Прэм’ера брадвейскага мюзікла адкладваецца не па віне тэатра

Да брадвею броду няма

Гэтая навіна з'явілася больш за год таму і была падобна да сенсацыі ў коле культурных людзей. У Мінску ўпершыню задумалі ставіць ліцэнзійны брадвейскі мюзікл Next to Normal («Недалёка ад нормы»). Дзіўнае ў гэтым яшчэ і тое, што за справу ўзяўся не дзяржаўны тэатр, а прыватны — «Тэрыторыя мюзікла». Мы зазірнулі на рэпетыцыю да Дзмітрыя Якубовіча і Анастасіі Грыненка, каб даведацца, чаму так зацягваецца гучная прэм'ера.

Амерыканскі педагог навучыў спяваць нашых артыстаў, як робяць гэта на Брадвеі
Фота Анжалікі ГРАКОВІЧ
Сямейная пара толькі з балю і адразу на карабель. Апошні месяц яны правялі ва Уфе. У мясцовым драматычным тэатры ставілі мюзікл Кіма Брэйтбурга «Дзюймовачка і прынц». Расійскі кампазітар даўно прыкмеціў гэты творчы тандэм. Сем гадоў таму ў нашай музкамедыі ставілі яго «Блакітную камею». Анастасія тады дапамагала рэжысёру, а Дзмітрый выконваў галоўную ролю. Паглядзеў Брэйтбург і ўласныя працы Грыненка: «Прыгоды брэменскіх музыкаў», «Чырвоная Шапачка. Пакаленне next ». Пазней зазірнуў да яе і ўжо ў «Тэрыторыю мюзікла» на «Сабаку на сене». Прысуд абскарджанню не падлягаў: Якубовіч і Грыненка гэтага самага сабаку з'елі на мюзіклах, а таму без праблем даверыў ім новую працу ва Уфе. Тэрміны былі сціслымі, праца няпростай. Гэты спектакль Брэйтбурга музычна не падобны на яго папярэднія: тут шмат розных стыляў, у тым ліку і рок-н-рол. Але беларусы справіліся, а галоўнае — перавялі дух ад Next to Normal.

Хоць, вядома, пра галоўнае дзецішча апошніх гадоў яны наўрад ці могуць забыцца хоць на дзянёк. Гэтая ноша цяжкая, але свая, таму не цягне. Хоць і цягнецца ўжо больш за два гады. Маладому тэатру пастаянна трэба даказваць сваё права на існаванне, таму тут прыдумваюць нешта арыгінальнае і нават ідуць на рызыку. Інакш выпадак з Next to Normal і не назавеш. Так, Анастасія мае досвед працы над праектамі, якія прадстаўляюць брадвейскую музычную культуру. Яшчэ ў 2009-м пры падтрымцы пасольства ЗША ў Беларусі на сцэне Белдзяржфілармоніі адбылася прэм'ера музычнага рэвю «Прывітанне, Брадвей!», а ў 2012-м дзякуючы намаганням творчай каманды пад яе ж кіраўніцтвам у музкамедыі паказалі «Вестсайдскую гісторыю» — першы ў нашай краіне брадвейскі мюзікл, пастаўлены афіцыйна па ліцэнзіі. Але Next to Normal іншы, зусім іншы. Больш за тое, сама Грыненка зрабіла і пераклад з англійскай на рускую, дапамагаў ёй родны брат, які жыве ў Нью-Ёрку. Аляксея, па сутнасці, можна лічыць прадзюсарам гэтай авантуры.

Анастасія ГРЫНЕНКА і Дзмітрый ЯКУБОВІЧ
— Трэба сказаць, што пастаноўка такога спектакля — справа няпростая і нятанная. Наўрад ці наш маленькі тэатр мог бы сам гэта здужаць. Дапамагло сяброўства з амерыканскім пасольствам. Спярша адна аташэ па пытаннях культуры, а зараз і іншая — Рыма Койлер, якая прыехала не так даўно, пранікліся нашай ідэяй. У нас былі два варыянты, што ставіць. Выбралі не камерцыйны, а сацыяльны. Зараз на Брадвеі ў мюзіклы пераносіцца тое, што адбываецца і ў жыцці. Назіраецца зліццё жанраў, гэта ўжо не проста забаўлялаўка. У гэтым мюзікле сюжэт будуецца вакол жанчыны, якая пакутуе біпалярным расстройствам, і паказвае, як хвароба блізкага чалавека адбіваецца на ўсіх, хто знаходзіцца побач.

Першая перашкода на шляху да мэты перад тэатрам паўстала пры афармленні дакументаў на атрыманне гранта. Для Міністэрства культуры такі досвед таксама незвычайны, таму прыйшлося двойчы перарабляць дакументы. Здаецца, усё вырашылася, як здарылася самае страшнае — пайшоў з жыцця амерыканскі агент, які і займаўся ўрэгуляваннем усіх пытанняў. Справу «Тэрыторыі мюзікла» перадалі ў іншыя рукі. З новым агенцтвам, ужо лонданскім, і ўзнікла цяганіна. Каменем спатыкнення стаў пераклад. Ён павінен прайсці тры стадыі ўзгаднення. У гэтым і ўся загваздка. Прычым англічане нікуды не спяшаюцца.

Вядома, творчы калектыў Грыненка не сядзіць склаўшы рукі. За гэты час яны зрабілі некалькі канцэртных праграм і выпусцілі мюзікл «Страсці па Цілю». І пра Next to Normal натуральна не забываюць. Яшчэ мінулай восенню правялі кастынг. Патрэбна была менавіта моладзь. Публіка прыйшла розная. Шукалі не столькі моцных вакалістаў, колькі тых, хто падыходзіў па брадвейскай стылістыцы. Напрыклад, прыйшлося адмовіць цікаваму маладому чалавеку з кансерваторскай адукацыяй і акадэмічным вакалам. Дакладней, яму далі шанц, а пазней ён сам адмовіўся — не спраўляўся. У той жа час да двара прыйшоўся артыст з далёка не выбітнымі вакальнымі данымі, але які вельмі добра адчувае стыль, а галоўнае — прагне вучыцца і развівацца.

А вучыць было каму. Прама з Брадвея ў Мінск прыляцеў вакальны коўч Эндру Бёрн. Нават Дзмітрый Якубовіч, які больш за дваццаць гадоў выходзіў на сцэну музычнага тэатра, зрабіў для сябе адкрыццё:

— Ён нам паказаў абсалютна іншую сістэму гуказдабыцця. У нас прынята спяваць гучна. Каб перакрычаць аркестр. А ў іх ідуць ад ціхага гуку, не перанапружваючы звязкі, а потым паступова паднімаюцца вышэй. Ён навучыў нас прыбіраць лішні фарсаж. Наша гучанне будзе вельмі блізкім да брадвейскага. Да таго ж спектакль будзе ісці ў суправаджэнні музычнага ансамбля.

Здавалася б, рэпеціруйце сабе, шліфуйце ў чаканні ўзгаднення перакладу. Але новая бяда прыйшла, адкуль не чакалі. Анастасія расказвае аб гэтым з усмешкай:

— На ролю дачкі галоўнай гераіні Наталі мы ўзялі адразу пяць дзяўчын. У працэсе рэпетыцый засталіся тры. Крыху пазней яшчэ дзве паведамілі нам, што цяжарныя. У выніку ў нас засталася адна дзяўчына. Падобная гісторыя і з самай галоўнай гераіняй — мамай: першапачаткова ў нас было дзве выканаўцы, адна таксама пайшла ў дэкрэт. Праўда, абедзве Наталі ўжо нарадзілі. Магчыма, яны яшчэ і вернуцца ў спектакль.

— Дык калі нам чакаць прэм'еру? — пытаюся.

— Спадзяюся, у снежні пакажам, — кажа Анастасія.

— А я ўсё ж думаю, што гэта наўрад ці здарыцца раней за студзень, — не згаджаецца Дзмітрый.

Публіка ў чаканні...

ДАРЭЧЫ

У ЗША Next to Normal атрымаў 11 намінацый і 3 вышэйшыя амерыканскія прэміі ў галіне музычнага тэатра TonyAward, а таксама Пулітцэраўскую прэмію ў намінацыі «Драма». Такой прэстыжнай узнагароды мюзікл быў удастоены «За пашырэнне магчымасцей і тэматыкі самога жанру». На Брадвеі ён вытрымаў больш за 700 прадстаўленняў.

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter