наведвання людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі — абсталяваны спецыяльнымі ліфтамі і пандусамі.

Завяршыць будаўніцтва музейнага квартала плануецца да 2019-2020 гадоў, хоць першапачаткова разлічвалі справіцца да 2018 года. “Не хачу быць суровым аптымістам, трэба рэальна глядзець на рэчы, — адзначыў Уладзімір Пракапцоў. — Калі да 2020 года музейны квартал пачне працаваць, можна будзе прадставіць публіцы ўжо каля 10 працэнтаў экспанатаў. Выставіць усе творы мастацтва адначасова, вядома, немагчыма”.

Вернемся да экспазіцый. Сёння ў музеі — вялікая выстава, прысвечаная 150-годдзю з дня нараджэння Лявона (Леона) Бакста, імпрэсіяніста родам з Гродна. Акрамя твораў Бакста на ёй прадстаўлены палотны яго сучаснікаў, сяброў, сярод якіх Аляксандр Бенуа, Мсціслаў Дабужынскі, Барыс Кустодзіеў, Ісаак Левітан, Кузьма Пятроў-Водкін, Фердынанд Рушчыц, Мікалай Рэрых, Зінаіда Серабракова, Дзмітрый Сцялецкі, Валянцін Сяроў, Міхаіл Урубель, Канстанцін Каровін, Станіслаў Жукоўскі, Мікалаюс Чурлёніс.Уладзімір Пракапцоў звяртае ўвагу на тое, што амаль усе названыя мастакі — сусветныя знакамітасці, сярод якіх нямала нашых землякоў.


Аўра мастацтва — ні з чым не параўнальная з’ява

“Час і творчасць Бакста” — так называецца экспазіцыя. Але на выставе не проста адзін мастак, а цэлая эпоха. Гендырэктар НММ упэўнены, што гледача на ёй чакае нямала адкрыццяў:

— Станіслава Жукоўскага традыцыйна ўспрымаюць як “спевака дваранскіх гнёздаў”. Ён бліскуча напісаў не адзін дзясятак інтэр’ераў. На выставе можна ўбачыць іншы бок імпрэсіяніста Жукоўскага — яркага пейзажыста.

Экспазіцыя рыхтавалася два гады. Пасля выставы “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі”, якая прайшла ў 2014 годзе, гэта другі буйнейшы праект музея і Белгазпрамбанка. Яго мэта ў першую чаргу асветніцкая. Яшчэ нядаўна ў Беларусі мала ведалі пра мастакоў Парыжскай школы. На слыху былі Шагал і крыху Суцін. Цяпер гавораць пра цэлую плеяду творцаў родам з розных рэгіёнаў Беларусі, якія сталі знакамітымі ў Парыжы.

Уладзімір Пракапцоў дадае, што не так даўно нашы землякі Бялыніцкі-Біруля, Жукоўскі, Рушчыц прылічаліся да расійскіх мастакоў — толькі таму, што атрымалі ў Расіі адукацыю:

— Разам з выдавецтвам “Беларусь” пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі мы заснавалі серыю альбомаў “Славутыя мастакi з Беларусi”. Ужо ўбачыла свет 19 тамоў. Першая кніга выйшла ў 2010-м, да 150-годдзя з дня нараджэння Івана Хруцкага. Спачатку планавалася, што з’явіцца ўсяго некалькі выпускаў. Але мы вырашылі не ставіць кропку. Гэта бестэрміновы праект.

Не прамінуў Уладзімір Пракапцоў сказаць і пра тое, як працяглыя перагаворы вяліся па арганізацыі экспанавання беларускіх абразоў у Ватыкане. І вось тыя святыні ўжо ў Рыме. Для выставы “Сакральнае мастацтва Беларусі XVII-XX стагоддзяў” падабралі спецыяльнае памяшканне. Выдадзены каталогі, альбомы на некалькіх мовах.

— У Год культуры мы будзем адкрываць з дапамогай Мастацкага музея шмат новых старонак гісторыі нацыянальнага мастацтва. Гэтай восенню папоўніцца выстава, арганізаваная для Ватыкана, і адбудзецца яе прэзентацыя ў Мінску. Новыя сустрэчы з прыгожым чакаюць і пазней. Восенню 2017 года плануецца вялікая экспазіцыя адрэстаўраваных прадметаў сакральнага мастацтва, — расказвае Уладзімір Пракапцоў і падкрэслівае адну асаблівасць: — Некаторыя рэчы — іконы, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — будуць адрэстаўраваныя толькі напалову, каб можна было наглядна паказаць іх стан да і пасля, даць магчымасць гледачу зразумець, наколькі карпатлівая праца мастака, які аднаўляе шэдэўры.

Дарэчы, у бліжэйшыя гады рэстаўратары атрымаюць новыя майстэрні ў карпусах, якія будуюцца адразу за сучасным будынкам мастацкага музея.

Шмат у чым такая перспектыва стала магчымай дзякуючы настойлівасці топ-менеджара Пракапцова.

Дырэктар такой установы, як Нацыянальны мастацкі музей, — чалавек, безумоўна, заняты. Але тыя сустрэчы і гутаркі, якія былі ў мяне з Уладзімірам Пракапцовым, дазваляюць дапоўніць партрэт гэтай, безумоўна, неардынарнай асобы. Бо, акрамя ўсяго іншага, ён яшчэ і сам мастак.


— Як на ўсё хапае часу?

— Незадаволенасць сабою, несупакоенасць — гэта матывы, якія заахвочваюць мяне, у тым ліку і як мастака, — гаворыць Уладзімір Пракапцоў. — У свой час я паступіў у аспірантуру Акадэміі навук, пашырыў свае мастацкія далягляды. Навука дала элемент канцэнтрацыі. Чым для мяне цікавая дырэктарская работа? У ёй я, як кіраўнік, самадастатковы. Я атрымаў мастацтвазнаўчую адукацыю і магу гаварыць на роўных з любым мастаком, з дырэктарам Луўра і г.д. Я адчуваю сябе на сваім месцы. Мне падабаецца работа ў музеі, але мне падабаецца і пісаць карціны ў майстэрні. Там я пераключаюся з адміністрацыйнай работы на творчую: колеравыя адносіны, неба, дах, зямля, яблыні, кветкі… Карацей, у мяне ёсць элемент самадастатковасці. Я вельмі задаволены сваёй працай, адчуваю сябе вельмі камфортна. Люблю вучыцца ў іншых. У мастака — падгледзець, як ён сваю работу закампанаваў, у дырэктара — як, напрыклад, выставіць святло ў музеі, як сцены пафарбаваць.

— Зразумела: вы не адразу марылі пра кар’еру дырэктара музея. Сёння, калі гэтая работа займае шмат часу, занятак жывапісам для вас што ў большай ступені: хобі, адпачынак для душы?..

— Гэта сур’ёзны занятак. Я разумею ўсю меру адказнасці. Гэта зна­чыць, калі ты сябе заявіў мастаком, ты павінен гуляць па правілах. Калі б гэта было маё хобі, то я маляваў бы сабе ў задавальненне. Але гэта не хобі. Іншае пытанне, што ў мяне няма столькі часу. Я не магу пісаць з раніцы да вечара як свабодны мастак. Я толькі вечарамі, начамі магу гэта рабіць. У выхадныя і святочныя дні працую. Жыццё паказвае, што зрабіць адну геніяльную карціну і ўвайсці з ёй у гісторыю як таленавіты мастак — гэта вельмі складана. Трэба зрабіць шмат карцін. Гэта не значыць, што будзе сто тваіх карцін і ўсе яны знакавыя. Не. У год зрабі адну карціну, але каб яна за душу кранула. І каб іншы мастак сказаў: так, граматна выбудавана. Важна, каб прафесіянал яе зразумеў. А просты глядач прыняў як добрую кнігу. Для мяне такая ніша — гэта самаўдасканаленне. Другое — гэта пераключэнне. Трэцяе — гэта спаборніцтва са сваімі калегамі. Мне потым лягчэй працаваць на экспертных камісіях, бо я не проста акадэмічны дырэктар. Я, дарэчы, на эцюды выязджаю. І таксама выстаўляюся ў галерэі Саюза мастакоў — адной-дзвюма работамі да знакавых выстаў.

— Стылістыка вашых работ ад чаго залежыць?


— Ад настрою, пачуцця эксперыменту. Раней у мяне быў рэалізм з імпрэсіянізмам. Апошнія работы больш дэкаратыўныя. Гэта, напэўна, прыходзіць з узростам, з досведам. І нават — з іншым светаадчуваннем сённяшняга дня. Хочацца хутка ўсё вынесці. Рытм аказвае ўплыў. Ты ў калясніцы і не можаш спыніцца. І свае пачуцці выкідваеш на палатно.

— Ці ёсць нейкі абагульнены вобраз вашых работ? Ці кожная работа мае сваю індывідуальнасць?

— Безумоўна, кожная работа індывідуальная. Калі я пішу карціну, то адразу прыдумляю ёй назву. Дапусцім, калі задумаў напісаць гарлачыкі, ноч або світанак, то спачатку іду ад філасофіі назвы. Таінства — гэта не проста, напрыклад, нейкі зрэз рэальнай вады. Павінна прысутнічаць нейкая недагаворанасць. Вада гэта ці не вада? Гэта зялёныя аблокі, а здаецца, зусім і не аблокі. Каб былі нейкія асацыяцыі. Я не люблю лабавога рашэння. Вядома, калі нацюрморт пішаш — гэта канкрэтна. Іншая справа, што яго можна па-рознаму напісаць. Можна ярка і няярка. Можна стол з ножкамі і без ножак. Чырвоныя яблыні. Але ж чырвоных яблынь не бывае. У кожную карціну мастак укладвае сэнс. І сваю філасофію. Мастак перадае эмоцыі — тады і работа як птушка з гнязда вылятае.

— Прызнанне ад гледача — яно важнае для мастака?

— Вядома. Усе мастакі — акцёры, паэты, пісьменнікі — усе хочуць пры-знання. Гэта павялося з тых часоў, як чалавек узяў у руку кавалак вугалю і на скале пачаў маляваць, каб ад сваіх супляменнікаў атрымаць нейкія словы захаплення. Я не веру ў тое, што мастак працуе не дзеля славы. У кожнага закладзена энергетыка — быць першым. Кожны мастак жадае прызнання. І я як дырэктар музея жадаю, каб музей быў першым у Беларусі. Гэта натуральна. Не будзе гэтага пачуцця — не будзе прагрэсу. Мастак і стаў мастаком, каб атрымаць прызнанне. Іншая справа — якім чынам? Слава ёсць розная. Ёсць танная. А ёсць — праз працу. Час — вялікі суддзя.

— Творчасць беларускіх мастакоў цікавая для замежнага гледача?

— Пра што гутарка! Беларуская школа, асабліва рэалістычная старэйшага пакалення, вельмі высока каціруецца. Сёння ў Еўропе такога ўзроўню няма. Дрэнна тое, што ў нас няма арт-рынку. Тых жа аўкцыёнаў, у тым ліку дабрачынных. Хацелася б, каб усё было публічна. Чаму б у тым жа Віцебску, які прапах фарбамі з часоў Шагала і Малевіча, не праводзіць аўкцыёны? Мы хочам быць еўрапейскай сталіцай. І ўсё для гэтага ёсць: геаграфічнае становішча, людзі, горад дагледжаны. Магчыма, у нас няма, як у Павароці, голасу. Але ў нас ёсць шыкоўны жывапіс. Чаму б нам не стаць заканадаўцамі арт-рынку? Тым больш, такія традыцыі!

— Ці павінен музей фарміраваць густ у наведвальнікаў?

— Абавязкова. Музей не можа быць проста так. Місія музея — навукова-адукацыйная або адукацыйна-педагагічная. Гэта, калі хочаце, адукацыйны цэнтр. Музей сёння набывае зусім іншую форму. Ён павінен быць актыўным, павінен выходзіць за сцены. Гэта значыць, сёння выстава павінна мець у самых розных напрамках свой працяг. Для школьнікаў павінна быць адно, для дарослых — другое. У музей укладваюцца вялікія грошы: залы, абсталяванне, зарплаты… Усё для таго, каб фарміраваць густы лю­дзей. Музей павінен быць актыўны, нават па-добраму агрэсіўны. І быць на тры крокі наперадзе ўсяго грамадства. Асабліва цяпер, у часы глабалізацыі. Калі чалавек заходзіць у музей, яму павінна быць тут цікава: лекцыі, экскурсіі... Місія музея, я ў гэтым катэгарычна ўпэўнены, адукацыйная. Іншага не дадзена.

— За тыя гады, што вы з’яўляецеся дырэктарам музея, вы пераканаліся, што глядач стаў больш падрыхтаваным, больш разборлівым?


— Вядома. Сёння ёсць інтэрнэт. І глядач можа віртуальна пахадзіць па Траццякоўцы. Або чалавек сеў у самалёт Белавія, праз дзве гадзіны ён у Парыжы — і можа ўжывую пагутарыць з Монай Лізай. Сёння яго нічым не здзівіш. Глядач стаў гурманам, больш патрабавальным. І да гэтага трэба быць гатовым. Каб мы не адставалі: у тэхналогіях, у выставах, у методыцы, у кадрах. Новае пакаленне мяняецца — гэта пытанне глабальнае, і дырэктар музея не можа сядзець спакойна. Я ўвесь час трымаю ў напружанні калектыў, можа, камусьці гэта не падабаецца. У 60-70-я гады музей быў ціхай гаванню, а сёння ён павінен зарабляць грошы, павінен падтрымліваць імідж сваёй краіны. І павінен рабіць міжнародныя праекты. Чаго просіць і патрабуе наведвальнік? Давай яму выставу Марка Шагала, давай выставу з Траццякоўскай галерэі. Сёння супрацоўнікі павінны быць з веданнем замежных моў. Такім чынам, трэба пашырыць фармат музея, што мы і робім.

— Значыць, тэрмін “барацьба за гледача” не састарэлы, а па-ранейшаму актуальны.

— Наадварот, цяпер мы павінны змагацца за кожнага наведніка. Толькі цікавымі выставамі, змястоўнымі праграмамі мы зможам прыцягнуць гледача да сябе. Сёння музей у ідэале — гэта вялікая культурная індустрыя.

— Напэўна, складана кіраваць такім механізмам?

— Няпроста, гэта вялікая адказ­насць, бо музей — візітная картка краіны. Я гавару супрацоўнікам, што з часам нас усіх заменяць. Музей не павінен стаяць да ўпору як дом састарэлых. Музей павінен працаваць. І таму, вядома, вялікая адказнасць непасрэдна на кіраўніку. Я гэта адчуваю, я гэта разумею. Чаму так рана і пасівеў.

— Дырэктар музей — гэта больш менеджар або навуковец?

— Усё разам. Сёння я не ўяўляю, што дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея — не мастак, не мастацтвазнаўца, а толькі эканаміст-менеджар. Вы можаце сабе ўявіць на чале Эрмітажа эканаміста? Або на чале Траццякоўскай галерэі? Я — не. Так, у іх ёсць менеджары, але ўсё-такі на чале павінен быць спецыяліст. Зрэшты, сёння фігура дырэктара музея — універсальная. Ён павінен быць і менеджарам, і эканамістам, і мастацтвазнаўцам. Вось чаму не саромеюся ўсяму вучыцца.

— Усё ж, у вас няма раздваення асобы: паміж дырэктарам Пракапцовым і мастаком Пракапцовым?


— Поўная гармонія. Адзін дапаўняе другога. У мяне было раздваенне асобы, калі я працаваў у апараце Савета міністраў і мала ўдзельнічаў у выставах. Тады не вельмі дазвалялася чыноўнікам выстаўляцца разам з мастакамі. Гэта не віталася, мякка кажучы, у 80-90-я гады. А цяпер, наадварот, мне надзвычай камфортна.

— У вашу бытнасць дырэктарам прайшло нямала выстаў з замежных музеяў. А што датычыцца экспанавання работ Нацыянальнага мастацкага музея за мяжой: ці праводзіце акцыі, каб паказаць там наша музейнае багацце?


— Так, ёсць такія планы, і яны ажыц­цяўляюцца. Мы ўжо прадстаўлялі карціны Хруцкага ў Вільнюсе ў плыні двухсотгоддзя з дня нараджэння мастака. Цяпер рэалізуецца праект з Ватыканам — пакажам там беларускія абразы. Вядома, гэта ўсё спалучана са страхоўкамі. Чым буйнейшая выстава, тым больш трэба сродкаў.

— Вы маглі б прадоўжыць фразу: “Сапраўднае выяўленчае мастацтва — гэта …”

— …Гэта жыццё. Без мастацтва няма жыцця. Выяўленчае мастацтва робіць чалавека багацейшым у духоўным плане. Яно робіць яго больш добрым, больш гарманічным. Ёсць агульны набор культурных каштоўнасцяў, якія — як правілы паводзінаў у грамадстве: напрыклад, саступаць месца старэйшым, прапускаць наперад жанчын… А ў цэлым мастацтва — гэта жыццё. Без мастацтва не будзе жыцця. Чаму ў пячорах пачалі маляваць, рабіць роспісы. Людзі ўжо тады глядзелі на зоркі і хацелі бачыць нешта на сцяне. Зоркі раніцай знікалі. Але на сцяне з’яўляўся прыгожы паляўнічы, нейкая сцэна з жыцця першабытнага чалавека. І гэтыя малюнкі таксама вартыя захаплення. Многія з іх — спадчына. Своеасаблівая музейная каштоўнасць.

Такія далягляды Уладзіміра Пракапцова, генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Рэальныя, адчувальныя і ўяўныя — тыя, без якіх няма развіцця асобы, няма перспектывы.

Віктар Міхайлаў

Фота: Павел Чуйко, Раміль Насібулін, Аляксандр Стадуб, БелТА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter