Да старонак гісторыі — з павагай

У НАН абмеркавалі пытанні захавання духоўнай спадчыны

«Гісторыка-культурная і духоўная спадчына беларускага народа: вывучэнне, захаванне і выкарыстанне» — круглы стол з такой назвай адбыўся ў Нацыянальнай акадэміi навук Беларусі.

У мерапрыемстве, адным з арганізатараў якога стала Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, прынялі ўдзел гісторыкі, вучоныя Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, спецыялісты па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі. Акрамя таго, у рабоце форуму ўдзельнічалі таксама дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, абласных выканаўчых камітэтаў краіны.

Сярод праблем, якія былі ў цэнтры ўвагі, — новыя вынікі даследаванняў, фарміраванне Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, удакладненне статусу асобных помнікаў археалогіі зыходзячы з матэрыялаў даследаванняў і іх навуковай вартасці. Разглядаліся таксама пытанні практычнага выкарыстання вынікаў даследаванняў, супрацоўніцтва акадэмічнай навукі з органамі дзяржаўнай і мясцовай улады, формы ўкаранення навейшых навуковых адкрыццяў у вучэбны працэс, станаўленне і развіццё рэгіянальнага і міжнароднага турызму.

Удзельнікі круглага стала азнаёміліся з археалагічнай выставай, навейшымі выданнямі навукоўцаў, выставай ікон. Наведалі яны і археалагічную навукова-музейную экспазіцыю Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter