Дабрынёю натоляць цябе і мяне

Сустрэчы на Глусчыне перарастаюць у дружбу, сяброўства, жаданне бачыцца зноў

Сустрэчы на Глусчыне перарастаюць у дружбу, сяброўства, жаданне бачыцца зноў

Люблю бываць у Глуску. Ён цiхi, прыветны, у iм ёсць нейкi асаблiвы шарм. Напэўна, гэта звязана з тым, што месцiцца гарадок у царстве лясным, закалыханы нястомнай Пцiччу-рэчкай. I хай жыццё ў iм не такое паспешлiвае, але яно роздумнае, узважанае, такое, якое прымаюць ягоныя насельнiкi, яно iм лепей падыходзiць. Ну а што ўжо на таленты мястэчка багатае, людзей цiкавых, самабытных, дык i гаварыць не даводзiцца!

Грахоўскi, якi голас радзiмы слухаў

Бываючы ў Глуску, абавязкова завярну ў цэнтральны сквер, каб пасядзець, адпачыць, паслухаць перамовы векавых дрэў. Тут некалi часта бываў Сяргей Грахоўскi, успамiнаў юнацтва, маладыя гады. А якiм артыкулам адгукнуўся ў часопiсе “Полымя” пад назвай “Мястэчка, мястэчка!”. Ён, як нiхто iншы, умеў слухаць голас сваёй малой радзiмы, часта прыязджаў.

Грахоўскi – ураджэнец Глуска, адзiн з самых вядомых беларускiх пiсьменнiкаў. Пяцьдзесят кнiг паэзii i прозы – гэта ж штосьцi ды значыць! Аднак жа справа не ў колькасцi, а ў якасцi, высокiм прызнаннi ягонай творчасцi. Нездарма з’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэмii, лiтаратурнай прэмii iмя А.Куляшова, удастоены iншых высокiх узнагарод. Ягоныя творы перакладзены (i сам перакладаў вершы Пушкiна, Блока, Гамзатава i iншых гiгантаў паэзii) на англiйскую, французскую, шведскую, ужо не кажучы пра рускую, украiнскую, iншыя славянскiя мовы. Папулярны аўтар, глыбокi роздумны чалавек – асоба!

Хоць шляху, якi прайшоў, на пецярых хопiць: двойчы, да вайны i ў пасляваенны час, арыштоўваўся, паўтара дзесятка гадоў, лiчы, выкраслiў з жыцця... Але не азлобiўся, захаваў чалавечую годнасць, веру ў сябе i людзей.

Усё праходзiць, быццам дождж няроўны, —

I боль, i злосць, i дробная брыда,

А застаецца важны i галоўны

I самы светлы талент –дабрата.

Дзевяноста гадоў адмерыў лёс Сяргею Iванавiчу. Не так даўно пакiнуў гэты свет. Ды цi пакiнуў – застаецца ў памяцi нашчадкаў, сваiх землякоў. Вунь яны i бульвар назвалi яго iмем, мясцовую школу, падтрымлiваюць сувязi з ягонай жонкай, сынам i дачкой, якiя пражываюць у Мiнску. Памяталi i памятаюць, ушаноўвалi i ўшаноўваюць. Дзякуй iм за гэта!

Болей, чым рэдактар

З Навумам Сандамiрскiм мы знаёмыя з тых часiн, калi працавалi намеснiкамi рэдактараў раённых газет. Ён – у Глуску, а я – у Бабруйску. А потым узначальвалi рэдакцыйныя калектывы. Я ўжо пайшоў на iншае месца работы, а ён застаецца, цягне сваю нялёгкую ношу...

Дык жа яго хапае яшчэ i на тое, каб лiтаратурнай дзейнасцю займацца. Знаходзiць час, выкройвае. Найчасцей дома працуе. На такую творчую сцяжыну ўзышоў. “Якi ж я, — кажа, — журналiст, калi не пакiну пасля сябе нешта вартае, якое б заслугоўвала ўвагi!” Навум Барысавiч як бы працягвае лiнiю Грахоўскага, i калi той болей схiляўся да гiсторыi, мiнулага Глуска i Глусчыны, то Сандамiрскi пiша пра сучаснае, сваiх вядомых i меней вядомых землякоў. Па-новаму iх адкрывае. Восем кнiг выдаў. Адна з iх так i называецца — “Мястэчка-2”. Побач з публiцыстычнымi творамi – мастацкiя: аповесцi i апавяданнi.

Сандамiрскi з выгляду, мо, i не такi велiкан, хаваецца ў сваю бародку, але ж якiя думкi выношвае! З iм цiкава, надзiва дасведчаны, любую гаворку падтрымае, асаблiва калi датычыць яго роднага Глуска. Вось ужо прывязаны да свайго мястэчка! Мне здаецца, ён больш, чым рэдактар – летапiсец, мазгавы цэнтр, аб’ядноўваючае звяно.

Прымi, Налiк (так мы яго па-сяброўску называем), прывiтаннi са старонак газеты, рады буду адчуць тваё прыцягненне зноў!

Чаму такi задуменны, старшыня?

Успамiнаецца, гадоў колькi таму быў на злёце перадавiкоў народнай гаспадаркi раёна, на якi мяне запрасiлi тагачасныя кiраўнiкi. Вось тады ўпершыню i пазнаёмiўся са старшынёй калгаса “Слаўгарадскi” Яўгенам Дзем’янковым. Мне падалося, ён як бы звернуты ў сябе, бы нешта выношвае...

I, як даведаўся, на гэта была прычына: вялiкi клопат лёг на гэтага чалавека. I звязаны ён з чарнобыльскай бядой. У Слаўгарадскiм раёне, дзе ён узначальваў гаспадарку, такая радыяцыя, што аж зашкальвала, давялося тэрмiнова перабiрацца на Глусчыну. Але гэта толькi сказаць, а колькi праблем узнiкала: прыехалi на новае месца, у Заелiцу, а тут усiм працы не хапае, бытавыя нязручнасцi – вырашай, старшыня... Да Дзем’янкова iшлi i як да кiраўнiка, i як да роднага, блiзкага: “Дапамажыце, Мiкалаевiч!” Па першым часе тых, хто памiраў, вазiлi хаваць на Слаўгарадчыну, было засмучэнняў...

Многае тады звалiлася на Дзем’янкова. Ды i цяпер яшчэ цяжкiм грузам ляжыць. Праўда, усё меней i меней адчуваецца. Бо ўжо прызвычаiлiся ягоныя землякi на глускай зямлi. “Слаўгарадскi” – адна з вядучых гаспадарак раёна. Вунь летась аграгарадок узвялi, абнавiлiся, перспектыва, што называецца, абазначылася.

Здаецца, i сам Яўген Мiкалаевiч, якi цяпер прыкметная фiгура на Глусчыне, весялейшы стаў. Ну i хай яму болей радасцяў i нiколечкi засмучэнняў!

Дом, у якiм хочацца быць

Гаворка iдзе пра дом Мiкалая Ячмянькова, якi на вулiцы Савецкай. Будзеш iсцi, абавязкова да яго патрапiш. Бо такi ладны, столькi чаканкi, разных фiгур, вунь птахi з гэткiмi размашыстымi хвастамi, ды аж на самы вiльчык узабралiся, сцены размаляваны ў прыемныя для вока колеры – церамок, ды i толькi!

I ўсё гэта зроблена рукамi ягонага гаспадара Мiкалая Фёдаравiча. Ён на ўсе рукi майстар: i выразаць, i фарбаваць, i ўсё да толку давесцi. З нараджэння, вiдаць, у яго гэта. А потым перарасло ў сапраўднае захапленне. У лясгасе, дзе працаваў, дык i на заслужаны адпачынак не адпускалi. Не дзiва, колькi ягонымi рукамi ўсяго зроблена: розныя птахi, жывёлы пры ўездзе ў мястэчка ўстаноўлены, помнiкi, прысвечаныя падзеям Вялiкай Айчыннай... Больш за сто работ знаходзiцца ў рабочай майстэрнi дома. Сюды часта наведваюцца школьнiкi, усе тыя, хто цэнiць гэтага чалавека, яго майстэрства. Вунь надумалi экалагiчны музей узвесцi, можа, пакуль адзiны такi ў рэспублiцы.

Ды колькi такiх планаў выношвае Мiкалай Фёдаравiч. Тут i жонка ў памочнiках, i дзецi, якiх трое, унукi. Ажыццявяць адно — бяруцца за другое, трэцяе... Цiкавыя людзi, цiкавыя ў iх справы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter