
Фота: Віталій Гіль
У паўночна-заходняй частцы Мінска раскінуўся вялікі вадаём. Камсамольскае возера — адно з самых папулярных месцаў адпачынку. Дарэчы, тэрыторыя вадасховішча займае амаль паўсотні гектараў, а максімальная глыбіня ў некаторых месцах дасягае чатырох з паловай метраў.
Карэнныя мінчане добра памятаюць гісторыю яго ўзнікнення, якая пачалася ў 1940-м годзе. Катлаван камсамольцы капалі ўручную, спецтэхнікі тады яшчэ не было. Ужо праз год планавалася ўрачыстае адкрыццё вадаёма з удзелам духавых аркестраў, з канцэртнымі пляцоўкамі, атракцыёнамі і чырвоным сцягам з зоркай, усталяваным прама ў цэнтры возера. Тут жа хацелі пабудаваць яшчэ і стадыён на дзесяць тысяч месцаў, каб гледачы маглі назіраць спаборніцтвы па веславанні. Але планам перашкодзіла вайна.

Фота: Віталій Піваварчык
Сёння на Камсамольскім возеры можна з камфортам правесці ўвесь дзень. Тут ёсць усё неабходнае для адпачынку і забаў: двухпалубны карабель, які курсіруе вакол астравоў, што акружаюць вадаём, веласіпедныя дарожкі, батуты, катамараны, пляцоўкі для гульні ў тэніс, валейбол, баскетбол... Нават ёсць трэнажорная зала пад адкрытым небам! І адведзеныя месцы для барбекю з альтанкамі і ўбудаванымі мангаламі. Можна перакусіць і ў прыбярэжных кафэ. Аматары паходаў разбіваюць палаткі ў аддаленых месцах, куды можна дабрацца толькі “ўплаў” ці на катамаранах. І, само сабою, ля берага стаяць душавыя кабінкі і раздзявальні.
Паўднёвы бераг Камсамольскага возера патанае ў зеляніне лесу. Гэта парк Перамогі, што раскінуўся на 200 гектараў зямлі. Ён быў адкрыты ў гонар перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Тут можна схавацца ад паўдзённага сонца, прайсціся ўздоўж шумных фантанаў, паслухаць спеў птушак. Дзеці знойдуць у лесе мноства арэляў і горак. Але самая галоўная “славутасць” парку — Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Тэматычным завяршэннем нашай віртуальнай прагулкі па ваколіцах Камсамольскага возера можна назваць мемарыяльны комплекс — “Мінск — горад-герой”. Штогод сюды прыходзяць сотні беларусаў, каб адсвяткаваць Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці, а таксама Новы год, які адзначаны традыцыйным салютам.

Адпачыць з камфортам можна не толькі на ўлонні прыроды. Акружаная дамамі і ажыўленымі вуліцамі, размясцілася летняя тэраса мінскага Палаца воднага спорту. Вось ужо як шэсць гадоў у самы першы дзень лета ён адкрывае купальны сезон пад адкрытым небам. На тэрыторыі тэрасы ёсць круглая акваторыя з мінеральнай вадой і басейн для самых маленькіх. Таксама для дзяцей прадугледжана гульнявая пляцоўка. Загараць можна на шэзлонгах, але некаторыя не супраць прылегчы і на траве. Разнастаіць адпачынак дапамагаюць гульні ў баскетбол або валейбол. Ужо з самага ранку тут шматлюдна. У абед, як правіла, шэзлонгі пусцеюць — мала хто любіць ляжаць на спякоце.
Адкрыццё аквапарку “Лебядзіны” чакалі, падаецца, усім горадам. І нарэшце, ён адкрыўся ў мінулым годзе. Першы беларускі парк водных забаў — адзін з найбуйнейшых у краінах СНД і пяты па велічыні ў Еўропе. Ён размясціўся на 32 000 квадратных метраў на беразе вадасховішча “Дразды” — яшчэ аднаго жывапіснага месца адпачынку. Каб адчуць маштаб акваторыі, прывяду некалькі лічбаў: “Лебядзіны” здольны прыняць амаль дзве тысячы чалавек. Яго прапускная здольнасць за суткі ўлетку дасягае амаль васьмі тысяч, а за год — два з паловай мільёны наведвальнікаў. Аквапарк дзеліцца на дзве пляцоўкі: адкрытую — летнюю і закрытую, якую можна наведваць круглы год. Яшчэ б! Тут столькі забаў нават для тых, хто не любіць плаваць! Ёсць дзіцячы цэнтр з атракцыёнамі, ёсць “тэрыторыя прыгажосці” з поўным пералікам аздараўленчых працэдур. Можна пайсці ў трэнажорную залу. І нават па начах у аквапарку жыццё працягваецца дзякуючы гарачым вечарынкам. На пірсе парку можна палюбавацца прыгажосцю прыроды вадасховішча і пакатацца на катамаранах. І, нарэшце, заначаваць у гатэлі, які знаходзіцца там жа.

Яшчэ мінчане любяць адпачываць на Цнянцы. Дарэчы, сюды, да вадаёма, як і на Камсамольскае возера, лёгка дабірацца: на трамваі, а потым крыху прайсціся. У гэтых напрамках курсіруюць і тралейбусы, і маршруткі, і аўтобусы. Амаль сотню гектараў займае плошча вадасховішча, а ў глыбіню возера дасягае васьмі метраў. Катлаван ніхто не капаў, ён мае натуральнае паходжанне. Першапачаткова вадаём быў створаны для прамысловых патрэбаў. Але неўзабаве возера ператварылася ў зону адпачынку.
Нягледзячы на тое, што Цнянка знаходзіцца ў межах Мінска, калі сюды трапляеш, ствараецца адчуванне, што выехаў за горад. І падаецца, што навокал мала людзей. Хоць афіцыйна тут налічваецца аж пяць пляжаў.
Цнянскае вадасховішча існуе ўжо 35 гадоў. Летась пачалася яго глабальная рэканструкцыя. У сувязі з гэтым адміністрацыя раёна прапанавала грамадзянам прыдумаць свае назвы мясцовых пляжаў ці прагаласаваць за існуючыя варыянты.

На абноўленым возеры з’явіліся пірсы. Тут можна назіраць захад сонца і карміць качак ледзь не з рукі. Дабавіліся спартыўныя і назіральныя пляцоўкі, веладарожкі. Ёсць альтанкі і мангалы. Дарэчы, абсталяваныя для пікнікоў месцы папулярныя не толькі ў летні час. Яно і зразумела: жаданне быць бліжэй да прыроды не заменіш ніякімі выгодамі цывілізацыі. А вось стацыянарных кафэ і магазінаў тут пакуль няма. Гэта і да лепшага: нішто не парушае загарадную атмасферу. Хоць мясцовыя ўлады паклапаціліся пра магчымасць падключэння абсталявання да электрасеткі. Так што ў адпачывальнікаў ёсць магчымасць паласавацца марожаным.
Цнянскае возера — гэта і цэнтр вадохрышчанскіх ныранняў. Кожны год у студзені аматары экстрэмальных відаў загартоўвання здзяйсняюць рытуальныя купанні. У апошнія гады да іх далучыліся супрацоўнікі МНС, для якіх старажытны абрад стаў прафесійнай традыцыяй. А ўвесну на Цнянку прылятаюць лебедзі. Адпачывальнікі з задавальненнем іх падкормліваюць. У падзяку лебедзі дазваляюць сябе пагладзіць, што выклікае асаблівае за-хапленне ў дзяцей.

Фантан на плошчы Незалежнасці мае 512 рознакаляровых струменьчыкаў, якія прыгожа падсвечваюцца ўвечары. Каб водная канструкцыя працавала без перабою, на яе траціцца 200 кілават электраэнергіі. Гэта ўсё роўна, што ўключыць у разетку адначасова паўтары сотні электрачайнікаў! Хоць фантан “Ветразь”, што на Камсамольскім возеры, спажывае энергіі ў чатыры разы больш.
Фантан “Юнацтва” — адна з самых рамантычных скульптур Мінска. Худзенькія хлопчык і дзяўчынка стаяць на адной каленцы з чашай у руках, каб напаіць адно аднаго вадою. Фантан знаходзіцца побач з касцёлам Святога Сымона і Алены. Гавораць, калі пацерці каленку адной са статуй, усе праблемы з асабістага жыцця знікнуць.
Прыгожую скульптурную кампазіцыю можна ўбачыць у парку імя Янкі Купалы каля цырка: над басейнам нахіліліся бронзавыя фігуры дзяўчат, якія кідаюць вянкі ў ваду. Гэта даўняя традыцыя варажыць на жаніха ў свята Купалля.
Аліса Красоўская