Майстар-клас: экаторба ўласнымі рукамі

Далоў пакеты!


Шыем спрытную, зручную і кампактную экаторбачку

Задумайцеся, колькі пластыкавых пакетаў вы цягнеце з крам. Лічбы ўражваюць: калі браць усё насельніцтва свету, то атрымаецца некалькі трыльёнаў штук у дзень! Пластык надзвычай даўгавечны матэрыял, ён расшчапляецца стагоддзямі — адсюль жудасныя экалагічныя праблемы наваколля. Вядомая мудрасць: хочаш змяніць свет — пачні з сябе. Крок першы — хадзіць у краму са сваёй торбачкай. Сёння альтэрнатыва шапаткім і непрыгожым пакетам — модныя тэкстыльныя аксесуары. Маленькія торбы прыносяць вялікую карысць наваколлю. Дарэчы, няхітрая арыфметыка паказвае: 1 торбачка можа замяніць ад 300 да 700 пакетаў у год! Эканомія відавочная. Майстар Юлія Дарвін, удзельнік майстэрні ручных вырабаў, распавядае, як пашыць модны і карысны аксесуар.

Нам спатрэбяцца: 2 адрэзы тканіны даўжынёй 40 см (пры стандартнай шырыні 150 см), нажніцы, ніткі, гузік, тасёмка, кравецкія іголкі.


Тканіна для экаторбы павінна быць зносаўстойлівая з натуральных валокнаў. Выдатна падыдзе лён. Вырабы з гэтага матэрыялу прыемныя навобмацак, іх лёгка мыць як рукамі, так і ў пральнай машыне. Колер падбіраем пад настрой і асабістыя пажаданні. Мы спыніліся на дуэце шэрага і чырвонага. Асаблівасць нашай мадэлі ў тым, што яна будзе двухбаковая. Торба хуценька зайграе новым колерам пад ваш вобраз і настрой. Ніткі купляем у тон тканіне. Торбу можна будзе скласці акуратным прамавугольнікам і зашпіліць на гузік: так яна зойме мінімум месца ў сумцы.

Крок 1. Вызначаемся з памерамі экаторбы. Для зручнасці бяром ліст паперы ў клетку, адмяраем адпаведныя кавалкі і прышпіляем іх іголкамі да тканіны. Шырыня торбы — 33 см, даўжыня — 37 см. Каб наш аксесуар не матляўся, не перашкаджаў руху і ў той жа час не звальваўся з пляча, зробім аптымальную даўжыню ручак — 4х29 см. Для ўпрыгожвання, а таксама дзеля таго, каб пакласці ў экаторбу розную дробязь, прымацоўваем кішэню. Яе памеры будуць 14х23 см. І не забывайцеся пакідаць пару сантыметраў на прыпуск. Дэталі выразаны? Прыступаем да наступнага этапу.


Крок 2. Ствараем ручкі. Машынным радком праходзімся ўздоўж аднаго доўгага боку. Кавалак тканіны разгортваем, загінаем каля сантыметра ад краю ўнутр і прасуем. Лён даволі паслухмяны матэрыял, таму праблем тут узнікнуць не павінна. Складаем абрэз разам і прашываем па краі. Пасля прыстрочваем ручкі некалькімі радкамі да асновы. Не сумнявайцеся, яны будуць вельмі надзейныя, вытрымваюць нават пузаты кавун.


Крок 3. Акуратна замінаем пальцамі сантыметр з усіх бакоў на кавалку-прамавугольніку для кішэні. Прыкладаем яго на сярэдзіну асноўнай тканіны і прастрочваем. На вугалках замацоўваем. Звяртайце ўвагу на ніткі ў машынцы. Торба двухбаковая, таму мяняем шпулькі пад колер тканіны. Унізе кішэні прышываем пяцельку з тасьмы. За яе будзем чапляць гузік.


Крок 4. Складаем палоскі тканіны і падносім іх пад іголку машынкі. Старанна разгладжваем “маршчыны” на торбачцы прасам. Унізе пакідаем адтуліну прыкладна 10 см. Праз яе выварочваем торбу. Пасля “дзірку” акуратна зашываем рукамі патаемным швом.


Крок 5. Фінальны акорд — прымацаванне ўверсе кішэні гузіка. Калі мы скруцім экаторбачку, яна будзе падобна на невялічкі кашалёк. Галоўнае, кампактны і зручны аксесуар не зойме шмат месца ў сумцы і будзе заўжды пад рукой. Дарэчы, з кавалкаў, што засталіся, можна зрабіць разнастайныя аплікацыі, упрыгожванні, дадатковую кішэню з іншага боку ці кашалёк для дробязяў і манет. Падключайце фантазію!


Падсумуем
Фота аўтара

• На стварэнне экаторбы ў сярэднім трэба 4 гадзіны.

• На два кавалкі лёну, гузік і дзве шпулькі нітак пайшло 15 рублёў.

Экаторбу можна браць

•  У краму за прадуктамі.

•  На пляж.

•  У трэнажорную залу, на танцы.

• На шпацыр.

ПАРАДЫ

Як зберагчы прадукты даўжэй і захаваць свае грошы

Нярэдка, паддаўшыся на маркетынгавыя хітрыкі, мы выходзім з крамы з поўнымі кошыкамі прадуктаў. Нібыта не збіраўся браць тую каўбасу, але ж акцыі, скідкі, як не скарыстацца? 

Дома, забіўшы даверху халадзільнік, забудземся на нешта, а пасля выкідаем сапсаваную ежу ў сметніцу. Марнатраўства! Зусім няцяжка прыняць меры, каб звесці такія сітуацыі да мінімуму і зэканоміць лішнюю капейку.

•  Не купляйце больш, чым трэба. Бярыце роўна столькі прадуктаў, колькі вы зможаце выкарыстаць у пэўным рэцэпце або спажыць да заканчэння тэрміну захоўвання.

•  Садавіну і гародніну захоўвайце не ў звычайных, а ў папяровых пакетах. Дарэчы, калі набываеце арэхі, печыва, цукеркі, не цягніцеся за поліэтыленавым пакетам, а лепш загадзя вазьміце с сабой невялічкі мяшочак з тканіны.

•  Правільна выкарыстоўвайце секцыі ў халадзільніку, прызначаныя для розных прадуктаў. Аддзелы маюць свой тэмпературны рэжым і цыркуляцыю паветра (уверсе самая цёплая зона, унізе — самая халодная).

•  Не захоўвайце прадукты, якія хутка псуюцца (напрыклад, сыр, масла), у дзвярах халадзільніка — гэта самае цёплае месца.

•  Не застаўляйце ўшчыльную паліцы халадзільніка: з-за гэтага парушаецца цыркуляцыя паветра, што вядзе да скокаў тэмпературы і псавання прадуктаў.

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter