Дабрыня

Па дарозе ў гараж мяне дагнаў жвавы дзядзька ў вайсковай куртцы,  бадзёра паздароўкаўся. Па ўсім бачна, што з былых кадравых ваенных, а цяпер на пенсіі...

Па дарозе ў гараж мяне дагнаў жвавы дзядзька ў вайсковай куртцы,  бадзёра паздароўкаўся. Па ўсім бачна, што з былых кадравых ваенных, а цяпер на пенсіі. І мяне за свайго прыняў, напэўна, па такой жа камуфляжнай куртцы.

Мой спадарожнік аказаўся гаваркім і без усялякіх комплексаў. Гэта не  раздражняла, хутчэй наадварот. Якраз непадалёк сабак на пустэчы выгульвалі, і дзядзька зусім да месца расказаў аб сваёй прыгодзе: 

— Неяк іду, як вось цяпер, да гаражоў. І раптам бачу: нясецца на мяне вялізны, з лася памерам, чорны ратвейлер. Чую, гаспадар жывёліны метраў за паўсотню ад мяне лямантуе: «Стой смірна, не рухайся і рукамі не махай!» 

Стаў я, чакаю. Панюхаў мяне ратвейлер, а я яго пагладзіў і стаў размаўляць, быццам з дзіцём. Тут і гаспадар падбег. Бледны, губы трасуцца, бачна, што сам не свой. 

— Ой, — кажа, — як жа гэта ён вас не ўкусіў? Гэта ж страшней за ваўка звяруга! Я яго ўвесь час на павадку і ў намордніку трымаю, а тут рашыў выпусціць, даць волю. Ледзь не самлеў сам, калі Бакс на вас паімчаў. 

Ніяк не можа супакоіцца гаспадар грознага ратвейлера, калатун яго б’е. Яно і праўда, калі б такі цэрбер на чалавека накінуўся, да смерці мог загрызці. А я чамусьці ніякага страху не адчуваю. І нават нахабна пры гаспадары працягваю гладзіць Бакса і за вушамі часаць. У гаспадара ад такога дзіва сківіца адвісла: ніколі сабака не дазваляў чужым падобных «жартаў». Адсюль і зусім нечаканая прапанова: 

— Ну, калі ўжо Бакс такое вам дазваляе, то і забірайце яго. 

Кажу: «А навошта ён мне? У мяне кот у кватэры. А па дарозе ў гаражы бяздомныя каты і кошкі чакаюць». Так я адмовіўся ад звера. 

Неўпрыкмет мы наблізіліся да гаражнага гарадка. І тут цэлая плойма «бамжоў» кашачага роду навыперадкі панеслася да чалавека ў вайсковай куртцы. З выкананнем у яго гонар сапраўднага «кашачага канцэрта». 

Ён жа дастаў з пакета розных аб’едкаў і пачаставаў «артыстаў». Пакуль муркі ласаваліся, іх дабрадзей размаўляў са сваімі «падшэфнымі», нібыта з дзецьмі. І тут мне нечакана адкрылася таямніца незвычайна добразычлівых паводзін грознага ратвейлера. Нават люты ваўкадаў нейкім шостым пачуццём вызначыў стан дабрыні, якая не мае ні колеру, ні смаку, ні паху, а проста вылучае толькі ёй уласцівыя імпульсы з глыбінь душы. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter