Падарожнічаем па малой радзіме вялікіх кампазітараў

Да Агіньскага на кубачак кавы

Родныя мясціны — хуткаплынная рэчка, дуб на ўскрайку вёскі альбо гняздо бусла на страсе хаты — натхняюць многіх творцаў. Кампазітары не выключэнне. Мясціны, дзе нарадзіліся, жылі ці працавалі вядомыя беларускія кампазітары, так ці іначай уплывалі на іх свядомаць і творчасць. А значыць, каб лепш іх зразумець ды адчуць іх музыку, нядрэнна пабываць на іх малой радзіме, тым больш там ёсць што паглядзець.

Малюнак Алега Карповіча

Паланэз з Паўночных Афін

Адрэстаўраваная сядзіба Міхала Клеафаса Агіньскага ў Залессі Смаргонскага раёна — зіхатлівы белы карабель у шэрым полі — здалёк прываблівае
турыстаў. Хоць Агіньскі (1765—1833) і нарадзіўся недалёка ад Варшавы, ушаноўваць памяць вядомага кампазітара і палітычнага дзеяча прыязджаюць, як правіла, сюды, у Залессе, дзе ён жыў з 1802 па 1806 год. Менавіта гэтыя мясціны натхнялі яго на стварэнне музычных твораў, у тым ліку вядомага на ўвесь свет паланэза “Развітанне з Радзімай”.

Доўгія дзесяцігоддзі сядзіба Агіньскага парастала травой і хмызняком. Аднак некалькі гадоў таму Паўночныя Афіны, як ахрысцілі ў свой час гэта месца, зажылі, як і пры гаспадары, які напісаў шмат опер, скрыпічных п’ес, рамансаў, паланэзаў. Дарэчы, ён быў знаёмы з самім Паганіні. Агіньскі любіў арганізоўваць вечарыны ў Залессі. Пасля рэстаўрацыі сядзібы тут зноў грае музыка, ладзяцца балі, адбываюцца літаратурныя вечарыны і тэатральныя прадстаўленні. У сядзібе працуе 13 залаў. Ёсць і ўласная аранжарэя. Як і пры жыцці кампазітара, тут вырошчваюць рэдкія кветкі, апельсіны, лімоны, фінікавыя пальмы, персікі. Таму прыехаць у Залессе варта не толькі каб паслухаць музыку, але і каб паглядзець на экзатычныя расліны альбо выпіць кубачак кавы пасярод высокіх белых калон у былой знакамітай летняй сталовай Агіньскага.

Гасцінная гасціная

“Тут, у фальварку Убель, 5 мая 1819 года нарадзіўся вялікі польскі кампазітар Станіслаў Манюшка”, — такія словы можна прачытаць на абеліску на Чэрвеньшчыне. Гэты абеліск з’яўляецца адзіным сімвалам малой радзімы слыннага
кампазітара, дырыжора і заснавальніка нацыянальнай класічнай оперы. Не захаваліся да нашых дзён ні сядзібны дом, ні капліца-ўсыпальня, ні гаспадарчыя пабудовы сям’і Манюшка. Хіба нейкія дрэвы яшчэ памятаюць, як па ўбельскай зямлі бегалі да 11 гадоў ножкі малога Стася. Але яны маўклівыя сведкі. Затое шмат могуць расказаць у новай Музычнай гасцінай Станіслава Манюшка.

Гасціная — своеасаблівы нашчадак музея Манюшкі, адкрытага яшчэ ў 1969 годзе ў пасёлку Азёрны Чэрвеньскага раёна. Некалькі дзесяцігоддзяў музей цясніўся ў сценах Азёрнаўскай школы, але ў 2014 годзе гэты будынак набыў інвестар — музею прыйшлося шукаць новы прытулак. Напрыканцы мінулага года нарэшце адсвяткавалі наваселле — у былой Школе мастацтваў у гарадскім пасёлку Смілавічы запрацавала Музычная гасціная Станіслава Манюшка. Цяпер сюды можна схадзіць, каб вывучыць прадметы музейнага пакоя, прысвечанага знакамітаму земляку, наведаць утульную камерную залу і паслухаць музыку вялікага кампазітара, на рахунку якога больш за 400 твораў. Але, вядома, яго галоўная заслуга — стварэнне традыцый нацыянальнай беларускай і польскай опер.

Прыехаўшы ў Смілавічы, варта не прапусціць магчымасць і наведаць музей яшчэ аднаго знакамітага ўраджэнца гэтых мясцін — “Прастору Хаіма Суціна”.

Вёска, напоўненая музыкай

Сёння ў аддаленай палескай вёсцы Варацэвічы Іванаўскага раёна пражывае чатырыста жыхароў. Затое турыстаў з нядаўніх часоў бывае па некалькі тысяч у год! Месца прыцягнення — Музейны комплекс Напалеона Орды. Экспазіцыя знаёміць з сям’ёй кампазітара, яго радавым маёнткам, асноўнымі этапамі творчасці. У музеі шмат рэпрадукцый акварэляў, малюнкаў, літаграфій — многім Напалеон Орда (1807—1883) больш вядомы як мастак, ён стварыў звыш 1150 акварэляў і графічных работ. Што датычыцца музычнай гісторыі, то Орда браў урокі кампазіцыі і ігры на фартэпіяна ў саміх Фрэдэрыка Шапэна і Ферэнца Ліста. У яго музычнай скарбонцы — некалькі дзясяткаў твораў. Ён з’яўляецца аўтарам паланэзаў, мазурак, вальсаў, накцюрнаў.

На малой радзіме вельмі шануюць слыннага земляка. У раённай бібліятэцы створаны мемарыяльны пакой у яго гонар, імем Напалеона Орды названыя адна з вуліц горада і дзіцячая школа мастацтваў. У Іванава ўсталяваны адзіны ў Еўропе помнік кампазітару і мастаку, а ва ўрочышчы Чырвоны Двор аднаўляюць сядзібны дом Орды. Вядома, што і сам кампазітар з цеплынёй адносіўся да роднай зямлі, нездарма завяшчаў пахаваць яго ў фамільным склепе ў Іванава.

Сядзіба муз і рамёстваў

Дудуткі ў Пухавіцкім раёне сёння ведаюць у першую чаргу як музейны комплекс старажытных народных промыслаў і тэхналогій, дзе могуць навучыць каваць падкову і выразаць з дрэва, прапануюць пакаштаваць духмянага хлеба і хатняга сыру.

І далёка не ўсё здагадваюцца, што гэта таксама малая радзіма вядомага кампазітара, скрыпача, публіцыста, фалькларыста і музычна-грамадскага дзеяча Міхала Ельскага (1831—1904).

Шляхецкі маёнтак у Дудзічах належыў роду Ельскіх з ХVIII стагоддзя. Многія яго прадстаўнікі валодалі музычным талентам. Дзед Міхала Станіслаў быў у далёкім сваяцтве з кампазітарам Міхалам Казімірам Агіньскім, любіў музыку і музыцыраваў сам. Здольнасці Станіслава перадаліся сыну Каралю, які атрымаў прафесійную падрыхтоўку і ператварыў Дудзічы ў “сядзібу муз” і, вядома, унуку Міхалу. Ён праславіўся ў першую чаргу як скрыпач-віртуоз, у яго рэпертуары былі творы Баха, Гайдна, Моцарта, Бетховена, Шпора і іншых кампазітараў. Напісаў каля 100 музычных твораў, у тым ліку два скрыпічныя канцэрты, серыю фантазій, варыяцыі, паланэзы, канцэртныя мазуркі.

На жаль, спадчына Ельскіх у Дудзічах была знішчана падчас першай і другой сусветных войнаў. Ад багатага маёнтка ў 1940—1980 гады засталіся толькі парк з рэшткамі вадзянога млына. Яшчэ праз некалькі дзесяцігоддзяў пра гісторыю гэтай сядзібы і роду Ельскіх не маглі ўспомніць нават старажылы. Не падазравалі аб гістарычнай вядомасці Дудзічаў і новыя гаспадары гэтай зямлі, якія стварылі тут у 1994 годзе Музейны комплекс “Дудуткі”. Паступова адкрыліся невядомыя факты з гісторыі мясцовасці, і сёння ў комплексе папулярызуюць не толькі беларускія народныя рамёствы, але і жыццё шляхецкай сядзібы, творчасць яе гаспадароў.

Опера на Замкавай гары

Можа, і няправільна называць Мсціслаў малой радзімай Мікалая Чуркіна, які нарадзіўся 21 мая 1869 года ў далёкай Арменіі, але тут вядомага кампазітара і фалькларыста адназначна лічаць сваім. Менавіта ў Мсціславе пачынаецца беларуская гісторыя Чуркіна. Перад тым як трапіць сюды ў 1914 годзе, Мікалай Мікалаевіч паспеў ужо папрацаваць у Баку, Коўне, Вільні. У Мсціславе Чуркін уладкаваўся ў настаўніцкую семінарыю. Але тут ён не толькі выкладаў — кіраваў мастацкай самадзейнасцю, ствараў новыя хоры і аркестры, адшукваў таленавітых спевакоў і музыкаў. Пазней кампазітар працаваў яшчэ ў Магілёве і Мінску, але кажуць, што менавіта Мсціслаўшчына дала той творчы імпульс, які дазволіў яму, ураджэнцу Арменіі і выхаванцу Расіі, стаць сапраўдным класікам беларускага музычнага мастацтва і заснавальнікам беларускай нацыянальнай кампазітарскай школы.

За сваё доўгае жыццё Мікалай Чуркін сабраў больш за 3 тысячы мелодый песень і танцаў розных народаў, стварыў больш за сто рамансаў, каля 20 сюіт і мноства іншых музычных твораў. Яго пяру належыць опера “Раскіданае гняздо” і нацыянальная опера “Вызваленне працы”, якая была пастаўлена ў 1922 годзе сіламі мсціслаўскай самадзейнасці. У Мсціславе і сёння ўшаноўваюць памяць кампазітара — штовосень па ініцыятыве Міхаіла Фінберга тут праводзіцца Фестываль мастацтваў імя народнага артыста Беларусі Мікалая Чуркіна. Форум прыцягвае ў Мсціслаў гасцей з розных куткоў краіны, бо дазваляе не толькі паслухаць музыку, але і натхніцца неверагоднымі краявідамі горада — Замкавай гарой, ансамблем езуіцкага калегіума XVIII стагоддзя, гарадской забудовай ХІХ—ХХ стагоддзяў і іншымі цікавосткамі.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter