ДАI працуе радарна

У Гомелі паставяць новыя радарна-інфармацыйныя сістэмы

Дысцыплінаваць прыхільнікаў хуткай язды ў Гомелі будуць новыя радарна-інфармацыйныя сістэмы памерам 2 на 3 метры на трох уездах у абласны цэнтр. Не заўважыць іх вадзіцелі не змогуць.

Начальнік ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама Ігар Макушэнка так расказвае аб магчымасцях сістэмы: «Калі на ўездзе на пуцеправод з боку Магілёва, дзе хуткасць руху 60 кіламетраў у гадзіну, вадзіцелі перавысяць яе, табло імгненна адрэагуе на парушэнне і бягучым радком папярэдзіць аб гэтым».

Новае абсталяванне закуплена ў Расіі, дзе яно даказала сваю эфектыўнасць. Неўзабаве яго даставяць у Гомель. Такая мера, лічаць спецыялісты, дапаможа ў прафілактыцы дарожна-транспартных здарэнняў і «аздараўленні» статыстыкі траўматызму на дарогах вобласці, дзе з пачатку года адбылося 188 ДТЗ і больш за 8500 вадзіцеляў затрымана за перавышэнне хуткаснага рэжыму.

Пасля ўстаноўкі першых табло ў абласным цэнтры з’явяцца яны і ў райцэнтрах. Прынамсі, па словах кіраўніка абласной ДАІ, Гомельскі аблвыканкам даў згоду на фінансаванне пакупкі яшчэ 24 такіх радарна-інфармацыйных табло.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter