Цi лёгка выбрацца з машыны-пярэкрута МНС пасля “аварыі”

Дагары нагамі

ДТЗ, машына перавярнулася. Я знаходжуся на пярэднім пасажырскім месцы. Маё становішча не самае ўтульнае – вiшу на рэменi бяспекі ўніз галавой. Да яе прыступае кроў, сэрца б’ецца шалёна. Рэмень практычна ўпіўся ў ключыцу і не адпускае ўніз. Адчуваю, што як толькi яго адшпіліць – будзе яшчэ горш: упаду і зламаю шыю. Раптам бакавыя дзверцы адкрывае Вольга Мельчанка, афіцыйны прадстаўнік МНС Мiнска, i кажа: «Слухай мяне і не панікуй». Выконваю ўсё, што яна мне раiць, і нарэшце я на волі, з цэлымi рукамi i нагамi. Добра, што ДТЗ было несапраўднае.

Жыццё  па  асабiстым сцэнарыі


Ва УДАІ МУС паказваюць страшныя лічбы: толькі за першыя два месяцы лета ў краіне адбылося 595 дарожных здарэнняў, у якіх загінулі 73 чалавекі, а 677 паранены. Гэта статыстыка гаворыць сама за сябе: неабходна забяспечваць бяспеку ўсіх тых, хто сядзіць у аўто, несумненна.

Калі б не парады Вольгі МЕЛЬЧАНКА (злева), я б не выбралася з машыны...
Фота Віталя ГІЛЯ

Але што рабіць, калі ўжо ўсё — аварыя адбылася і аўто ляжыць у кювеце дагары нагамі? Трэба ведаць, як дзейнічаць. Па гэтай прычыне некалькі гадоў таму супрацоўнікі Мінскага ўпраўлення МНС, якія пабачылі ў замежных калег падобную тэхніку, звярнуліся да інжынераў Мінскага трактарнага завода, каб тыя зрабілі з простага Volkswagen Passat B5 сапраўдную машыну-пярэкрут, на якой вось-вось я і патрэніруюся.

Вытворча-тэхнічны цэнтр Мінскага гарадскога МНС на вуліцы Антонаўскай, 9. Пакуль незвычайнае аўто-трэнажор, на якое, дарэчы, маецца патэнт, выводзяць з гаража, начальнік транспартна-гаспадарчай часткі Андрэй Шчаўроўскі тлумачыць, як простая машына змянілася «пад уплывам» выратавальнікаў:

— Спецыялісты завода дасталі з яе ўсе «вантробы», злілі знутры ўсе вадкасці, прыбралі ўсё, што небяспечна, каб аўто працавала на карысць трэніровак. Як бачыце, усталявалі ў ёй і такую вось, — паказвае ён на вялікі металічны стрыжань, які праходзіць скрозь усю машыну — і спераду, і па дне — і выходзіць дзесьцi ў багажнік. — Яна стала той апорай, на якой машына падчас перавароч­ванняў трымаецца. Разам уся гатовая ўстаноўка і аўто важаць 3,5 тоны.

Машына практычна пустая. У ёй, акрамя ялінкі-араматызатара на люстэрку задняга віду, ніякіх лішніх прадметаў няма, каб падчас кульбітаў не траўміраваць чалавека. Афіцыйны прадстаўнік Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Вольга Мельчанка акцэнтуе на гэтым увагу:

— Як думаеце, якая верагоднасць таго, што незафіксаваныя спартыўная торба, вогнетушыцель могуць падчас перакульвання трапіць у чалавека? А цi такая ж «бяскрыўдная» літровая бутэлька вады? Сцэнарый аварыі прадказаць ніхто не можа, варыяцый заўсёды шмат. Мы раiм: усе стацыянарныя рэчы ў машыне павінны быць устойліва замацаваны. Таксама і зашпілены рэмень бяспекі на чалавеку. Гэта павінна быць на падкорцы: ніхто не ведае, што і як адбудзецца. Кожная аварыя непрадказальная, яна праходзiць па ўласным сцэнарыі, i толькi вадзiцель мае магчымасць прадугледзець нейкiя неспрыяльныя варыянты развіцця падзей.

Нязручнае  становішча


Каб асабіста пераканацца ў тым, наколькі важныя рамяні бяспекі, а яшчэ навучыцца выбірацца з перавернутага аўто, сядаем з Вольгай унутр. Спачатку нас проста пераварочваюць з указаннем: падчас павароту лепш уперціся рукамі ў столь, ногі таксама не расслабляць. Добра, што не паабедала. Адзін раз перакуліліся, як курачкі грыль на ражне, і назад. Вольга пакідае аўто, цяпер мяне адну перавернуць дагары нагамі, і менавіта з такога становішча неабходна будзе выбрацца знутры…

Як толькі машына пачала пераварочвацца, адчула сябе касманаўтам у бязважкасці. Вось толькі думкі ўсе таксама перакуліліся, застаўся толькі страх

Калі надоўга павісла ўніз гала­вой, здалося, што я ў рэальным ДТЗ: пачалiся паніка i страх. Рэмень, па адчуваннях, прыціскае да столі жывот, якому вельмі хочацца вывернуцца на падлогу. Вольга адчыняе дзверы і просіць спачатку не панікаваць. Складана, але слухаюся.

— Калі б гэта адбылося ў рэальнасці, табе трэба было б пра­верыць, што баліць, ці працуюць кончыкі пальцаў рук і ног — калі не, то гэта сігнал, што, можа, нешта не так са спінай. Калі збольшага ўсё ў парадку, пачынай выбірацца.

Для гэтага знаходзім пункты апо­ры — «моцныя» месцы машыны — столь, раму дзвярэй, якія вы­трымаюць твой груз. Важна: на іх не павінна быць вялікіх асколкаў шкла, якія могуць параніць.

Мне раяць паставіць правую нагу на раму, левую — на столь, але толькі не на шкло, каб не паслізнуцца. Мякка кажучы, тая яшчэ акрабатыка дагары нагамі. Далей: левым локцем — у дах, правым — таксама ў раму. Не дацягваюся, таму абапіраюся далонню — не лепшы выхад, вядома. Пакуль не адчую ўстой­лівасць усёй гэтай пазіцыі, мы не працягваем, адтаго яшчэ больш складана так знаходзіцца ў машыне. Як толькі кропкі апоры адчула, няма ніякай хісткасці, Вольга скамандавала адной ру­кой адшпіліць рэмень — а гэта страшна! Бо цягне па інерцыі ўніз. Тут важна максімальна трымац­ца, каб не ўпасці і не пашкодзіць спіну або шыю… Усё! Адшпіліла рэмень і трымаюся толькі на сваіх кропках апоры. Чалавек-павук — не менш! Пасля акуратна стаўлю ногі наперад, на вуліцу, потым выходзіць мой корпус, затым толькі галава. Выратавалася!

Смешна? А ўявіце, як цяжка выбрацца ў такім становішчы з аўто

Але калі б дзверы былі зачынены, то як бы выбралася? Калі б рэмень заклінавала, што б та­ды рабіла? Вольга Мельчанка раіць так:

— Дзверы адчыняеш спачатку сама рукой, пакуль яшчэ трымае цябе рэмень, дакладна зафіксаваныя рукі і ногі, можна яшчэ разбiць нагамi акно — калi ёсць моц, ці дастаць малаточак. Ён ёсць у аварыйных камплектах, якiя лепш набыць i ўмацаваць ля сядзення. У такiх камплектах бываюць і ножыкi, каб перарэзаць рэмень. Так, ведаю, што не ўсе каля сядзенняў фіксуюць такія рэчы, а варта было б — часам інакш не выбрацца. У выпадку калі не атрымліваецца пакінуць аўто, няма відавочцаў, але побач смартфон, трэба тэлефанаваць у МНС (нумары 101, 112) і казаць, што адбылося, у якім ты становішчы, — гэта важна. Супрацоўнікі МНС,  акрамя тушэння пажараў, нярэдка ўдзельнічаюць у ава­рыйна-выра­тавальных работах, у тым ліку дэблакіруюць пацярпе­лых у ДТЗ. Таму дыспетчарам трэба разумець сiтуацыю, каб ве­даць, як дакладна дапамагчы.

Карысны  вопыт


Дык якія вынікі? Я прайшла добрую падрыхтоўку: нервы і прычоску патрапала. Але гэта была толькі трэніроўка, якая ўзба­гаціла ведамі. На жаль, аварыі адбываюцца на куды больш вялiкiх хуткасцях — не заўсёды паспяваеш сабрацца і зразумець, што зараз твой свет перавернецца.

— Даведалася галоўнае: калі бяда здарылася, трэба ўмець правільна згрупавацца, паводзіць сябе спакойна, усё прааналізаваць і дзейнічаць так, каб не зрабіць сабе яшчэ горш, — падсумоўвае трэніроўку Вольга Мельчанка і закрывае дзверы машыны-пярэкрута.

Выбіраючыся, лепш спачатку вонкі паставіць ногі, каб адчуць апору. Калі ж «пайсці» рукамі, можна параніцца асколкамі. Гэта было проста, як думаеце?

У трэнажора яшчэ шмат спраў: кожны месяц па некалькі разоў ён удзельнічае ў гарадскіх і рэгіянальных акцыях, дзе дзеці яго ўспрымаюць як атракцыён, а дарослыя выходзяць з гэтага аўто ашаломленыя і перакананыя, як моцна дапамагае рэмень бяспекі. Дарэчы, калі хочаце прайсці трэніроўку, то сачыце за навінамі МНС. Хутка, у верасні, дзень без аўто, і ратавальнікі з задавальненнем пакажуць вам, як можна захаваць сваё жыццё.



Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter