Под Лепелем археологи нашли уникальные артефакты – янтарную подвеску и останки человека, который жил около 5 тысяч лет назад

Дакапацца да мінулага

Лес. Балота. Узгоркі-астраўкі. Загадчык сектара неаліту і бронзавага веку Інстытута гісторыі НАН Максім Чарняўскі і мясцовы гісторык-краязнаўца Валерый Тухта сцвярджаюць: каля сямі тысяч гадоў таму тут было вялікае возера. А цяперашнія ўзвышшы — былыя астраўкі, на якіх жылі людзі. Унікальны гістарычны аб’ект ужо даўно зацікавіў археолагаў, з 2006 года навукоўцы вядуць тут, каля ракі Бярэшча, раскопкі. Вылучылі 4 найбольш цікавыя помнікі старажытных паселішчаў фінальнага мезаліту — сярэдняга бронзавага веку.

Археалогія — справа тонкая.

Максім Чарняўскі распавядае, што цяперашнюю экспедыцыю можна назваць вельмі плённай:

— Мы знайшлі шмат асколкаў посуду, крамянёвых і касцяных прылад працы і побыту, паляўнічай зброі. Фрагменты касцяных вырабаў — вельмі рэдкія знаходкі для помнікаў гэтага старажытнага перыяду. Але самы цікавы артэфакт — бурштынавая падвеска часоў сярэдняга неаліту. Яна захавалася цалкам. Гэта кавалачак балтыйскага бурштыну даўжынёй каля двух сантыметраў з пракручанай адтулінай у цэнтры. Ён неапрацаваны — у тыя часы бурштын не апрацоўвалі, гэта пачалі рабіць гадоў на 300 пазней. Пакуль складана сказаць, чыё гэта было ўпрыгажэнне і дзе яго насілі — на шыі ці вопратцы. Але такія дэталі ўжо не важныя — каштоўны сам артэфакт, якому як мінімум 4,5 тысячы гадоў.

У палявым лагеры археолагаў.

Другая знаходка дае яшчэ больш шанцаў адкрыць новую старонку ў археалогіі. Удзельнікам экспедыцыі ўдалося знайсці пахаванне старажытнага чалавека. Уявіце толькі: ён таксама жыў недзе каля 5 тысяч гадоў таму! Максім Міхайлавіч дзеліцца падрабязнасцямі: косці і чэрап ляжалі так, быццам былі спакаваныя ў нейкую скрыначку, таму археолагі і прыйшлі да высновы, што гэта рытуальнае пахаванне ўжо ачышчаных касцей, а не нябожчыка адразу пасля смерці. Зараз знаходка перададзена ў рукі антраполагаў. Яны ўжо зрабілі папярэднюю выснову – астанкі належаць не дзіцяці, не падлетку і не састарэламу. Мяркуючы па ўсім, гэта малады чалавек. Інстытут гісторыі НАН цесна супрацоўнічае з біяцэнтрам, размешчаным у горадзе Тарту (Эстонія). Туды і будуць адпраўлены астанкі для правядзення генетычнай экспертызы.

Максім ЧАРНЯЎСКІ ўпэўнены — на Лепельшчыне археолагаў чакае яшчэ мноства адкрыццяў.

Нашы навукоўцы спадзяюцца, што тамтэйшыя калегі змогуць вылучыць ДНК з атрыманага матэрыялу. Падрабязны аналіз дапаможа вызначыць, да якога генетычнага тыпу адносіўся гэты чалавек. У выніку з’явіцца магчымасць удакладніць дэталі старажытнага рассялення людзей, іх радавыя ўзаемасувязі. Потым спецыялісты правядуць радыевугляродны аналіз і  вызначаць час жыцця чалавека з дакладнасцю да 70—80 гадоў. У наступным годзе экспедыцыя ў Лепельскім раёне працягнецца. Спецыялісты запэўніваюць — мясцовыя нетры хаваюць яшчэ мноства каштоўных экспа­натаў і звязаных з імі гістарычных адкрыццяў. А дапамагаць навукоўцам, як заўсёды, будуць школьнікі — аматары даўніны, вельмі дапытлівыя і неабыякавыя падлеткі, якія прыязджаюць сюды не толькі з Лепеля, але і з іншых рэгіёнаў краіны. Вось ужо шмат гадоў запар юныя следапыты, настаўнікі мясцовых школ і археолагі разбіваюць на ўскрайку лесу, што вырас на месцы старажытнага возера, свой палявы лагер. І потым з дапамогаю навуковага кіраўніка Максіма Чарняўскага і настаўніка гісторыі Валерыя Тухты даследуюць старажытныя археалагічныя помнікі. Скрупулёзна, крок за крокам вывучаюць кожны кавалачак зямлі. Не сакрэт, што ўсе хлапчукі і дзяўчынкі, якія ўдзельнічаюць у экспедыцыі, спадзяюцца не сёння, дык заўтра абавязкова раскапаць сапраўдную сенсацыю. Валерый Тухта знаёміць з парадкам у палявым лагеры і на месцы раскопак:

Падчас раскопак лішніх рук не бывае.

— Сюды штогод збіраецца каля 60—70 чалавек. Узрост нашых памочнікаў — ад 10 да 17 гадоў. Забеспячэнне лагера ў цэлым бяруць на сябе бацькі і людзі, захопленыя археалогіяй. Гэтая пушча каля вёскі Верабкі, мікрарэгіён Бярэшча — унікальны гістарычны аб’ект. Калісьці мясцовыя краязнаўцы выйшлі на яго выпадкова, выявілі тут сляды існавання чалавека — рэшткі крамянёвых і керамічных вырабаў. Акадэмія навук тады ўсур’ёз зацікавілася аб’ектам. Вось так мы і супрацоўнічаем ужо шмат гадоў. Дзеці з карысцю для сябе праводзяць летнія канікулы (тут, акрамя забаўляльных мерапрыемстваў, нават праходзяць майстар-класы па эксперыментальнай археалогіі), вучацца шанаваць гіс­торыю. А навукоўцы атрым­ліваюць новую глебу для сваіх далейшых даследа­ванняў.

Янтарны бурштын пашанцавала знайсці Насці СТЭЛЬМАХ.

begunova@sb.by

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter