Дакладны крой

За 3 месяцы ТАА «Фармэль» уклала ў мадэрнізацыю Br 3 млрд

За тры месяцы ТАА «Фармэль» уклала ў мадэрнізацыю каля 3 млрд. рублёў

У сваім штогадовым Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка назваў мадэрнізацыю эканомікі першым у ліку трох магутных нацыянальных праектаў, на якія зараз абапіраецца краіна ў сваім развіцці. Ён падкрэсліў, што гэты працэс ужо ідзе поўным ходам і мае відавочныя вынікі. Абноўленыя прадпрыемствы забяспечваюць эфектыўную работу, выпускаюць канкурэнтаздольную прадукцыю.

Прадуманы план мадэрнізацыі дазволіў ТАА «Фармэль» літаральна за два гады ператварыць нерэнтабельную Старадарожскую швейную фабрыку ў сучаснае прадпрыемства з трывалым «сёння» і перспектыўным «заўтра». «У жніўні 2010 года кампанія набыла вытворчыя памяшканні ў адпаведнасці з магчымасцямі, што прадастаўлены Дэкрэтам № 6 «Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішчаў, сельскай мясцовасці». І зараз карыстаецца льготамі, што прадугледжвае дакумент. Гэта ў многім і дае магчымасць хутка развівацца», — расказвае намеснік старшыні Старадарожскага райвыканкама Святлана Лапанік.

ТАА «Фармэль» уваходзіць у групу кампаній «Марк Фармэль», якая ў шырокім асартыменце выпускае высакаякасныя трыкатажныя і гарсэтныя вырабы (у тым ліку папулярную зараз тэрмабялізну), і змагла трывала заняць сваю нішу на рынку. Новыя ўладальнікі актыўна ўзяліся за працэс рэканструкцыі і мадэрнізацыі, правялі перанавучанне персаналу. «Наша прадпрыемства пастаянна інвесціруе ў развіццё вытворчасці. Толькі за тры месяцы бягучага года ўкладзена каля 3 млрд. рублёў. Развіццё ідзе бесперапынна. Зараз знаходзімся, калі можна так сказаць, у самым разгары рэканструкцыі фабрыкі і зрабілі толькі невялікую частку таго, што запланавана, — прыкладна працэнтаў 30. Галоўная наша задача — зрабіць такі тавар, які ніхто зараз не можа прапанаваць з беларускіх вытворцаў», — адзначае намеснік дырэктара фабрыкі «Фармэль» Андрэй Серыкаў.

Найперш рэканструкцыю правялі ў раскройным цэху. Там створаны ўсе неабходныя ўмовы працы, устаноўлена новае тэхналагічнае абсталяванне. Начальнік вытворчасці Наталля Піталенка не без гонару расказвае, якія перавагі мае новы раскройны комплекс: «Лінія цалкам аўтаматызавана. Пакуль мы працуем у тэставым рэжыме, але ўжо зараз бачым, што прадукцыйнасць павялічваецца ўдвая. Камп’ютарная тэхніка дазваляе рабіць высакаякасны раскрой. Разам з тым набыты праграмныя шматаперацыйныя машыны для пашыву, сучасныя вышывальныя машыны. Увогуле, у нас ёсць унікальнае абсталяванне, якое мае вельмі мала аналагаў у краіне. Разам з якасцю і прадукцыйнасцю яно дазваляе зрабіць працу больш бяспечнай».

За два гады колькасць працоўных на фабрыцы павялічылася з 76 да больш чым 230, з якіх 110 — швачкі. Як расказала начальнік адміністрацыйна-гаспадарчага аддзела Валянціна Каролька, спачатку былі пэўныя складанасці з персаналам, а зараз фабрыка ўжо мае магчымасць рабіць адбор.

Сваім гонарам «Фармэль» па праву лічыць не толькі якасць прадукцыі з натуральнай сыравіны, але і шырокі асартымент. На прадпрыемстве створаны мабільныя групы, якія здольны ў момант пераключацца з аднаго віду прадукцыі на другі. За месяц на фабрыцы шыецца каля сотні мадэлей. Асартымент увесь час змяняецца ў адпаведнасці з запатрабаваннямі спажыўцоў. Трымаць руку на пульсе дазваляе прафесійная работа ўласнай дызайн-студыі, што працуе на прадпрыемстве групы кампаній «Марк Фармэль».

За дзесяць гадоў група кампаній не толькі змагла істотна ўмацаваць і развіць свой вытворчы патэнцыял, але і трывала асталявацца на рынку. У Беларусі створана сетка фірменных магазінаў, замежныя партнёры — краіны СНД. ТАА «Фармэль» за непрацяглы перыяд сваёй работы таксама паказала добры экспартны патэнцыял. «Прадпрыемства літаральна з самага пачатку свайго існавання нацэлілася на замежныя рынкі. А дынаміка вось якая: у 2011 годзе экспарт склаў 300 тыс. долараў, у 2012-м — амаль 1 млн. 100 тыс. За першы квартал бягучага года пастаўлена прадуцыі на экспарт на суму каля 400 тыс. долараў, а гэта амаль у 8 разоў больш, чым за адпаведны перыяд папярэдняга года. Удзельная вага прадпрыемства ў агульным аб’ёме прамысловай вытворчасці Старадарожскага раёна складае 30 %», — адзначае Святлана Лапанік.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter