Даўжніка — на... ланцуг

На ім трымаў свайго аднавяскоўца жыхар вёскі Моталь Іванаўскага раёна.

У народзе кажуць: валачыў воўк, павалаклі і ваўка. Нешта падобнае здарылася і ў вялікай палескай вёсцы над Ясельдай. У той дзень яе 38-гадовы жыхар нарыхтоўваў драўніну ў суседнім Івацэвічскім раёне. Захацелася пахмяліцца. Вось і паслаў аднавяскоўца ў магазін за выпіўкай, даўшы 12 тысяч рублёў. Аднак пасланец з гарэлкай не вярнуўся. Выпіў яе сам. І заснуў пад дрэвам, не дайшоўшы да лесанарыхтовак.

Моцна раззлаваны аднавясковец, які да таго ж яшчэ і застаўся без грошай і без апахмелу, прывёз сваю “ахвяру” на ўласны падворак і прывязаў яе ланцугом да кабіны трактара. “Выдаў” толькі пітную ваду з цыгарэтамі. А сам зноў накіраваўся на працу ў лес. Прыкладна праз палову сутак знаходжання ў “палоне” “зняволены” падняў лямант. Прыехала міліцыя... Суд прыгаварыў вінаватага да двух гадоў няволі “за незаконнае абмежаванне асабістай волі шляхам насільных дзеянняў”. Такога здзеку над чалавекам, тым больш — аднавяскоўцам, не прыпамінаюць нават старажылы гэтай вёскі.

Дзяніс БУСЛЁНАК

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter