Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Доктар медыцынскіх навук Мікалай Дрынеўскі, патрыярх курорта Еўпаторыя, раптоўна памёр у Мінску 27 красавіка, прыехаўшы ў госці да беларускай радні

Да бацькоў. Назаўсёды…

Вельмі цяжкая для нас, беларусаў крымскага горада Еўпаторыя, гэтая страта. І такая нечаканая. Зусім нядаўна, 25 красавіка, святкавалі мы разам 80-гадовы юбілей Мікалая Паўлавіча. Наступным днём, 26-га, выехаў ён у Беларусь — да радні, да свайго знакамітага брата-дырыжора, народнага артыста Беларусі Міхаіла Дрынеўскага. А 27 красавіка памёр у Мінску: кажуць, здало сэрца, і ён упаў прама на вуліцы… Заехаў, мы ведаем, да брата перад паездкай на сваю малую радзіму — гэта палеская вёска Тонеж, што ў Лельчыцкім раёне. Там наш старэйшы сябар і пахаваны — ягоная магіла, паведамілі родзічы, побач з магілай бацькоў.

Мікалай Дрынеўскі на юбілеі
Пра тое, як у нас адзначалі юбілей прафесара, доктара медыцынскіх навук, ганаровага грамадзяніна горада Мікалая Дрынеўскага, ёсць інфармацыя на афіцыйным сайце горада “Моя Евпатория”. 25 красавіка на святкаванні 80-годдзя я чытала паважанаму земляку ягоны любімы верш “Спадчына”, падарыла часопісы “Крым—Беларусь”, дзе й пра яго друкаваліся матэрыялы. Падарыла таксама беларускія сувеніры, букет з беларускім сцяжком. А Мікалай Паўлавіч 20 гадоў быў сябрам Беларускага таварыства Еўпаторыі, якое цяпер мае назву: Беларуская нацыянальна-культурная аўтаноміія “Крым—Беларусь”.

Ёсць ён і на здымку ў газеце “Голас Радзімы” — сярод удзельнікаў акцыі “Букет дружбы”, пра якую мы пісалі (“Радасць сяброўскіх сустрэч” — ГР, 12.04.2018). Да таго ж я рыхтую інтэрв’ю з Мікалаем Паўлавічам — на жаль, апошняе… Размаўляла з ім 25 красавіка на юбілеі. Ён цёпла гаварыў пра бацькоў, сваю сям’ю, месца Бацькаўшчыны ў ягоным жыцці — спадзяюся, і чытачам “Голасу Радзімы” будзе цікава пра тое пачытаць. Да таго ж наш зямляк быў вялікі працаўнік: стаж бесперапыннай працы ў медыцыне ў яго быў — 62 гады, з іх 52 у Еўпаторыі. Гэта ён сам палічыў і мне сказаў. А святочная імпрэза, дзе яго ўшаноўвалі, называлася ў нас: навуковыя чытанні, прысвечаныя 80-годдзю Мікалая Паўлавіча Дрынеўскага. Дарэчы, ён быў акадэмікам —сапраўдным членам Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі.

Дзіна Шаўчэнка, г. Еўпаторыя

Голас Радзімы № 17 (3569), пятніца, 11 мая, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter