Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Гасцінна сустракаў даўгаўпілскіх беларусаў горад Астравец

Дадому едзем з песнямі

З творчых сустрэч у розных гарадах, якіх апошнім часам нямала выдалася ў паэта Станіслава Валодзькі, мяркую, гэтая — асаблівая. Яно і зразумела: прыехаў з Даўгаўпілса — дадому, ды яшчэ з сябрамі, ды з песнямі. Розныя СМІ паведамлялі ўжо, што 18 лютага на Гродзеншчыне, у Астраўцы прайшла цёплая творчая сустрэча “Радзімы позірк мілы” з ура-джэнцам Астравецкага раёна, сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтам Станіславам Володзькам. Ладзіла яе Астравецкая раённая бібліятэка. Прыехалі на Бацькаўшчыну і супрацоўнікі Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК), сябры Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”.

Удзельнікі творчай сустрэчы ў Астраўцы

Як вядома, сёлета — знакавы для Беларусі год: 500-я ўгодкі беларускага кнігадрукавання. А вось жа й творцы з Аставеччыны маюць свае кніжкі. Дарэчы, у адной з публікацый ёсць прыгожы вобраз: астравецкія паэты — духоўныя нашчадкі французкага паэта Гіёма Апалінэра. У якога, згадаем, беларускія родавыя карані. Больш за тое: шляхціцы Кастравіцкія ды Жылінскія былі ў ХІХ стагоддзі ўладальнікамі астравецкага маёнтка. І якраз з іх паходзіў спадар Гіём. Ягоны дзед эміграваў у Італію ў другой палове ХІХ стагоддзя, таму паэт нарадзіўся ў Рыме: у 1880-м. Як піша журналістка Аксана Ярашонак, пра сваю крэўную повязь з родам Кастравіцкіх Апалінэр не забываў, пра што сведчыць і яго поўнае імя: Вільгельм Альберт Уладзімір Аляксандр Апалінарый Вонж-Кастравіцкі. Вось такі суродзіч ёсць і ў Станіслава Віктаравіча Валодзькі, які, згадвалі мы на імпрэзе, нарадзіўся 11 лістапада 1956 года ў вёсцы Падольцы ў сям’і селяніна-аднаасобніка.

І яшчэ з біяграфіі. У 1974-м Станіслаў закончыў Жукойніцкую школу, служыў у войску, працаваў на чыгунцы. У 1987-м закончыў філфак БДУ. Друкуецца не толькі ў Беларусі ды Латвіі: ягоныя творы публікаваліся ў Англіі, Польшчы, Расіі, Украіне. Ён  аўтар шэрагу кніг паэзіі. Вершы нашага сябра па суполцы “Уздым” друкаваліся ў шэрагу калектыўных зборнікаў, латвійскіх падручніках. На ягоныя вершы напісаны шэраг песень кампазітарамі Латвіі ды Беларусі.

Творчая сустрэча праходзіла ў канцэртнай зале Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў, яе вялі мясцовая Вікторыя Урбановіч ды супрацоўніцы Даўгаўпілскага ЦБК Марыя Памецька з Інэсай Казлоўскай. Бібліятэкаркі Інэса Ігошына і Таццяна Бабойць чыталі вершы С. Валодзькі, разам з юнымі чытачамі паказалі інсцэноўку ягонай казкі “Дачка лесніка”. Спявачкі з гурта “Пралескі” ЦБК Юлія Хмяльніцкая ды Інэса Казлоўская выконвалі песні на словы С. Валодзькі: “Беларусы свету”, “Наш масток”, “Песенка вясёлкі”, “Калыханка для мамы”, а таксама латышскія і латгальскія народныя песні, якія паэт пераклаў на беларускую мову.

Ансамбль “Світанак” з Астраўца выканаў песню “Мой косю”, а спявак і кампазітар, астраўчанін Аляксандр Якіменка спяваў песні, напісаныя ім на словы С. Валодзькі: “Памяці Казіміра Сваяка”, “Міхалішскі касцёл”, “Дачка лесніка” і “Астравеччына”. Выканаў Аляксандр і дзве песні на словы Міхася Пазнякова: “Родны кут” і “Прысвячэнне Астраўцу”. А ганаровы госць, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат трох рэспубліканскіх літаратурных прэмій “Лепшая кніга года” Міхась Пазнякоў вітаў грамаду, чытаў свае вершы, падараваў свае кнігі ды ўручыў Станіславу Валодзьку нагрудны знак Саюза пісьменнікаў Беларусі “За вялікі ўклад у літаратуру”.

Намесніца дырэктара бібліятэкі Наталля Ачарэтава, якая ладзіла імпрэзу, гасцінна сустракала землякоў, прыняла ў падарунак ад Станіслава ягоную кнігу “Под небом Родины” (2016). Госць падарыў і зборнік песень даўгаўпілскіх аўтараў “Песенный город”. Наталля выказала надзею на далейшае супрацоўніцтва.

Як і Станіслаў Валодзька, я ж таксама — з Астравецкага раёна родам. Маючы магчымасць, сказала шмат добрых слоў у адрас землякоў, падзякавала за цёплы прыём, за магчымасць пабываць на роднай зямлі, пакланіцца ёй. Уручыла гаспадарам памятныя сувеніры з Даўгаўпілса.

А напрыканцы імпрэзы мы ўсе разам спявалі “Развітальную песню” на словы Станіслава Валодзькі (музыка Таццяны Піменавай). Там ёсць словы: “Пабывалі мы ў роднай старонцы,/ Ды не кажам тужліва “Бывай!”./ Мы ў душы павязём з сабой сонца,/ Як падораны нам каравай.”

І сапраўды, мы павезлі з сабою самыя светлыя і радасныя пачуцці, а таксама надзею на новыя сустрэчы на гасціннай Астравецкай зямлі.

Марыя Памецька, метадыстка Цэнтра беларускай культуры, г. Даўгаўпілс

Голас Радзімы № 13 (3517), чацвер, 30 сакавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter