В Гродно в 2021 году откроют новый четырехполосный мост через Неман

Да берага ракой падаць

У Гродне пачалася рэканструкцыя былога чыгуначнага моста пад чатырохпалосны аўтамабільны з выхадам да аўтамагістралі М-6. Перабудова з'яўляецца чаргой больш маштабнага праекта — будаўніцтва часткі вялікага аб'язнога кольца. Дадзены ўчастак павінен звязаць Вішнявец, Дзевятоўку і новы буйны мікрараён Грандзічы, які пачаў актыўна забудоўвацца. У першую чаргу будаўніцтва ўваходзіць таксама падаўжэнне вуліцы Паўднёвай праз мост да трасы М-6, які рэканструюецца. 

Чацвёрты мост пазбавіць горад ад затораў. 
Фота БЕЛТА

Унікальны праект

Аднакалейны мост знаходзіцца за кіламетр ад вёскі Кашэўнікі і на такой жа адлегласці ад трасы Мінск — Гродна. Зараз тут вахтавым спосабам працуюць дзясяткі будаўнікоў, дарожнікаў і энергетыкаў. 

— Гэта першы вопыт увасаблення ўнікальнага праекта па перабудове вузкакалейнага чыгуначнага моста ў паўнавартасны аўтамабільны, — расказаў дырэктар Гродзенскага філіяла ААТ «Мостабуд» Яраслаў Жылінскі. — Праекціроўшчыкі УП «Інстытут Гроднаграма-дзянпраект» знайшлі спосаб рэканструкцыі, які дазволіць значна паменшыць кошт будаўніцтва. Рабочыя прыйшлі сюды два месяцы таму. За гэты час абсталяваны пад'язныя шляхі, будаўнічыя пляцоўкі. На месцы працуюць адразу некалькі будаўнічых арганізацый вобласці. Пры гэтым на беразе з боку Вішняўца заняты дарожнікі з Ваўкавыска, а на супрацьлеглым баку — з Ліды. Генпадрадчык — ААТ «Мостабуд», заказчык — УКБ Гродзенскага аблвыканкама. Будаўнікі пачалі разбіраць непасрэдна канструкцыі моста. Ужо дэманціраваны будкі вартавых і бетонныя пралёты з боку двух берагоў. Гродзенскае прадпрыемства «Свідравіна» ў раёне першай апоры моста забіла больш за 90 тон шпунтоў на розныя глыбіні. Гэта дазволіць умацаваць берагавую лінію ад абвальвання зямлі. Такі вопыт прадпрыемства набыло на будаўніцтве Гродзенскай ГЭС і пры ўмацаванні схілаў Старога замка. Каля шостай апоры ўжо можна бачыць, як майструюць габіёны — канструкцыі з металічнага сеткаватага каркаса, запоўненага камянямі. З дапамогай габіёнаў умацоўваюць бераг, схілы насыпаў і пагоркаў.

Праект «Рэканструкцыя чыгуначнага моста пад аўтамабільны з транспартнымі падыходамі» прадугледжвае з'яўленне чатырох кіламетраў пад'язных дарог з рухам па чатырох палосах. На гэтым участку з'явіцца шэсць падземных пешаходных пераходаў. Першы пабудуюць у раёне перасячэння праспекта Янкі Купалы і вуліцы, якая праектуецца да моста. Яшчэ адзін з'явіцца ўжо за мостам, у раёне дачных садовых таварыстваў. Таксама пабудуюць двайны пуцеправод праз сеткі ААТ «Гродна Азот». 

Прараб МБУ № 7 ААТ «Мостабуд» Аляксей АУТКО і рабочы Дзмітрый ХАСАНАЎ.

Частка кальцавой магістралі

Перабудова моста павялічыць яго шырыню з 4,5 метра да 17,5, даўжыня складзе больш за 240 метраў, сярэдняя вышыня ад узроўню вады — 32 метры. Для надання абноўленаму мосту прыгажосці на берагах будзе зроблена дэкаратыўнае брукаванне з каменя. Праектам прадугледжаны па дзве паласы руху ў кожны бок, шырокія і камфортныя тратуары, веладарожка. 

— Унікальнасць праекта ў тым, што на былыя бетонныя апоры надзенуць металічныя саркафагі, пры гэтым будзе выкарыстана ўсяго сем з дзевяці існуючых апор, — расказаў Яраслаў Жылінскі. — Побач з пойменнымі апорамі ўсталююць дадатковыя металічныя стойкі для павелічэння апорнай здольнасці. Рэчышчавыя пралёты будуць пераабсталяваны без узмацнення апорных здольнасцей. Самым складаным будзе дэманціраваць 65-метровую металічную канструкцыю, якой каля 40 гадоў. Праект цікавы і тым, што спачатку на апорах, якія існуюць, амаль цалкам пабудуюць новы мост, і толькі пасля гэтага будуць дэманціраваны пралётныя пабудовы старога. Нарматыўны тэрмін будаўніцтва — 23 месяцы. Аднак мы плануем адкрыць рух па новым мосце да 3 чэрвеня 2021 года. Арыенціровачна на рэканструкцыю будзе выдаткавана каля 70 мільёнаў рублёў.

ААТ «Мостабуд» упершыню рэканструюе чыгуначны мост пад аўтамабільны.

Новая гарадская магістраль дазволіць істотна разгрузіць іншыя вуліцы і тры дзеючыя масты цераз Нёман. Чатырохкіламетровы ўчастак дарогі стане часткай вялікай кальцавой магістралі, якая павінна з'явіцца да 2030 года. Ад М-6 дарогу выведуць на праспект Касманаўтаў, адтуль — на вуліцу Карскага, а затым — праз вуліцу Лапянкоўскую ў мікрараён Грандзічы. З'яўленне чацвёртага аўтамабільнага моста дазволіць закрыць на рэканструкцыю мост на Паповіча, які не бачыў капітальнага рамонту амаль 50 гадоў — з моманту яго будаўніцтва ў 1970-х. Згодна з генпланам яго плануюць пашырыць з чатырох да шасці палос. На час работ трэба будзе цалкам перакрыць рух. 

kondratieva@sb.by

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter