Дадому — у замак

Чула, што ў Беларусь прыязджалі Радзівілы, наведвалі колішнія ўладанні: Мір, Паланэчку, Нясвіж. Кажуць, што калі магнаты глядзелі свае былыя палацы, то шчыра шкадавалі, што страцілі бацькаўшчыну, дзе жылі да 1939 года. Ці сапраўды арыстакраты настальгуюць па радзіме і ці не збіраюцца сюды вяртацца назаўсёды?Святлана СУДНОЎСКАЯ, г.Мінск

У канцы мая дзесяць прадстаўнікоў княскай фаміліі Радзівілаў наведалі нашу і ў нейкім сэнсе сваю краіну, хаця цяпер усе прадстаўнікі магнацкай дынастыі жывуць на Захадзе. Але цікава: адзін з прадстаўнікоў знакамітага роду Мацей Радзівіл прызнаўся, што лічыць менавіта Беларусь сэрцам яго гістарычнай бацькаўшчыны — Вялікага княства Літоўскага.
91-гадовай галаве роду Эльжбеце Радзівіл у Нацыянальным гісторыка-культурным запаведніку “Нясвіж” падаравалі кафлю з выявай арла, фамільнага герба, знойдзеную ў горадзе ў час раскопак. Дарыць музейныя прадметы ўвогуле нельга нікому, яны належаць дзяржаве, але для княгіні зрабілі выключэнне.
Пані Эльжбета — дачка апошняга гаспадара Нясвіжскага замка Альбрэхта Радзівіла. Калі ёй паказвалі скарбы Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук, дзе захоўваюцца фаліянты з Нясвіжскага замка, княгіня ўсцешылася, што зноў можа дакрануцца да сямейнага кнігазбору. Яна выказала меркаванне, што старыя кнігі могуць знаходзіцца ў Мінску, бо яны захоўваюцца ў вельмі добрым стане, але належаць фармальна павінны Радзівілам, а ў Мінску могуць знаходзіцца нібы на дэпазіце. Таму што Радзівілы не памерлі, яны жывуць. І кнігі, якія заўсёды належалі Радзівілам, павінны і сёння ім належаць.
Эльжбета Радзівіл — адзіная сёння прадстаўніца магнацкага роду, той яе галінкі, што пражывала ў Нясвіжскім замку да 1939 года. Наведваючы горад, яна расказала, што “на галоўнай вуліцы, недалёка ад пошты, стаіць дамок, які бацька мне асабіста пакінуў у тэстаменце”. Таксама арыстакратка падзялілася мрояй: “Было б міла для мяне летам пажыць у гэтым дамку месяц, на вакацыях. Ахвотна б прыехала. І гэтак жа ахвотна пажыла б трохі ў замку. Толькі на месяц улетку, калі будзе цёпла, добра і шмат кветак. Ахвотна прыехала б у Нясвіж”.
Найстарэйшая з Радзівілаў на развітанне з горадам дзяцінства падкрэсліла: “Гэта вельмі важна, што ўрад Беларусі дбае пра нашу спадчыну, што аднаўляе Нясвіж, замак”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter