Планы на чарговы год ў кожнага свае

Дакладнае адлюстраванне свайго часу

Магчыма, і прывыч­ныя ўжо словы, але мы паўтараем іх усялякі раз, калі жадаем адзін аднаму новых надзей, дабрабыту. Арыгінальнасць тут недарэчная — шчырасць вышэй за ўсё. Усё гэта мае непасрэднае дачыненне да таго моманту, калі чарговы год уступае ў свае правы. Планы на яго ў кожнага свае. Не толькі ў людзей, але і ў цэлых краін. 



“Абрысы шматграннай рэчаіснасці” — публікацыя ў нашым часопісе, у якой гаворыцца аб тым, што Беларусь у 2015 годзе апрабуе цэлы шэраг новаўвядзенняў. Гэта ўжо гістарычны факт: Еўразійскі эканамічны саюз пачаў функцыянаваць з 1 студзеня. А Беларусь стала першай краінай, якая старшынствуе ў гэтым інтэграцыйным аб’яднанні. Паводле ацэнак экспертаў, Еўразійскі эканамічны саюз будзе шостай эканомікай у свеце з сукупным ВУП, які дасягае амаль трох трыльёнаў долараў. Яшчэ адзін трыльён чакаецца да 2030 года з прычыны інтэграцыйнага эфекту. Больш як 170-мільённы рынак са свабодным рухам тавараў, паслуг, капіталаў і працоўных рэсурсаў абяцае немалую выгаду для бізнесу і інвестараў.

Цікавая перспектыва, ці не праўда. А яшчэ ў Беларусі са студзеня гэтага года ўведзены дадатковыя меры дзяржпадтрымкі сем’яў з дзецьмі — дзеля стымулявання нараджальнасці. 
Са студзеня ўступіў у сілу і ўказ, якім прадугледжваецца павышэнне ўзроўню пенсій грамадзян з працяглым стажам працы. Рэалізацыя гэтых мер, адзначаюць эксперты, дасць магчымасць, з аднаго боку, узмацніць матывацыю работнікаў да працяглай і легальнай працоўнай дзейнасці, з другога — абмяжуе ўтрыманскія памкненні.

А вось адзін з дэкрэтаў са студзеня ўзмацняе патрабаванні да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый. Дакумент павінен дапамагчы выкараніць безгаспадарчасць, умацаваць вытворча-тэхналагічную, працоўную і выканальніцкую дысцыпліну.

Новыя папраўкі ў закон аб СМІ таксама пачалі працаваць са студзеня 2015 года. Адно з галоўных новаўвядзенняў — змены па рэгуляванні работы так званых інтэрнэт-СМІ. У прыватнасці, цяпер распаўсюджваецца дзеянне закона аб СМІ, за выключэннем патрабаванняў аб дзяржаўнай рэгістрацыі, на інфармацыйныя рэсурсы, размешчаныя ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт, пры дапамозе якіх ажыц­цяўляецца распаўсюджванне прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі. Гэта значыць, інтэрнэт-рэсурсы цяпер будуць несці адказ­насць за “віртуальнае” слова нараўне з афіцыйнымі сродкамі масавай інфармацыі.

А яшчэ ў Беларусі ўводзіцца больш жорсткая крымінальная адказнасць за злачынствы ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў, узмацняецца адміністрацыйная адказнасць за правапарушэнні, звязаныя са спажываннем наркотыкаў. Гэта прадугледжана ў адпаведным дэкрэце, які ўступіў у сілу менавіта са сту­дзеня.

Вось такія новаўвядзенні прынёс новы год. Іх карысць і эфект яшчэ давядзецца адчуць. Час для гэтага ёсць. Цэлы год наперадзе.

А цяпер вернемся ў мінулае: гадоў гэтак на восемдзясят пяць назад. У часопіса “Беларусь” — багатая біяграфія. У 1930 годзе, менавіта ў студзені, выйшаў яго першы нумар. Вядома, гэта былі іншыя часы. Як і потым — праз дзесяць, дваццаць, трыццаць год… Сам часопіс з’яўляўся не летапісцам, а люстэркам свайго часу. Застаецца ім і цяпер. І будзе такім, перакананы, у будучыні.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter