Пакарыць горную вяршыню можна і ў Беларусі

Да гары нагамі

Сезон масавых адпачынкаў завяршыўся. Бабіна лета, як ліса, вільнула рудым хвастом у промнях астылага сонца і знікла ў стракатай палітры залатой восені. Але гэта не значыць, што трэба захутацца ў плед, пацягваць гарачы чай і, успамінаючы нядобрым словам камунальнікаў, чакаць уключэння ацяплення, а потым і няхуткага прыходу вясны. Без віз і стомных пераездаў-пералётаў можна і далей напаўняць скарбонку яркіх эмоцый і ўражанняў, падарожнічаючы па роднай краіне, адпраўляючыся, да прыкладу, у туры выхаднога дня. Часам шмат цікавага і незвычайнага чакае нас непадалёк — у “крокавай даступнасці”.

Час ад часу мы знаёмім вас з гісторыка-культурнымі і прыроднымі славутасцямі Беларусі. Ахапіць усе іх і нават проста згадаць праз коску ў адным выпуску — непад’ёмная задача. У кожным рэгіёне краіны, у любым яе кутку можна знайсці нямала дзіўнага. На гэты раз мы вырашылі акцэнтаваць увагу ў асноўным на “зялёным” турызме. І калі ў вас не хапае “запалу” на невялікае падарожжа, знайдзіце хоць пару гадзін, каб прагуляцца па суседнім парку. Дыялог з прыродай — заўсёды адкрыццё. І памятайце: не бывае дрэннага надвор’я, галоўнае — падабраць адпаведную яму вопратку.

Тэрыторыя Беларусі ў асноўным раўнінная з рэдкімі ўзвышшамі, размешчанымі пераважна ў цэнтральнай частцы. Магчыма, таму ў агульных характарыстыках вельмі часта мільгае фраза, што ў краіне няма гор і мораў. Так, мораў дакладна няма (Мінскае, зразумела, пад увагу не бярэцца), а вось наконт гор можна паспрачацца. Яны ёсць — вядома, не ў класічным уяўленні.  Ды і “ростам” не выйшлі. Тым не менш у іх нават назвы ёсць.

На буйнамаштабнай карце Мінскай вобласці лёгка можна выявіць больш за 50 вышынь і ўзвышшаў. Найбольш вядомай з іх з’яўляецца вышэйшая кропка Беларусі — гара Дзяржынская, якая знаходзіцца каля вёскі Скірмунтава Дзяржынскага раёна. Яе вышыня 345 метраў.

У Мінскім раёне ўзвышаецца Лысая гара (342,2 м), у Стаўбцоўскім — Дубовая (340,3 м), у Валожынскім — Маяк (334,6 м), у Навагрудскім — Замкавая (323 м), у Лёзненскім — Горшава (295,8 м), у Маладзечанскім — Лятуны (295,7 м). І гэта далёка не поўны спіс, толькі ў Мінскай вобласці каля 50 вышынь, якія маюць уласную назву. Многія з іх могуць быць прывабнымі экскурсійнымі аб’ектамі і для міжнароднага навукова-пазнавальнага турызму, лічаць спецыялісты.

Цікавыя нашы вяршыні і ў гісторыка-культурным плане, упэўнены навуковец Яўген Дзікусар. Да прыкладу, Мір-Гару (200 м), якая знаходзіцца ў Слуцкім раёне, здаўна шануюць мясцовыя жыхары. Некалі там заключылі мір два князі-суседы — адсюль і пайшла назва. Акрамя таго, тут у XVII стагоддзі, у часы Сафіі Слуцкай, на вяршыні з’явіўся цудатворны абраз Багародзіцы і была пабудавана Пакроўская царква (у 1933 годзе яе разабралі). Дарэчы, царква была некалі і на Іванавай гары (208,2 м) у Нясвіжскім раёне. А горы Сіняя (235,6 м) і Хадчыха (223,5 м) у Валожынскім раёне абвешчаны геалагічнымі помнікамі прыроды рэспубліканскага значэння.

Калі вы пакарыце амаль паўсотні вяршынь толькі Мінскай вобласці, майце на ўвазе: іх сумарная вышыня больш чым на 200 м перавышае вышыню гары Эверэст (8848 м).

З кожным годам расце папулярнасць і беларускіх гарналыжных цэнтраў — “Сілічы”, “Лагойск”, “Раўбічы”, “Сонечная даліна”, “Якуцкія горы”, “Мазыр”. Вось вам і раўніна...

kuklov@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter