Дабрыні на ўсіх хапае

Іна Мікалаеўна Войткун жыве ў аграгарадку Любушаны Бярэзінскага раёна. Яна тут асоба вядомая — яркая, шматгранная, як той каштоўны каменьчык: кожная “гранка” шчодра выпраменьвае святло яе талентаў і жыццёвых здабыткаў.

Працуе жанчына аператарам па дарошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы на малочнатаварнай ферме “Уюноўка” сельскагаспадарчага вытворчага філіяла “Купава-Агра”, даглядае цялятак ва ўзросце да трох месяцаў па чэшскім метадзе. Кожнае цялятка для яе нібы тое дзіця, і для кожнага ў яе хапае дабрыні і ўвагі...

Да таго ж Іна Мікалаеўна маці пяцярых дзяцей, адмысловая вышывальшчыца, галасістая спявачка мясцовага вакальнага калектыву “Славяначка”, нязменная ўдзельніца розных святочных мерапрыемстваў і выстаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і, напэўна, самая маладая... бабуля ў Любушанах. Зусім нядаўна ў яе з’явіўся ўнук Яраслаў. Падарунак зрабіла Наталля, яна яшчэ займаецца ў Смілавіцкім дзяржаўным агратэхнічным каледжы на аддзяленні “заатэхнія”, муж Наталлі працуе ў сталіцы.

Старэйшая дачка Ія таксама вучыцца ў Смілавіцкім каледжы па сумежнай спецыяльнасці “ветэрынарная медыцына”, ужо на апошнім курсе.

Наташы 19 гадоў, Ія — старэйшая на год, Андрэй займаецца ў 9-м класе, Сяргей — сямікласнік, самая малодшая Ліза ходзіць у трэці клас. Самыя дарагія людзі на ўсёй зямлі для іх — матуля і татка (дарэчы, Сяргей Пятровіч — вальшчык лесу ў Любушанскім лясніцтве). І менавіта дзеці ў сям’і Войткун — самае галоўнае і самае дарагое багацце.

— Дом у нас вялікі, прасторны, — смяецца матуля, — месца ўсім хапае.

І дабрыні, пяшчоты таксама.

Алена ГРОМАВА

НА ЗДЫМКУ: Іна Мікалаеўна ВОЙТКУН са сваім гадаванцам.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter