Да выпрабаванняў гатовы

Лепшыя маладыя агняборцы сабраліся на беразе Нарачы

Лепшыя маладыя агняборцы сабраліся на беразе Нарачы

У Нацыянальным дзіцячым аздараўленча-адукацыйным цэнтры «Зубраня» пачаўся XVI Рэспубліканскі злёт юных выратавальнікаў-пажарных. Туды прыехалі лідары і каманды Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных са ўсёй краіны.

Гэта яны сталі пераможцамі раённых і абласных этапаў, а зараз паспрачаюцца за права быць названымі першымі ў краіне. Запланавана, што дзеці правядуць у аздараўленча-адукацыйным цэнтры цэлую змену, а гэта значыць, што ў насычанай праграме злёту прадугледжаны не толькі выпрабаванні, але і цікавы і вясёлы адпачынак.

Паказаць сваю падрыхтоўку юныя ўдзельнікі павінны будуць у дванаццаці конкурсах і спаборніцтвах. Іх чакае пажарная эстафета, агляд строю, зводныя палявыя вучэнні, будуць вызначаны лепшыя ў аказанні першай медыцынскай дапамогі, веданні асноў бяспекі жыццядзейнасці і гэтак далей. Удзельнікі злёту пазнаёміліся ўжо з лагерам і пільна прыглядаюцца да сапернікаў. Што ж, барацьба абяцае быць нялёгкай, бо каманды сур’ёзна рыхтаваліся і маюць баявы настрой на перамогу. У кожнай з іх па 24 чалавекі, пароўну хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце да 16 гадоў.

Злёт будзе доўжыцца да 23 верасня, а 19 верасня адбудзецца дзіцячая прэс-канферэнцыя з удзелам міністра МНС генерал-маёра ўнутранай службы Уладзіміра Вашчанкі. У ёй прымуць удзел таксама начальнікі ўпраўленняў з усіх абласцей і горада Мінска, кіраўнікі навучальных устаноў сістэмы МНС. Нельга не адзначыць, што такая прэс-канферэнцыя стала ўжо традыцыйнай і ўзбагачае юных выратавальнікаў разнастайнай змястоўнай і кампетэнтнай інфармацыяй.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter