Да «Дажынак» – новая пляцоўка

Ён пройдзе ў раённым цэнтры 26—28 жніўня і, як мяркуюць арганізатары, збярэ толькі ўдзельнікаў больш за тысячу чалавек, паведаміла «БН» намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Святлана БАРАНОК.

Маладзечна добраўпарадкоўваецца і энергічна рыхтуецца да ХІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі, прысвечанага юбілею Уладзіміра Мулявіна.

Ён пройдзе ў раённым цэнтры 26—28 жніўня і, як мяркуюць арганізатары, збярэ толькі ўдзельнікаў больш за тысячу чалавек, паведаміла «БН» намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Святлана БАРАНОК.

— Галоўнае адрозненне сёлетняга фэсту ад свайго папярэдніка — новая канцэртная пляцоўка. Гэта летні амфітэатр, разлічаны на 2600 месцаў, — зазначыла Святлана Баранок. — Сёння там ідзе ўстаноўка крэслаў і добраўпарадкаванне тэрыторыі. Упершыню сцэнічная пляцоўка будзе апрабавана менавіта пад час фестывалю беларускай песні і паэзіі. Другое значнае мерапрыемства, якое пройдзе ў новенькім летнім амфітэатры, — урачыстасці рэспубліканскіх «Дажынак».

Фэст беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне займее ў гэтым годзе і яшчэ адну канцэртную пляцоўку. Гэта музычны падворак, што разгарнуўся ва ўнутраным дворыку Маладзечанскага музычнага вучылішча імя Міхала Клеафаса Агінскага. Аказалася, што архітэктура яго будынка (ён па форме нагадвае падкову) спрыяе добрай акустыцы: ніякая «падгучка» не патрэбна! Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы ва ўнутраным дворыку вучылішча была добраўпарадкавана тэрыторыя. Гэтая «глядзельная зала» разлічана на 700 чалавек.

Фэст «Маладзечна-2011» будзе цалкам прысвечаны 70-годдзю Уладзіміра Мулявіна, якое сёлета адзначае Беларусь. У першы дзень фестывалю адбудзецца гала-канцэрт — творы знакамітага «песняра» выканае Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. «Мулявінскі лейтматыў» падтрымаюць і ўдзельнікі рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні ХІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2011». Канкурсанты — а іх 21 чалавек — павінны абавязкова праспяваць адну песню аўтара з двух па праграме.

Запланавана таксама наведванне фальварка Янкі Купалы ў Вязынцы, дзе ля помніка беларускаму класіку паэты зачытаюць вершы, і музея Максіма Багдановіча ў Ракуцёўшчыне. Для маладых кампазітараў наладзяць майстар-клас на тэму беларускай песні і яе ўвасаблення.

Фінальным акордам Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі стане выступленне Дзяржаўнага народнага акадэмічнага хору імя Цітовіча і Дзяржаўнага ансамбля «Песняры».

Даведка «БН»

Фестываль ў Маладзечне ладзіцца раз на два гады з 1993-га. Яго адметная рыса, ці унікальнасць, гэта тое, што на ім гучыць толькі беларускае слова, шырока прадстаўлена нацыянальная паэзія і музыка пакаленняў беларускіх кампазітараў. У розны час на гэтым фестывалі загучалі імёны папулярных сёння выканаўцаў — Ірыны Дарафеевай, Наталлі Тамелы, Вікторыі Алешкі, Ларысы Грыбалёвай…

Таццяна УСКОВА, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter