Как в Минской области праздновали Масленицу

Дабрачыннасць, бліны, пудзіла

Напачатку хацелася б расказаць аб адной незвычайнай Масленіцы ў слуцкай школе № 11. Акрамя традыцыйных гульняў, пудзіла і карагода, вучні зрабілі сваімі рукамі сувеніры, якія выставілі на кірмашы. Усе выручаныя сродкі, а таксама асабістыя дабрачынныя ахвяраванні, сабраныя бацькамі, настаўнікамі і гасцямі свята (а гэта 2100 рублёў), накіравалі на дапамогу ў лячэнні двухгадовага Арсенія Пахіркі з Полацка. Гэта не першая дабрачынная школьная акцыя на Масленіцу. У мінулым годзе, напрыклад, тут збіралі грошы для хворай дачушкі выпускніка школы. Канечне, гэтыя ўчынкі не маюць дачынення да традыцыйнай культуры беларусаў. Але ж толькі добрым справам, як і тым самым абрадам, трэба абавязкова вучыць маладое пакаленне, каб яны таксама заставаліся ў нашай крыві і перадаваліся ад бацькоў да дзетак.

Фота  БЕЛТА

А ў Любанскім раёне на Масленіцу «будзілі» дрэвы і клікалі вясну. Асноўнымі ўдзельнікамі свята ў Любанскім раёне сталі жыхары вёсак Рэчань, Закальнае, Атраднае і Абчын. Галоўнае «бліннае свята» Масленічнага тыдня традыцыйна пераходзіць ад аднаго населенага пункта да другога. На гэты раз гасцей сустракалі і вадзілі карагоды ў Рэчані. На галоўную пляцоўку спачатку вынеслі рознакаляровае пудзіла, каб правесці абрад ачышчэння. Акрамя гэтага, яркія стужкі чаплялі на сухое голле, каб потым спаліць яго разам з пудзілам, тым самым вызваліўшыся ад усіх грахоў. Тым больш апошні дзень Масленіцы супадае з Даравальнай нядзеляй, калі кожны чалавек павінен папрасіць прабачэння за нанесеныя крыўды.

Абрадавыя песні-трызны па зіме-матухне цягнулі самадзейныя артысты з вёскі Закальнае: «А зіма, а галубачка, а куды ж ты ад нас адышла…» А каля Дома культуры жанчыны і дзяўчаты праводзілі абрад варажбы на бягучую вясну і ўраджай.

Асноўны прадмет вяшчунства — лучнік, яго продкі выкарыстоўвалі, каб дабыць агонь і асвяціць жыллё. На платформе разводзілі вогнішча і глядзелі на дым, які павінен быў ісці ў комін лучніка. Потым назіралі, калі сцелецца ўгору — будзе лён доўгі і ладны. Яшчэ адзін абрад правялі жанчыны з Атраднага. «Будзілі» дрэва, абкладваючы вакол яго сухую льняную і жытнюю салому. Потым запальвалі яе, «праграваючы» карэнні, каб сокі пабеглі і новае жыццё прачнулася. Пасля таго як дрэва «разбудзілі», да яго звярталіся з просьбай аб добрым ураджаі — закідвалі на голле льняную салому і кастрыцу, якой некалі засыпалі гарышча. А дзяўчаты «палячылі» сырам дрэва ад хвароб і шкоднікаў, каб адзін з сімвалаў свята яшчэ доўга прастаяў.

Пакуль жаночая палавіна спявала песні і вітала вясну, мужчыны зладзілі вогнішча і спалілі пудзіла. Безумоўна, пасля ўсіх праве­дзеных абрадаў год абавязкова павінен быць з добрым ураджаем.

chacovitina@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter