Как люди, поверившие в камышовку, дали новую жизнь большой территории

Да каго ляціць птушка шчасця

Два раёны Брэстчыны — Бярозаўскі і Драгічынскі — выбралі сабе птушкай-сімвалам вяртлявую чаротаўку, якая любіць балота. Захаваць яе ўдалося перш за ўсё дзякуючы стварэнню Рэспубліканскага біялагічнага заказніка «Спораўскі» — ён першым у Беларусі атрымаў міжнародны статус аховы Рамсарскага ўгоддзя. З дня стварэння заказніка, а гэта быў 2006 год, кіруе ім Вадзім Пратасевіч. Так сталася, што чалавек, які нарадзіўся на балоце, усё сваё жыццё яму і прысвяціў.


Нашчадак Протаса

Вадзім Мікалаевіч з вёскі Какорыца, што на Драгічыншчыне. Той самай, якую называюць то беларускай Венецыяй, то востравам Куба. Гэта пасля меліярацыі Какорыца стала бліжэй да сушы, а некалі сапраўды знаходзілася на востраве. Мясцовыя людзі раскажуць, што ў далёкія часы на край Спораўскага балота за нейкую правіннасць былі сасланыя два мужыкі — Зіновій і Протас. Абжылі яны багну, пусцілі тут карані і далі працяг роду Зіновічаў і Пратасевічаў. Гэтыя прозвішчы да сённяшняга часу з’яўляюцца галоўнымі ў Какорыцы.

Зараз Вадзім Пратасевіч, нашчадак Протаса, жыве ў Бярозе. Працаваў пасля Гродзенскага сяльгасінстытута ў раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзя. У 2003-м узначаліў структуру кіравання заказнікам «Спораўскі», а праз тры гады і сам заказнік.

— Шмат хто з нашых турыстаў выказвае пажаданне наведаць Какорыцу. Кожнаму мы распрацоўваем свой маршрут. Акрамя назірання за птушкамі, многіх цікавіць мясцовы побыт. Уявіце, некаторыя нават не бачылі, як дояць карову, — расказвае Вадзім Пратасевіч.

А як плятуць балатаходы, хто ба­чыў? У Какорыцы застаўся брат Ва­дзіма Мікалаевіча — Мікалай Міка­лаевіч. Ён адзін з нямногіх валодае рамяством, якое было ў гэтай вёсцы звычайнай справай.


Паставіць на крыло

У Бярозе на беразе рэчкі Крэчат паставілі знак чаротаўцы. А ў раённым цэнтры рамёстваў выразаюць птушку з дрэва — чаротаўку-сувенір.

— У мінулым стагоддзі вяртлявая чаротаўка, птушыны секс-сімвал, бо ў яе надта бурнае асабістае жыццё, насяляла 20 краін Еўропы. Але на пачатку XXI стагоддзя агульная папуляцыя скарацілася на 95 %, — адзначае Вадзім Пратасевіч. — Беларускія балоты засталіся кампактнымі месцамі яе рассялення. Патрэбна было штосьці рабіць, бо Спораўскае балота зарастала, а ў карчах чаротаўка не гняздуецца. Апошнія 10 гадоў мы паспяхова вырашаем гэту праблему. Па праектах міжнароднай тэхнічнай дапамогі закуплена тэхніка, здольная працаваць на балоце. Невялікі хмызняк скошваецца пры дапамозе ротарных касілак. Частка забіраецца на перапрацоўку, астатняе проста мульчыруем і пакідаем на балоце.

Птушкі — галоўная фішка заказ­ніка. А бёрдвотчынг — адзін з асноўных турыстычных кірункаў «Спо­раўскага». Штогод паназіраць за птушкамі ­прыязджаюць арнітолагі з усяго ­свету. Акрамя вяртлявай чаротаўкі, тут можна ўбачыць такія рэдкія віды, як вялікі арлец, лугавы канёк, драч, балотная сава, дупель, вялікі вераценнік. Таму застаць Вадзіма Пратасевіча за працоўным сталом няпроста — экскурсія за экскурсіяй.

Касі, каса!

Экафестываль «Спораўскія сенакосы» паўтара дзясятка гадоў таму задумалі як лакальнае мерапрыемства. Але з цягам часу дабаўляліся новыя краскі, і ён стаў міжнародным, брэндавым. Вадзім Пратасевіч — адзін з галоўных арганізатараў, нават называе яго сямейным святам:

— Тое, чым кожнае лета займаліся людзі на сяле раней, сёння стано­віцца новым відам спорту. Удзель­нічаюць сем’ямі. Плячом да пляча на дыстанцыі ідзе моладзь і старэйшае пакаленне. Спецыяльна для спаборніцтваў на балоце заказніка адмяраем дзялянкі па 100 метраў у даўжыню. У камандным першынстве выходзяць пары. Арбітры строга сочаць, кожная грыва (так называюць рэшткі травы) дадае штрафны час. І мужчыны, і жанчыны паказваюць высокі клас.


Дарэчы, выдаленне хмызнякоў і кашэнне травы на тэрыторыі заказніка зрабіла станоўчы ўплыў не толькі на папуляцыю вяртлявай чаротаўкі, шчыльнасць якой на мадэльных участках вырасла ў 1,5 раза, але і на 11 відаў гняздуючых птушак і 31 від ахоўных бесхрыбетных.

На жаль, сёлета XIV экафестываль «Спораўскія сенакосы» прыйшлося адмяніць. Але Вадзім Пратасевіч не сумняваецца, што наступны жнівень будзе больш спрыяльным да свята.

Высокае на Ясельдзе

Сталіца «Спораўскага» — вёска Высокае на беразе Ясельды. Яшчэ гадоў 15 таму — знікаючая натура. Зараз у будынку, дзе некалі быў сельсавет, — эколага-асветніцкі цэнтр. Вёска прыкметна мяняецца разам з балотам.

Некалькі гадоў таму ў Высокім з’явіліся сонечныя батарэі — 410 модуляў на плошчы 0,19 гектара. Пікавая магутнасць электрастанцыі — 100 кілават у гадзіну.

У Высокае прыйшлі прыродны газ, хуткасны інтэрнэт. У мінулым ­годзе пабудавана асфальтавая ­дарога.Пустыя дамы знаходзяць новых гаспадароў. Адчыняюцца агра­эка­сядзібы.

А ў гэтым годзе кіраўніцтва «Спо­раўскага» пачало рэалізацыю праекта «Ландшафтна-арыентаванае развіццё сельскіх тэрыторый даліны ракі Ясельды пры ўдзеле мясцовага насельніцтва». Галоўная мэта — вывучыць рэсурсную базу заказніка, стварыць умовы для развіцця прад­прымальніцтва, павысіць занятасць і даходы вяскоўцаў. На тэрыторыі чатырох сельсаветаў Бярозаўскага раёна адкрыюцца рэсурсныя цэнтры, дзе спецыялісты дапамогуць жадаючым распрацаваць і рэалізаваць бізнес-ініцыятывы — у рамесніцтве, рознічным гандлі, арганічным земляробстве, турпаслугах і гэтак далей.

Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся

Ці былі б такія праекты, конкур­сы, фестывалі, калі б на месцы кіраў­ніка заказніка знаходзіўся нехта іншы, не Вадзім Пратасевіч? Калі б не яго жаданне дапамагчы ­сваёй малой радзіме, не даць знікнуць Спораўскаму балоту і вяртлявай чаро­таў­цы?

Сам ён з майго пытання смяецца, адказвае, што на такую пасаду выпадковы чалавек не згодзіцца:

— Балота трэба любіць кожнаму, хто тут працуе. Інакш нічога не атрымаецца.

Вадзім Мікалаевіч называе мне прозвішчы людзей, без дапамогі якіх ён не зрабіў бы нічога. Разважаем. Нечакана ўспамінае пра пажар — гэтай вясной балота гарэла. Маштабна. Але, расказвае, калі ён убачыў венерын чаравічак на пажарышчы, на вочы набеглі слёзы — жыццё працягваецца.

— Гэты год наогул цяжкі. Пажар, каронавірус. Трэба перажыць і верыць у лепшае, — падсумоўвае суразмоўца.

Застаецца дабавіць важны штрых з біяграфіі Пратасевіча. Вадзім Мі­ка­лаевіч — пераможца конкурсу «Чалавек года — 2009» Брэсцкай вобласці ў сферы аховы навакольнага асяроддзя. Такія званні проста так не даюцца, згадзіцеся.

ДАСЬЕ «НГ»

Біялагічны заказнік «Спораўскі» размешчаны на тэрыторыі Бярозаўскага, Драгічынскага, Іванаўскага і Івацэвіцкага раёнаў Брэсцкай вобласці і займае плошчу 19 384 га. Ён уяўляе сабой найбуйнейшы масіў нізінных балот Палесся ў пойме ракі Ясельды, які з’яўляецца ўнікальным па плошчы і натуральнай захаванасці для цэнтральнай часткі Еўропы. Тут знаходзіцца аднайменнае возе­ра. Флора «Спораўскага» вельмі разнастайная — больш за 600 відаў сасудзістых раслін, што складае каля 35 % тых, якія растуць у нашай краіне. 20 відаў занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Заказнік з’яўляецца тэрыторыяй, важнай для птушак. Усяго ў яго межах адзначаны 123 віды гняздуючых птушак, з якіх 32 занесены ў Чырвоную кнігу.

У «Спораўскім» жыве 25 відаў млекакормячых (без уліку дробных грызуноў і рукакрылых), 6 відаў рэптылій, 8 — амфібій, 34 — рыб і больш за 245 відаў насякомых.

kozlovich@sb.by

Фота БЕЛТА і з архіва «СБ».

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter