Да новых газетных вышынь

Газеце «Астравецкая праўда» спаўняецца 70 гадоў

Да новых газетных вышынь абяцае нястомна імкнуцца ў сваёй творчай дзейнасці калектыў «Астравецкай праўды»

Напрыканцы мая нашых калег — супрацоўнікаў астравецкай раённай газеты — чакае значная і адметная падзея: выданню спаўняецца 70 гадоў.

Цікава, ужо ці яшчэ 70? У глабальным часава-прасторавым разуменні гэта, канечне ж, імгненне. Але для рэгіянальнай газеты — цэлая эпоха. Калі падумаць, колькі пакаленняў чытачоў змянілася за гэты час і тых, хто дзеля іх быў гатовы «трое суток не спать, трое суток шагать…», калі толькі ўявіць, сведкай якіх падзей станавілася раёнка за гады свайго існавання. Але, нягледзячы на імклівыя змены часу, агульначалавечых каштоўнасцей, творчы калектыў «Астравецкай праўды» ніколі не здраджваў свайму галоўнаму прызванню адпавядаць сучаснасці, заставацца аб’ектыўным, мудрым дарадчыкам і надзейным сябрам для тысяч сваіх прыхільнікаў. І тое, што газета крочыць са сваімі чытачамі поруч ужо сем дзясяткаў гадоў — самы, бадай, пераканаўчы доказ яе запатрабаванасці і аўтарытэтнасці. Нагадаем, першы нумар «Астравецкай праўды» быў надрукаваны 29 мая 1941 года.

Сёлета напярэдадні свайго свята калектыў раёнкі атрымаў яшчэ адно пацвярджэнне правільна выбранага курсу: на сёмым Нацыянальным конкурсе друкаваных СМІ газета «Астравецкая праўда» была аб’яўлена лепшай сярод рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі ў намінацыі «Лепшыя матэрыялы культурнай і гісторыка-краязнаўчай тэматыкі». Запаветны «газетны Оскар» — статуэтка «Залатая Літара» заняла сваё пачэснае месца на рэдакцыйнай паліцы. Такім чынам, паспяховы старт узяты, а новых перамог, упэўнены супрацоўнікі рэдакцыі, будзе яшчэ значная колькасць — «Астравецкай праўдзе» яшчэ ж толькі 70!

— Гэта была перамога жаданая, пра якую ўвесь наш калектыў марыў, на якую спадзяваўся, дзеля якой працаваў, у якую верыў — і баяўся верыць... — прызналася галоўны рэдактар выдання Ніна Рыбік. — Статуэтка «Залатая Літара» — самы дарагі падарунак да 70-годдзя газеты, гэта ўзнагарода ўсіх пакаленняў журналістаў, якія некалі працавалі ў «Астравецкай праўдзе». А для моладзі, якая нядаўна прыйшла ў рэдакцыю, гэта цудоўная стартавая пляцоўка: ім ёсць ад чаго адштурхоўвацца і да чаго імкнуцца…

Прызнанне «Астравецкай праўды» лепшай рэгіянальнай газетай краіны, хай сабе і ў асобнай тэматыцы, вельмі пачэсна, надзвычай радасна і ганарова. І разам з тым вельмі адказна. Таму што, атрымаўшы такую ўзнагароду, мы проста не маем права апускаць планку, працаваць горш, мы павінны адпавядаць дасягнутаму ўзроўню, які быў прызнаны і адзначаны так высока. І мы будзем да гэтага імкнуцца — да новых вышынь і новых перамог. Спадзяёмся, што нашы чытачы падтрымаюць нас у гэтым імкненні.

На здымку: творчы калектыў газеты «Астравецкая праўда» з галоўнай узнагародай года — «Залатой Літарай».

Фота: Андрэй ПАМЕЦЬКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter